Галоўны атрыбут Новага года — упрыгожаная ёлка, якую ўсе імкнуцца прыбраць паводле модных тэндэнцый. Пры гэтым, у многіх захаваліся ёлачныя ўпрыгожанні «ад бабулі». Толькі ўзгадайце, якое чараўніцтва пачыналася, калі з далёкай паліцы даставалася тая самая скрынка…
Калісьці галоўным святам быў не Новы год, а Каляды. Таму ёлачныя цацкі канца XIX – пачатку ХХ ст. звязаны з біблейскімі сюжэтамі: фігуркі анёлаў, калядныя званочкі, зоркі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі калядная ёлка была адменена як буржуазны перажытак, аднак у лістападзе 1935 года савецкі дзяржаўны дзеяч Павел Постышаў прапанаваў арганізаваць свята для савецкіх дзяцей: «Зладзім добрую савецкую ёлку ва ўсіх гарадах і калгасах!».
З часам свята запатрабавала новых атрыбутаў. Традыцыйную Віфлеемскую зорку на верхавіне ёлкі замяніла пяціканцовая «крамлёўская». Святочныя ўпрыгожанні заўсёды адпавядалі рэаліям дня. Напрыклад, існавала серыя цацак «Агітацыя» – з чырвонаармейцамі і матросамі. Перад самай вайной на змену ім прыйшлі іншыя, больш мірныя, персанажы.
Асаблівую павагу выклікаюць цацкі ваеннага часу. Нягледзячы на нягоды, людзі ўсё ж прыбіралі ёлкі. Нават у блакадным Ленінградзе для дзетак ладзілася свята — з Дзедам Марозам і Снягуркай, з ёлкай, са святочным пачастункам. Няхай гэта быў проста дадатковы кавалак хлеба, але ён станавіўся саладзейшым за самыя лепшыя цукеркі.
У гады вайны з’явіліся Дзяды Марозы з аўтаматамі і ў шапках-вушанках, Снягуркі з санітарнымі сумкамі, а таксама кранальныя самаробныя цацкі з перагарэлых электрычных лямпаў, стрэляных гільзаў, размаляваных ампул ад лекаў.
Навагоднія цацкі, як перадавіцы газет, перадавалі тое, чым жыў, чаму радаваўся, аб чым марыў савецкі народ. Лётчыкі, палярнікі, героі-пагранічнікі, а таксама персанажы папулярных фільмаў шырока выпускаліся пасля выхаду ў пракат таго ці іншага фільма. Напрыклад, калі выйшаў фільм «Цырк», з’явіліся ёлачныя цацкі — клоўны, гімнасты, дрэсіраваныя сабачкі.
Яшчэ адзін кінематаграфічны навагодні подых — ёлачныя цацкі ў выглядзе гадзіннікаў, якія паказваюць без пяці мінут дванаццаць, пра якія спявае гераіня Людмілы Гурчанкі з фільма «Карнавальная ноч».
Цацкі выпускаліся серыямі, прысвечанымі, напрыклад, героям казак.
У далікатных ёлачных упрыгожваннях, як у люстэрку, адбівалася гісторыя краіны: і першы спадарожнік, і Белка са Стрэлкай, і касманаўты — усё гэта можна было ўбачыць на святочным навагоднім дрэве.
У 1970-я гады вытворчасць ёлачных цацак стала масавай, іх пачалі вырабляць яркімі і бліскучымі, але разам з тым упрыгожванні страцілі сваю індывідуальнасць, скульптурнасць формы, з намаляваных вочак знік выраз. На змену мішкам, вавёрачкам, зайчыкам, чалавечкам прыйшлі безаблічныя ледзяшы, ільдзінкі і ліхтарыкі…
Сёння старыя савецкія ёлачныя цацкі з’яўляюцца прадметам калекцыянавання. Шмат увагі надаюць ім і ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». З 26 снежня па 9 студзеня ў нас будзе праходзіць выстава «Ялінкіна свята». Хто цікавіцца гісторыяй савецкіх навагодніх цацак ці проста хоча ўспомніць дзяцінства, запрашаем да нас у госці!
З надыходзячым Новым годам, сябры!
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»