У Пружанскім палацыку пачала сваю работу выстава карт XV-XVIII стагоддзяў з калекцыі Беларускага геаграфічнага таварыства. Гэта выстава прымеркавана да 70-годдзя Беларускага геаграфічнага таварыства, 90-годдзя факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі і 55-годдзя кафедры геадэзіі і космааэракартаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Ва ўсе часы картаграфічныя творы служылі першакрыніцамі ведаў аб геаграфічнай вывучанасці тэрыторый Зямлі. Задача картографаў зводзілася да падсумоўвання ўяўленняў аб навакольнай зямной паверхні, у канчатковым выніку яны перадавалі нам сваё бачанне свету.
Карты, якія дэманструюцца, даюць нагляднае ўяўленне аб беларускіх землях і дазваляюць скіраваць позірк у мінулае развіцця ўяўленняў аб геаметрызацыі і арганізацыі прасторы ў Беларусі.
Ход гісторыі картаграфавання беларускіх земляў непарыўна звязаны з гісторыяй развіцця картаграфіі як Заходняй Еўропы, так і Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і СССР. Першапачаткова тэрыторыі беларускіх земляў на аўтэнтычных гістарычных картах з цяжкасцю вызначаюцца ў сучаснай лакалізацыі і ў той жа час служаць першымі картаграфічнымі крыніцамі аб тэрыторыі нашых продкаў, адлюстроўваюць працяглы шлях этнічнага развіцця, падчас якога тэрыторыю цяперашняй Беларусі засялялі розныя народы, і кожны з іх зрабіў свой уклад у нашу гісторыю. Карты тых часоў былі схематычныя, мелі значныя скажэнні і часам памылкі. Ствараліся яны як па ініцыятыве саміх аўтараў карт, так і па заказе тагачасных магнатаў.
З часам карты сталі сродкам умацавання дзяржаўнасці і ваенна-палітычнай бяспекі, застаючыся сродкам назапашвання ведаў, а таксама незаменным спадарожнікам падчас падарожжаў.
Стварэнне больш дакладных карт заняло працяглы і даволі цяжкі перыяд часу і ішло непарыўна з развіццём геадэзічных прыбораў, выкананнем здымкаў з лятальных апаратаў, удасканаленнем камп‘ютарных тэхналогій і геаінфармацыйных картаграфічных праграмных прадуктаў.
Пра ўсё гэта можна даведацца падрабязней, наведаўшы выставу да 23 верасня.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»