У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адбылося адкрыццё персанальнай выставы Лаліты Шыш «Рэтраспектыва станаўлення».
Дзіцячыя гады маладой мастачкі прайшлі ў г.п. Шарашэва. Тут яна не толькі атрымлівала агульную сярэднюю адукацыю, але і вучылася ў мастацкай і музычнай школах. У Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу і адбылася яе першая персанальная выстава.
Спіс перамог і атрыманых дыпломаў у разнастайных конкурсах дастаткова вялікі. У прыватнасці, Лаліта Шыш стала лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Моладзь і дзеці ў гады Другой сусветнай вайны» ў намінацыі «Малюнак», атрымала дыплом І ступені ў намінацыі «Архітэктура парку» ў раённым конкурсе-пленэры «Пружанскі палацык». Мастачка прымала ўдзел у выставах у Беларусі, Расіі, Германіі, і цяпер шэраг яе работ захоўваецца ў прыватных калекцыях.
У 2018 годзе Лаліта Шыш атрымала дыплом Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава, далей была вучоба ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
На выставе «Рэтраспектыва станаўлення» прадстаўлены разнапланавыя работы — ад эскізаў да паўнацэнных завершаных твораў. Пры гэтым нельга сказаць, што аўтар працуе ў якой-небудзь адной тэхніцы. Лаліта ўвесь час імкнецца да выпрацоўкі новых навыкаў, эксперыментуе ў вобласці графікі, камп’ютарнай графікі, жывапісу. Мастачка ў гэтым бачыць развіццё творчага патэнцыялу, шукае новыя рашэнні ў кампазіцыйнай пабудове твораў.
Наведаць выставу можна да 25 лютага.
Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»