Четверг, 16 января 2025

«Высокая мода» для любой пароды. Разбіраліся, ці трэба апранаць сабак

475

Восень доўга радавала нас цёплым надвор’ем, але ж наступленне халадоў непазбежна. Кожны чалавек ведае, што, каб быць здаровым, трэба, у тым ліку, апранацца па надвор’і. А вось апранутыя сабакі – даніна модзе ці неабходнасць? Сёння разгледзім гэтае пытанне, а таксама пагаворым аб асноўных момантах догляду за імі ў зімні перыяд.

Каго апранаць?
Адзенне для ўцяплення неабходна караткашэрсным сабакам і сабакам дэкаратыўных парод. Але не варта прыбіраць сабаку «па змоўчанні» — важна сачыць за яго станам на марозе і нават загартоўваць, каб гадаванец мог вытрымліваць нядоўгую прагулку без дадатковых аксесуараў. Стан сабакі можна вызначыць па тэмпературы вушэй. У норме яны ледзь прахалодныя, а таму варта бегчы за абноўкай, калі вы заўважылі, што вушы сабака становяцца ледзянымі.


Апрананне кудлатых сабак таксама не трэба лічыць празмернасцю. У гэтым выпадку вы аблегчыце жыццё не толькі гадаванцу, але і сабе. Уладальнікі такіх сабак ведаюць, як цяжка адмываць доўгую шэрсць пасля чарговай прагулкі, таму таксама купляюць вопратку, але не тую, што ўцяпляе, а ахоўную. Непрамакальныя камбінезоны ў выпадку непагадзі выдатна засцерагуць ад вільгаці і не дазволяць дажджу намачыць густую шэрсць на спіне якога-небудзь валасатага колі, які пасля будзе занадта доўга сохнуць.

Важна пры гэтым не ўмешвацца ў натуральны цеплаабмен і выбіраць адзенне з тэхналагічных матэрыялаў, якія добра прапускаюць паветра.
Магчыма нехта здзівіцца, але некаторым чацвераногім сябрам неабходна абарона і ад сонца. Гаворка ідзе пра сабак без шэрсці, чыя скура здольная абгарэць пад ультрафіялетам. Іх трэба апранаць у лёгкія футболкі, каб без праблем гуляць у летнюю спякоту.

Але ў любым адзенні сабаку павінна быць зручна. Праверце, ці не праходзяць выпуклыя швы па далікатных месцах тулава. Каратканогім і занадта энергічным жывёлам, хутчэй за ўсё, будзе лепш у гуньцы (попонке). У яе няма рукавоў, і сядзіць яна дастаткова свабодна, каб не скоўваць рух. Але калі сабака любіць гуляць у снезе, пад гунькай без каўняра за час прагулкі могуць утварыцца цэлыя гурбы, што таксама не спрыяе сабачаму камфорту.

Каго абуваць?
Чаравікі і боты трэба купляць, калі ёсць рэальная небяспека пашкодзіць жывёле лапы рэагентамі або дакладна вядома, што сабака не можа нармальна гуляць, таму што ўвесь час падціскае заледзянелыя лапы. Ад халадоў дапамогуць уцепленыя непрамакальныя чаравікі. Яны ж абароняць ад рэагентаў.
Памятайце, што апранаць сабаку ў зручнае адзенне можна і для прыгажосці, а вось абуваць – толькі па неабходнасці.

А ці ведаеце вы, што:
— З дапамогай вопраткі можна змяніць стаўленне навакольных да вашага гадаванца. Сабака “грознай” пароды ў вопратцы ці проста з мілым аксесуарам выглядае больш міралюбівым.
— Некаторае сабачае адзенне мае тэрапеўтычны эфект. Многія жывёлы баяцца гучных выбухаў, якіх асабліва многа ў навагоднія святы. Такім сабакам дапамогуць гунькі тыпу thundershirt або любая аблягаючая футболка ці талстоўка. У падобнага адзення ёсць так званы эфект заспакойлівых абдыманак.


Найбольшы выбар вопраткі і абутку для жывёл у Пружанах мы знайшлі ў магазіне “Лемур”, які знаходзіцца на вул. Тармасава, 4.
Тэлефон для даведак: +37529-225-60-46.

Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.