Рыхтуй сані летам, а воз зімой — народная мудрасць, якой карыстаюцца ў тым ліку работнікі Пружанскага КУВП «Камунальнік». І сапраўды, ад іх своечасовых намаганняў залежыць, ці будуць наш горад і раён чыстымі, утульнымі і, вядома, прыгожымі.
Якраз з гэтай мэтай і працуе ўчастак «Дапаможны». Як расказала яго начальнік Юлія Ахрымук, у апошнія дні восені ў спісе работ у тым ліку высадка цыбулін нарцысаў і цюльпанаў. За гэтым і застала наш фотакарэспандэнт брыгаду камунальшчыкаў каля Пружанскага райвыканкама. Насенны матэрыял цюльпанаў «Камунальнік» закупляе. Колеравая гама любімых вясновых кветак — жоўтыя, чырвоныя і малінавыя. Клумбы з цюльпанамі і нарцысамі размесцяцца як ужо ў звыклых для гараджан месцах, так і на кальцы.
Клапоцяцца работнікі зялёнага будаўніцтва пра расліны ў горадзе і раёне. Зараз вядуць абрэзку дрэў і кустоўя, прыводзяць у парадак газоны. Зіма звычайна — час невялікага перапынку і адпачынкаў, хаця ніхто не адмяняў дапамогу з падсыпкай тратуараў.
Пачалі ўжо рыхтавацца і да навагодніх свят. Спойлер: прыгожая фотазона побач з «Камунальнікам», якую так упадабалі ў мінулым навагоднім сезоне жыхары і госці Пружан, вернецца. Па словах Юліі, зараз працуюць і над навінкамі. Над якімі? Пакуль пакінем у сакрэце.
У чарговы раз хочацца нагадаць: ці не будуць намаганні камунальшчыкаў дарэмнымі, залежыць ад кожнага з нас. Давайце паважаць працу іншых, і тады вясной і летам нас будуць радаваць цудоўныя клумбы, а ўзімку — яркія інсталяцыі ад пружанскага «Камунальніка».
Уладзіслаў Шпарла
Фота Кацярыны Масік