Воскресенье, 19 января 2025

Вырошчванне хлеба — справа няпростая. Рэпартаж з «КЗСВ-40» ААТ «Велікасельскае Агра»

995

Калі гаворка заходзіць пра жніво, чамусьці ўспамінаецца народная казка «Лёгкі хлеб». Нашы мудрыя продкі ў ёй літаральна на пальцах паказалі тэхналогію вырошчвання збожжа. Зразумела, што з таго часу змянілася многае, і зараз работу аграрыяў у вялікай ступені спрашчае магутная тэхніка.

Але ж вырошчванне ўраджаю па-ранейшаму застаецца складаным і працаёмкім працэсам. Ад зярнятка, кінутага ў зямлю, да бохана хлеба на стале праходзіць не адзін месяц. Смаката апошняга ва многім залежыць ад якасці работы хлебаробаў. Ведаюць пра гэта ў ААТ «Велікасельскае Агра».

Масавае жніво ў ААТ «Велікасельскае Агра» завяршылі на мінулым тыдні. Галоўны аграном С.С.Субота прызнаецца: ураджай мог быць куды большым, калі б вільгаці культурам хапала.

— Сёлета выдалася халодная вясна. Ападкаў мала. Катастрафічна не даставала вільгаці і ў перыяд наліву зерня. Вынік гэтага: паклалі ў засекі раёна амаль 11 тыс. тон збожжа. Летась намалот склаў больш за 15 тыс. тон, — расказаў Сяргей Сяргеевіч.

На 2312 гектарах, якія былі заняты збожжавымі і зернебабовымі, шчыравала дзевяць камбайнаў. Сем з іх – беларускай вытворчасці, гэта «КЗС-12» і «КЗС-10». Адзін камбайн расійскі – ACROS. І, нарэшце, яшчэ адзін – новенькі «Lexion 740». Яго даверылі Вадзіму Кісялевічу і Цімафею Мелешу. І не прагадалі. Як мы ўжо расказвалі, менавіта гэтыя работнікі першымі ў вобласці намалацілі тысячу тон збожжа і сталі ўпэўненымі лідарамі сярод маладзёжных экіпажаў. Канчатковы вынік экіпажа – больш за 2350 тон. Усяго ж у гаспадарцы на жніве-2021 перасягнуць тысячны намалот здолела сем экіпажаў з дзевяці.

Важным звяном у хлебаўборачным ланцужку з’яўляюцца зернетокі. Гэта ў казцы збожжа сушыла сонейка. У рэальнасці ўсё куды складаней. На «КЗСВ-40» падчас уборачнай кампаніі работа не спыняецца круглыя суткі. Адзін з тых, хто завозіць сюды збожжа, — вадзіцель Сяргей Сунік. У «Велікасельскім» мужчына крыху больш за два з паловай гады. Зарэкамендаваў сябе добра, нядаўна перасеў на новенькі «МАЗ».

— Зразумела, што працаваць на новым аўтамабілі прыемна. У гэтым «МАЗе» ёсць кандыцыянер, ды і магутнасці куды большыя, — дзеліцца Сяргей Мікалаевіч, пакуль выгружалася збожжа з кузава яго аўтамабіля.

За далейшы лёс збожжа адказваюць машыністы «КЗСВ-40». Шосты сезон на зернетоку Дзмітрый Сямашка. Цяпер ён – старшы аператар. У абавязкі, зразумела, уваходзіць кантроль за якасцю.

— Калі зерне вільготнае, мы яго сушым, даводзім да аптымальнай вільготнасці ў 13-14%. Калі сухое, то сартуем і чысцім, — апавядае пра тэхналогію Дзмітрый Генадзьевіч. — Магутнасці комплексу, які, дарэчы, пабудаваны дванаццаць гадоў таму, дазваляюць перапрацоўваць да 40 тон збожжа ў гадзіну. У гэтым сезоне перапрацоўвалі да 300-400 тон зерня за змену. Пры добрым ураджаі ў мінулыя гады даходзіла да тысячы.

Увогуле, калектыў «КЗСВ-40» апошнія тры гады займаў першае месца ў раёне на дапрацоўцы збожжа. Калі ж лідарства захаваць не ўдавалася, то з тройкі звычайна не выпадалі. Утрымаць добрыя пазіцыі будуць імкнуцца і далей.

Тут жа, на зернетоку, мы сустрэліся з аграномам-насенняводам. Андрэй Аляксандравіч Кароль таксама кантралюе працэс на КЗС і складах.

— Сельская гаспадарка – гэта адна з важнейшых сфер эканомікі. Краіна ж у нас аграрная. А лёгкага хлеба, ведаеце, не бывае. Калі ты будзеш аддавацца працы, укладваць усе сілы у поле, то і яно аддзячыць табе добрым ураджаем, — кажа Андрэй Аляксандравіч.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік