Воскресенье, 13 октября 2024

Выйсцем для інвалідаў стала… скрыня з пяском. Ці з’явіцца лавачка на аўтобусным прыпынку каля магазіна ў Сонечным?

385

Ці здаралася вам даўжэй, чым звычайна, чакаць аўтобус? Пагадзіцеся, што ў такім выпадку часам хочацца прысесці ці, напрыклад, паставіць сумку на лавачку. А калі на вуліцы яшчэ і дождж — схавацца у прыпыначным павільёне. Вось толькі што рабіць, калі ні лавачкі, ні павільёна на гэтым самым прыпынку няма?

З такім пытаннем да нас звярнулася жыхарка в. Новыя Засімавічы Вольга. Жанчына расказала, што яе сын з’яўляецца інвалідам і наведвае аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі ў пасёлку Сонечны. Туды і назад дадому малады чалавек дабіраецца на аўтобусе.

— З прыпынкам, як ехаць на Пружаны, усё ў парадку. Устаноўлены павільён і лавачкі. А вось з іншага боку, таго, дзе размяшчаецца само аддзяленне, як ехаць на Новыя Засімавічы… Магчыма, простыя жыхары раёна і пачакалі б транспарт стоячы. Але што рабіць інвалідам, нашым «сонечным дзеткам»? — пытаецца жанчына.

Па яе словах, зараз, у зімовы час, выйсцем стала… скрыня з пяском для пасыпкі дарог. Менавіта на гэтай скрыні, калі стамляюцца, інваліды сядзяць у чаканні аўтобуса.

Каб разабрацца з сітуацыяй, мы спачатку звярнуліся ў аўтапарк
№ 11 г. Пружаны. Намеснік дырэктара па перавозках і ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Мацяш расказаў, што ўстаноўкай павільёнаў і лавачак на прыпынках у Пружанах займаюцца камунальшчыкі, за горадам — адказныя дарожныя арганізацыі.

Начальнік арганізацыі Аляксандр Субота расказаў, што ўсталяваць прыпыначны павільён тут немагчыма па тэхнічных нормах. Аднак праблему не пакінуць без увагі і абавязкова вырашаць, адзначыў Аляксандр Васільевіч. Кіраўнік ДРБУ-140 паабяцаў, што ў бліжэйшы час на прыпынку з’явіцца лавачка.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла

Фота Кацярыны Масік