Воскресенье, 19 января 2025

Выратавальнікі ў складзе аглядных камісій нагадалі жыхарам раёна правілы бяспекі

422

Папярэдзіць большасць пажараў можна толькі адным спосабам — навучыць людзей правілам бяспекі ў паўсядзённым жыцці. Калі прааналізаваць прычыны вогненных здарэнняў, што адбыліся сёлета на тэрыторыі Пружанскага раёна, то можна прыйсці да высновы: усіх іх можна было пазбегнуць, калі б пацярпелыя не курылі ў ложку, своечасова адрамантавалі печку, сачылі за спраўнасцю электраправодкі.

З мэтай у чарговы раз нагадаць пра правілы бяспекі, а таксама дадаткова правесці абследаванне, на гэтым тыдні ў раёне працавалі аглядныя камісіі, у якія ўваходзілі пружанскія выратавальнікі, іх калегі з вобласці, а таксама прадстаўнікі сацыяльнай службы, спецыялісты раённай энергагазінспекцыі. З іх ліку былі сфарміраваны каля дзясятка брыгад, якія правялі маштабныя абследаванні шэрагу населеных пунктаў Пружаншчыны.

Трэба адзначыць, што ў многіх дамах выяўляліся сур’ёзныя парушэнні, якія пагражалі ўзгараннем. Расколіны ў печцы, скруткі правадоў, захоўванне дроў каля топкі, невыкананне іншых мер перасцярогі… У асноўным падобнае члены аглядных камісій назіралі ў дамах адзінокіх састарэлых грамадзян, інвалідаў, шматдзетных сем’яў. З уладальнікамі жылля праводзіліся прафілактычныя гутаркі, звярталася ўвага на неадкладнасць прыняцця мер па ліквідацыі недахопаў.

Вяскоўцам нагадалі пра важныя правілы пажарнай бяспекі ў быту, больш дэталёва абмеркавалі з мэтавай аўдыторыяй праблему неасцярожнага карыстання агнём, небяспеку курэння ў нецвярозым стане. Пры гэтым работнікі РАНС пераконвалі слухачоў на рэальных прыкладах, на фактах гібелі людзей. Асабліва рэкамендавалася ўстанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і сачыць за іх спраўнасцю.

Падчас пажарна-прафілактычнай работы грамадзянам выдаваліся тэматычныя лістоўкі і буклеты. Некаторыя адрасы фіксаваліся з-за складаных бытавых сітуацый, каб перадаць сабраную інфармацыю ў органы мясцовай улады для аказання неабходнай дапамогі адзінокім пенсіянерам і шматдзетным сем’ям.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара