Четверг, 17 апреля 2025

Выратавальнікі ў рамках акцыі «Не спальвай сваё жыццё!» наведалі разам з аўталаўкай вёскі раёна

375

Як засцерагчыся ад пажараў? Гэта выдатна ведаюць работнікі МНС, якія з мэтай навучання людзей і папярэджання вогненных здарэнняў зараз праводзяць рэспубліканскую акцыю «Не спальвай сваё жыццё!».

З пачатку бягучага года ў Пружанскім раёне здарылася 32 пажары, у якіх загінулі тры чалавекі. Адной з прычын трагічных выпадкаў выступае курэнне ў ложку ў нецвярозым стане. Каб знайсці кантакт з гэтай катэгорыяй грамадзян, работнікі МНС распрацавалі такую меру ўздзеяння, як нанясенне папераджальнай інфармацыі на спіртныя напоі. З такой задумкай днямі пажарныя інспектары наведалі сеткавыя магазіны райцэнтра, дзе на алкагольнай прадукцыі размясцілі яркія напамінкі пра небяспеку курэння ў ложку ў нецвярозым стане.

У дадатак выратавальнікі наведалі вёскі Семянча-1 і Семянча-2 разам з аўталаўкай. Жыхарам гэтых населеных пунктаў, якія сабраліся за пакупкамі, інспектары расказалі пра сітуацыю з пажарамі ў раёне, аб асноўных прычынах вогненных здарэнняў, прадэманстравалі работу аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і раздалі тэматычныя буклеты.

Іна Хаваўка, старшы інспектар РАНС