Четверг, 17 апреля 2025

Вырашыла стаць медработнікам, каб дапамагаць людзям, галоўная медсястра Пружанскай ЦРБ Марыя Грышкевіч

1 238

Пакуль мы размаўлялі з Марыяй Грышкевіч у яе невялікім, але вельмі ўтульным кабінеце, кожную мінуту нехта адцягваў яе ўвагу: то супрацоўнікі Пружанскай райбальніцы, то пацыенты. Але для галоўнай медсястры ўстановы аховы здароўя раённага маштабу — гэта звыклыя будні.

Штуршком для выбару прафесіі гераіні нашага невялікага аповеда стала… хвароба брата. Ён пакутаваў на дзіцячы цэрэбральны параліч. Шкадуючы роднага чалавека, Марыя вырашыла стаць медыцынскім работнікам, дапамагаць усім людзям.

Нарадзілася Марыя ў вёсцы Клепачы Мокраўскага сельсавета, як яна сама кажа, у «рабоча-сялянскай» сям’і. Скончыла Кляпацкую сярэднюю школу і адразу ж падала дакументы ў Пінскае медвучылішча. Пасля размеркавання першым працоўным месцам маладога спецыяліста стала Шарашоўская гарадская бальніца.

У 2005 годзе дзяўчыне прапанавалі перайсці ў Пружанскую ЦРБ. Паступова набіралася вопыту, з 2012 па 2016 гады працавала старшай медсястрой медыцынскай рэгістратуры. А з 2016 года Марыя Іванаўна займае пасаду галоўнай медыцынскай сястры УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца». Зараз ёй прыходзіцца займацца ў асноўным адміністрацыйнымі пытаннямі: праверкі, зверкі, дакументаабарот, улік і інш. Але свае практычныя навыкі яна зусім не страціла: калі трэба, і кропельніцу паставіць, і ін‘екцыі зробіць.

Марыя Грышкевіч разам з мужам выхоўвае траіх дзяцей. Адпачываць любяць на дачы. Толькі слова «адпачываць» для Марыі Іванаўны не зусім падыходзіць, бо на той жа дачы ёсць агарод, вялікі кветнік, якія заўсёды ў добрым стане.

Наша размова аказалася не вельмі працяглай: Марыі Грышкевіч трэба было неадкладна зрабіць зверку медыцынскага інструментарыя, падпісаць неабходныя дакументы. Але для адказнага, уважлівага чалавека — гэта звыклая штодзённая праца.

Віктар Ільюшчанка.

Фота з архіву сайта