Воскресенье, 20 апреля 2025

Выпускны вечар-2022 у гімназіі: як гэта было (+відэарэпартаж)

1 088

У школах Беларусі 10 чэрвеня прайшлі выпускныя вечары.

Сёлета базавую школу ў краіне закончыла 97,7 тысяч навучэнцаў, 11 класаў — 52,3 тысячы маладых людзей. Вядома, што ў выпускнікоў, якія атрымалі сярэднюю адукацыю, прайшло развітанне са школамі, гімназіямі, шэраг тых, хто скончыў 9 класаў, застанецца ў сценах родных устаноў адукацыі, а некаторыя працягнуць навучанне ў ліцэях, каледжах.

Калі ў мінулыя гады ў Пружанах наладжваўся агульнагарадскі выпускны на цэнтральнай плошчы, то сёлета па жаданні бацькоў святкаванні прайшлі па школах. Урачыстасці адбыліся і ў гімназіі.

Яшчэ на падыходзе да гімназіі прыемна шчымлівыя ўспаміны пра тое, як калісьці сам быў выпускніком, навеяла мне “Жураўліная песня” з мастацкага кінафільма “Дажывём да панядзелка”. І такі ўзнёсла-святочны настрой, некаторае хваляванне было ва ўсіх, хто прыйшоў на гэтае мерапрыемства.

Забягаючы наперад, адзначу, што свята прайшло без усялякай пампезнасці, па-дамашняму цёпла, як на сяброўскім капусніку. Зразумела, гучалі прамовы, звароты, але яны былі да таго душэўныя, без высакамоўных слоў, што на сэрцы рабілася лёгка і прыгожа. У самым пачатку да выпускнікоў, іх бацькоў, настаўнікаў, гасцей звярнуўся былы дырэктар гімназіі, а зараз начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. Ён пажадаў выпускнікам лёгкіх дарог, здзяйснення мар і ажыццяўлення будучых планаў.

Адным з самых урачыстых момантаў вечара было ўручэнне атэстатаў аб атрыманні сярэдняй адукацыі. Некаму адначасова з імі ўручаліся і падзячныя лісты. А лепшыя з лепшых атрымалі атэстаты асаблівага ўзору плюс сярэбраныя і залатыя медалі, а таксама запрашэнні ад Брэсцкага дзяржуніверсітэта стаць яго студэнтамі. Дарэчы, вельмі сімвалічна, што ў гімназіі ў 2022 годзе выпускаецца 22 вучні.

Пасля ўручэння атэстатаў і ўзнагарод вечар працягваўся. Гучалі ўдзячныя словы ў адрас сваіх педагогаў ад выпускнікоў, песні. Быў і развітальны вальс, які закружыў у віхуры маладыя пары ўчарашніх вучняў.

Шлях адкрыты. Кожнаму з былых ужо гімназістаў выбіраць, як яго прайсці. Не сумняваюся, што ўсе будуць кіравацца дастойным і правільным напрамкам.

Мы пацікавіліся ў чатырох дзяўчат-медалістаў: які быў шлях да медаля ў кожнай з іх?

Вікторыя Мардань (сярэбраны медаль):
— Шлях да майго медаля быў доўгім і цярністым, але са сваімі невялікімі радасцямі ў выглядзе аднакаласнікаў, падтрымкі бацькоў і, зразумела, настаўнікаў.

Лізавета Туціна (сярэбраны медаль):
— Цяжкім быў шлях, але, тым не менш, радасным, з вялікай колькасцю цікавых урокаў і… перапынкаў, з любімымі сябрамі і настаўнікамі. Дзякую ўсім, і бацькам у тым ліку.

Ксенія Боўш (залаты медаль):
— Сіл пасля такога працяглага навучальнага марафону амаль не засталося зусім. Хочацца адпачыць, нацешыцца летам. Але хутка — зноў за працу.

Ангеліна Гарус (залаты медаль):
— Не заўсёды было лёгка прайсці гэты шлях, каб атрымаць такую ўзнагароду. Працавала літаральна і днямі, і начамі. І вось зараз трымаю ў руках залаты медаль. Адчуванні цяжка перадаць словамі.

Віктар Ільюшчанка, фота аўтара.

Відэарэпартаж Уладзіслава Шпарлы

Фотаальбом з выпускнога тут: https://vk.com/album-23306785_284535796