Пружаны багатыя на традыцыі: народныя, гісторыка-культурныя, фальклорныя… Але ёсць і традыцыі новага часу, якія склаліся зусім нядаўна. Адна з іх — наладжваць агульнагарадскі выпускны, каб усім горадам павіншаваць выпускнікоў школ, адправіць іх у дарослае жыццё.
Традыцыйна выпускнікі са сваімі настаўнікамі прайшлі шэсцем ад палацыка да помніка «Спаленым вёскам», дзе ўсклалі кветкі. Адсюль рушылі да цэнтральнай плошчы горада, упрыгожанай сцягамі. Уявіце, колькі народу сабралася тут: усхваляваныя юнакі і дзяўчаты са стужкамі «Выпускнік», шчасліва-сумныя бацькі, шмат-шмат жыхароў Пружан, якія прыйшлі на свята сталасці юных гараджан. А песні пра школу нібы падхопліваў сам Мухавец, падпяваў журчаннем вады.
Сёлета ў нашым горадзе — 149 выпускнікоў школ і гімназіі, якія ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі свой першы дакумент аб адукацыі — пасведчанне аб атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі. 12 з іх у дадатак да атэстата атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі.
Здадзены іспыты, засталіся ў мінулым 11 гадоў школьнага жыцця, а наперадзе — адкрыты ўсе дарогі ў дарослае, самастойнае жыццё. Кожны зробіць свой выбар, але гэта будзе заўтра, а сёння перапоўненыя эмоцыямі выпускнікі робяць крок са шчаслівага бестурботнага школьнага дзяцінства ў прывабную будучыню.
Урачысты вечар пачаўся з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Са словамі прывітання звярнуўся да выпускнікоў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. У яго словах і пажаданнях было шмат бацькоўскага цяпла, клопату пра цяперашніх выпускнікоў, пра правільнасць выбару кожным жыццёвага шляху.
І вось ён, кранальны момант уручэння атэстатаў! На вачах мам — няпрошаная сляза, бацькі з гонарам глядзяць на сваіх сыноў, любуюцца дочкамі, а нейкая бабуля з хваляваннем шэпча на вуха дзеду: «Вось і вырас наш унучок», і непрыкметна хрысціць унука, які ўздымае ўгару руку з запаветным атэстатам.
Загучала мелодыя вальса, выпускнікі ўтварылі круг перад бацькамі. Пяшчотны ўзмах дзявочай рукі, упэўненая падтрымка юнака — плывуць у танцы пары, узлятае мелодыя ў неба, здаецца, што і птушкі, падхапіўшы мелодыю на крылы, танцуюць вальс, ахутваючыся ў пелярыну аблокаў.
Словы пажадання настаўнікаў змяняліся словамі падзякі выпускнікоў. Песні пра школу, цёплыя словы гучалі ўвесь вечар. На плошчы панавала атмасфера цяпла, любві і шчасця. А выхаванцы дзіцячага садка нагадалі віноўнікам урачыстасці пра шчаслівыя гады дзяцінства. Прысутныя падпявалі малым і дарылі ім свае ўсмешкі і апладысменты.
Кранальным быў танец з бацькамі. Сын далікатна бярэ маму за руку, мама ўзіраецца ў вочы сына, нібы не верыць, што яе любімы хлопчык — ужо на парозе дарослага жыцця. Бацька, кружачы ў танцы, з захапленнем глядзіць на сваю прыгажуню дачку… Як хутка растуць нашы дзеці!
У неба ляцяць паветраныя шары, як сімвал развітання з дзяцінствам — незабыўны момант святочнага вечара. Поспехаў вам, выпускнікі! Не бойцеся цяжкасцяў! Упэўнена ідзіце да сваёй мэты! А горад… горад будзе чакаць у вашых асобах новых таленавітых спецыялістаў.
Ларыса Дняпроўская. Фота Кацярыны МАСІК
Фотаальбомы глядзіце тут: https://vk.com/album-23306785_303073384 і https://ok.ru/budni/album/980112379528