Суббота, 15 февраля 2025

Выпускнік СШ № 5, наш зямляк Станіслаў Брадніцкі за лета заваяваў тры ўзнагароды міжнародных геаграфічных алімпіяд

410

Часам бывае ў журналісцкай рабоце: пагутарыў з чалавекам, але напісанне матэрыялу адклаў, што называецца, у шуфляду. Так адбылося і ў гэты раз. Пасля нашай размовы з сёння ўжо выпускніком пружанскай СШ № 5 Станіславам Брадніцкім здарылася нямала падзей. За гэты час хлопец не проста прымножыў дасягненні ў геаграфічнай навуцы, але і зноў, прычым неаднойчы, заявіў пра сябе. Калі нагодай для сустрэчы з хлопцам і яго педагогам Аленай Ляўчук была перамога Стаса ў рэспубліканскай алімпіядзе, то ў ліпені стала вядома пра паспяховы ўдзел пружанца ў адной, а ў гэтым месяцы — ужо ў другой Міжнароднай алімпіядзе!

Шлях Станіслава Брадніцкага да міжнароднага геаграфічнага поспеху пачаўся фактычна з падлеткавага ўзросту. Захапіў хлопца прадметам настаўнік Юрый Ляўчук, якога не стала некалькі гадоў таму. Дагэтуль у пятай школе пра Юрыя Уладзіміравіча гавораць з павагай і любоўю, называюць Географам з вялікай літары і Глобусам. Можа, таму, што ён, нібыта гэты невялікі шар, які фактычна змяшчае ўсю планету Зямля, адзін быў цудоўным носьбітам вялікай колькасці геаграфічных ведаў?

Зярнятка ж любові да геаграфіі, пасеянае Юрыем Леўчуком у вучнях, часта давала багаты плён і прыносіла славу як школьнікам і педагогу, так і ўсёй Пружаншчыне. За час работы настаўніка яго вучні заваявалі 5 дыпломаў рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Гаворка зараз пра Аляксандра Кароцю і Уладзіміра Якуцэню, якія яшчэ былі і прэзідэнцкімі стыпендыятамі.

Упершыню свае сілы ў геаграфічным алімпіядным руху Станіслаў Брадніцкі паспрабаваў у 8-м класе. Прызнаецца, што да гэтага больш захапляўся хіміяй і матэматыкай. Але перамога на раёне, а пасля і трэці дыплом на вобласці дадалі ўпэўненасці ў сабе.

Заўсёды падтрымлівае Станіслава і дапамагае рыхтавацца да ўдзелу ў алімпіядах настаўніца геаграфіі вышэйшай катэгорыі СШ № 5 г. Пружаны Алена Ляўчук.

— Калі штосьці добра атрымліваецца, з цягам часу яно захапляе. Так было і ў мяне з геаграфіяй. Ужо ў дзявятым класе пад кіраўніцтвам Алены Міхайлаўны Ляўчук на вобласці ўдалося заваяваць дыплом І ступені, што дало права ўпершыню паказаць веды на рэспубліцы. Тады ж першы раз прыняў удзел і ў абласных зборах алімпіяднікаў у БрДУ імя А.С. Пушкіна, пазнаёміўся з атмасферай універсітэта. Але ж спроба на рэспубліцы выйшла не вельмі ўдалай, — дзеліцца Станіслаў.

Гэта хлопца не спыніла, а, наадварот, дадало матывацыі на клас дзясяты. Тады на абласным этапе ён стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені і таксама прайшоў на рэспубліку, дзе да трэцяй узнагароды не хапіла… усяго аднаго бала. Вынік — пахвальны водгук і цвёрдая ўпэўненасць: у 11-ым класе вернецца з рэспублікі з дыпломам.

Так і адбылося! Узнагарода ІІІ ступені рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі — не толькі цудоўны фінал удзелу ў алімпіядах, але і прамы білет на геафак вядучай ВНУ краіны. Станіслаў кажа, што дасягнуць мэты дапамаглі шматлікія гадзіны самападрыхтоўкі і заняткаў пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі Алены Ляўчук — жонкі Юрыя Уладзіміравіча. Менавіта яна беражліва ўзяла вучня пад сваё крыло пасля смерці мужа.

— Матываваных дзяцей відаць здалёк. Яны або вельмі спакойныя і ўмеюць аналізаваць, або гіперактыўныя. Юрый Уладзіміравіч вызначаў такіх вучняў па почырку. Часцей за ўсё ён неакуратны, амаль не чытаемы. Усё таму, што рука ў такіх хлопчыкаў і дзяўчынак проста не паспявае занатаваць ход думак, — дзеліцца педагагічнымі сакрэтамі настаўніца вышэйшай катэгорыі Алена Ляўчук.

А яшчэ прызнаецца: матывацыя вучня — стымул для педагога. Таму не толькі чытала новыя кнігі і артыкулы, але і вярталася да сваіх ранейшых напрацовак. Усё таму, што кожную суботу разам рыхтаваліся да геаграфічных алімпіяд. І тэмы, якія разбіралі, вядома, выходзілі па-за межы школьнага падручніка.

— Стас — нібыта губка, якая літаральна ўбірае ўсе веды, якія яму даеш. Гэта той вучань, які можа знайсці памылку нават у алімпіядных заданнях, тэмы якіх блізкія да ўніверсітэцкай праграмы. Важна, што заўсёды падтрымлівалі яго бацькі. Ды і сам хлопец ніколі не ленаваўся. Калі ён быў у сёмым класе, у нас з’явіўся настаўніцкі геаграфічны атлас. Адразу сказала: «Калі вывучыш яго літаральна на памяць, на рэспубліцы будзеш у ліку лепшых». Стас добра запомніў гэта і ўзяў атлас сабе. Вярнуў яго толькі цяпер, — дзеліцца Алена Міхайлаўна.

Станіслаў Брадніцкі (першы злева) падчас атрымання сярэбранага медаля еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды EGEO-2024 у Сербіі.

Пасля таго, як педагог разам з вучнем пачалі выходзіць на рэспубліканскі этап алімпіяды, сталі задумвацца пра пакарэнне яшчэ больш высокай планкі. Спачатку асцярожна. Сумненні наконт неабходнасці ўдзелу ў EGEO-2024 развеяў тур геаграфічнай алімпіяды на англійскай мове.

— Ён ёсць на рэспубліканскай алімпіядзе. Тур не ідзе ў залік, але паўдзельнічаць у ім цікава для самога сябе. З трэцяга класа вучыў французскую мову, спачатку было крыху хвалююча, але ў 9-ым самастойна і разам з рэпетытарам пачаў вывучаць англійскую. Сёння гэта міжнародная мова, і разумеў, што яе карысна будзе ведаць у тым ліку для будучай прафесіі, — расказвае Стас.

Усё гэта ацаніла і Алена Міхайлаўна, якая заўсёды накіроўвала Станіслава на ўдзел у англамоўным туры. Усё таму, што паспяховае выступленне на ім у рамках рэспубліканскай алімпіяды ўплывае на тое, ці стане вучань удзельнікам міжнароднай. Веды пружанца Станіслава Брадніцкага ацанілі як даволі высокія, таму ён і атрымаў «пуцёўку» на ўдзел у EGEO-2024.

— Алімпіяда праходзіла напрыканцы чэрвеня — пачатку ліпеня ў Сербіі. Нашу краіну прадстаўлялі выпускнікі школ і гімназій, а рыхтавалі нас выкладчыкі БДУ. Канкурэнцыя на еўрапейскай геаграфічнай алімпіядзе па-сапраўднаму высокая. Толькі ўявіце: усяго ў ёй сёлета паўдзельнічала больш за 200 школьнікаў з 11 краін. Трэба было паказаць веды ў трох турах — тэарэтычным, практычным і мультымедыйным. І, канечне, усе яны праходзілі на англійскай мове, — дзеліцца ўражаннямі Стас.

Удвая прыемней, што наш зямляк не разгубіўся і тут, пацвердзіў свой узровень і любоў да геаграфіі і заваяваў сярэбраны медаль сярод вучняў 16-19 гадоў. Ці гэта не пацвярджэнне таго, што любоў да геаграфіі — узаемная? Не забываецца хлопец і пра адпачынак, трэнажорную залу. Дарэчы, у мінулым займаўся плаваннем, грэка-рымскай барацьбой і стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі. А яшчэ ў вольную хвілінку любіць маляваць.

Сёння Станіслаў Брадніцкі — студэнт факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ, куды залічаны без уступных іспытаў. Ужо праз лічаныя дні пераступіць не парог роднай школы, а ўвойдзе ў аўдыторыі ВНУ, дзе будзе вучыцца па спецыяльнасці «Геалогія». Але ж асабліва расслабіцца ў жніўні не атрымалася: рыхтаваўся да ўдзелу ў яшчэ адной алімпіядзе. На гэты раз — XVII Міжнароднай алімпіядзе па навуках аб Зямлі ў Кітаі.

З 8 па 16 жніўня ў сталіцы гэтай краіны, Пекіне, спаборнічала каля 150 школьнікаў з 36-ці краін. Як расказаў Стас, цікавым і самым паспяховым стаў групавы тур конкурсаў навуковых праектаў. Падчас яго ў складзе каманды, куды ўвайшла таксама моладзь з Малайзіі, Аўстрыі, Японіі, Румыніі і ЗША, Стас выконваў сумесны праект. Для гэтага патрабавалася сабраць дадзеныя, прааналізаваць і абараніць на англійскай мове перад міжнародным журы. У выніку зборная, куды ўваходзіў наш зямляк, стала лепшай, а Станіслаў Брадніцкі заваяваў залаты медаль.

Станіслаў з узнагародай Міжнароднай алімпіяды ў Кітаі.

Яшчэ адну ўзнагароду — бронзавую — атрымаў пружанец па выніках індывідуальнага тура, паказаўшы выдатныя веды ў палявым і тэарэтычным этапах. Дарэчы, заданні і тут былі на англійскай мове.

— Вельмі рады за ўласны вынік і вынікі іншых членаў каманды. Усяго мы прывезлі шэсць медалёў. Падчас алімпіяды знайшоўся час для наведвання культурных славутасцей Пекіна і яго ваколіц. Наведалі мы і знакамітую Кітайскую сцяну. Усё прайшло проста выдатна, але, вядома, не без цяжкасцей, — дзеліцца Стас уражаннямі ад паездкі ў Кітай.

На заканчэнне нашай сустрэчы прашу субяседніка намаляваць сябе словамі ў будучым. І адразу задаю пытанне: ці скончыць alma mater з чырвоным дыпломам? Крыху падумаўшы, Станіслаў адказвае, што гэта — яго мэта. Заўважце, не мара, а мэта.

— Стараюся рабіць любую работу добра, таму думаю, што так, скончу ўніверсітэт з адзнакай. Праз некалькі гадоў бачу сябе навукоўцам. Мне здаецца, выбраў у сваім жыцці правільны накірунак, а «компасам» у ім якраз з’яўляецца геаграфія. Працуе ж гэты «компас», канечне, не без дапамогі сапраўдных прафесіяналаў-педагогаў, родных і сяброў — такі слоўны «малюнак» атрымліваю ад Стаса.

Верым, што ў нашага земляка ўсё атрымаецца, і жадаем, каб у будучым ганарыліся ім не толькі родная школа, раён і ВНУ, але і ўся наша краіна!

Уладзіслаў Шпарла.

Фота з асабістага архіва Станіслава Брадніцкага