Прыклад бацькоў, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы, для Сяргея Сцяпанава стаў галоўным пры выбары будучай прафесіі. Хаця, як расказвае малады аграхімік ААТ «Мурава», спачатку планаваў набыць прафесію настаўніка. Аднак цяга да зямлі перамагла.
— Пасля заканчэння школы пайшоў вучыцца ў Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж, з якога адразу атрымаў магчымасць паступаць на трэці курс Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Падчас размеркавання папрасіўся працаваць у Пружанскі раён.
— Напэўна, захапіў патэнцыял Пружаншчыны?
— Прызнацца, пра акцыянернае таварыства «Мурава» нічога не ведаў. Проста аднойчы да будучых выпускнікоў прыехаў дырэктар П.М.Білецкі, які запрасіў маладых спецыялістаў у сваю гаспадарку. Вось і паверыў Пятру Мікалаевічу.
За мінулыя з таго часу пяць гадоў Сяргей Сяргеевіч не пашкадаваў аб такім выбары. У першы год маладога спецыяліста разам з іншымі накіраванымі на працу халасцякамі пасялілі ў інтэрнаце. Але ўлівацца ў калектыў было складана. І не таму, што маладых у «Мураве» не прымаюць: высокія патрабаванні да навічкоў. Выпрабаванне працай вытрымлівалі не ўсе: хто па заканчэнні тэрміну адпрацоўкі, а хто і раней з’язджалі. Былі такія думкі і ў Сцяпанава, аднак сёння ён удзячны лёсу, што затрымаўся. Затрымала яго Ірына. Дзяўчына — будучая настаўніца — часта прыязджала да маці ў дом, што стаяў якраз праз дарогу ад інтэрната маладых спецыялістаў.
— Аднойчы вяртаюся з работы і бачу, як на двары завіхаецца прыгожая дзяўчына, прычым занята яна была не размовамі па мабільніку, а закаткамі на зіму,— смяецца Сяргей.
— Вось так усім ён расказвае, што мы праз агуркі пазнаёміліся,— гаворыць яго жонка, якая пад нашу размову карміла двух сыноў.
За чатыры гады сям’я Сцяпанавых павялічылася ўдвая: Мікалаю роўна столькі, колькі іх сямейнаму саюзу, Аляксандру — удвая менш. Маладая сям’я адразу пасля шлюбу атрымала домік ад гаспадаркі ў вёсцы Навасёлкі, які паступова абжывае.
Пагадзіцеся, што цяпер маладому аграхіміку ААТ «Мурава» ёсць за што зачапіцца на новай радзіме. Не менш важным у гэтым плане варта лічыць і матэрыяльны дабрабыт сям’і Сцяпанавых. Зараз, як прызнаецца Сяргей Сяргеевіч, ён атрымлівае крыху больш за шэсцьсот рублёў зарплаты, пры тым, што ў летнія месяцы яе сярэдні паказчык ніжэйшы, чым узімку, калі ідуць розныя надбаўкі і прэміі па выніках работы за год. Разам з тым ён згодны, што працаваць на зямлі нялёгка: не заўсёды працоўны дзень нармаваны ды і выхадныя не часта выпадаюць. Хаця за чатыры гады сумеснага жыцця разам з жонкай Сяргей паездзіў па Беларусі, наведваў родных ва Украіне, Расіі. Зараз збіраюцца пабываць у Друскінінкаі.
— Восенню і зімой, калі палі адпачываюць або засеяны азімымі, для аграхіміка работы ў гаспадарцы менш. Тады разам выбіраемся ў паездкі або гуляем па наваколлі, напрыклад, любім катацца на каньках, калі зіма ўмацуе лёд на сажалцы побач.
Частыя госці Сцяпанавы і ў Пружанах, дзе Сяргей пастаянна прымае ўдзел у валейбольных спаборніцтвах раённага і абласнога ўзроўняў. Улічваючы актыўнасць маладога спецыяліста, яго цвёрдае рашэнне жыць і працаваць там, дзе ў ім маецца патрэбнасць, С.С.Сцяпанава выбралі старшынёй прафкама таварыства. Таму праблемы як навічкоў, так і ветэранаў гаспадаркі ён ведае выдатна.
— На маю думку, яшчэ многае трэба зрабіць у нашых населеных пунктах, каб прыцягнуць моладзь, замацаваць іх на зямлі. Напрыклад, прыродны газ да Муравы дацягнулі, але і наваколле таксама ў ім мае патрэбу. На нашых вуліцах усё больш становіцца дзетак, маладыя сем’і засяляюць узведзеныя дамы, што пацвярджае будучы патэнцыял Навасёлак. Але і займацца ў вольны час дзятве асабліва няма чым. Зразумела, што адвозіць малых у пружанскія Лядовы або Водны палацы для многіх у фінансавым плане нескладана, бо праз адну сем’і маюць аўтамабілі, заработная плата ў гаспадарцы таксама спрыяе. Але часу на гэта не заўсёды хапае, тым больш, што мы вельмі далёка ад райцэнтра. Добра, каб бліжэй былі такія спартыўныя цэнтры, дзе дзятва магла б траціць сваю энергію!
— Калі б у Вас папрасілі парады падчас выбару будучай прафесіі, сталі б рэкамендаваць работу ў сельскай гаспадарцы?
— Наўрад ці. Паверце, вельмі складана прывыкаць да работніка два гады, а потым развітвацца з ім. Няхай лепш у гаспадаркі прыходзяць тыя, хто адназначна для сябе вырашыў, што тут яму будзе лепш. А такому ніякіх парад не патрэбна.
Алег СІДАРЭНКА