Суббота, 26 апреля 2025

Вёска Пацынічы адзначыла сваё свята

733

У нядзелю Дзень вёскі адзначалі Пацынічы. Свята «Тут усё маё і я адсюль родам» арганізавалі Шарашэўскі сельвыканкам, аўтаклуб і стараста вёскі Валянціна Шанта.

Гарачае надвор’е адпавядала ў гэты дзень гарачаму прыёму гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства. Зразумела, што галоўнымі героямі свята сталі мясцовыя жыхары. Варта адзначыць, што сабралася больш за 100 чалавек. Па добрай традыцыі прысутных частавалі караваем, ушаноўвалі найстарэйшых і самых маленькіх жыхароў, юбіляраў. Падарункамі прафкама прафсаюза ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» былі адзначаны людзі, якія працавалі вялікую колькасць гадоў у мясцовым сельгаставарыстве. Таксама словы падзякі і падарункі атрымалі гаспадары, чые двары з’яўляюцца ўпрыгожваннем вёскі.

У гэты дзень шмат было гумару, гучалі песні, якія закранулі сэрцы ўсіх, хто прыйшоў на свята. Вакол былі радасныя твары і адчуванне таго, што вёска жыве і пра яе памятаюць.

Забаўлялі жыхароў і гасцей свята артысты з розных культустаноў нашага раёна: вакальная група «Шчырым сэрцам» Пружанскага аўтаклуба, удзельнікі вакальнай групы «Сузор‘е» Ліноўскага СДК, салістка Навазасімавіцкага СДК Аксана Качанава; удзельнікі самадзейнасці Шарашоўскага ЦКіА Вераніка Шумер, Ганна Кулаева, Святлана Радзькова, Фелікс Грышкевіч, удзельнікі самадзейнасці і работнікі Роўбіцкага СДК Таццяна Папко, Ірына Параняк, Таццяна Грачышка, Ірына Граматовіч.

Мерапрыемства прайшло душэўна, цёпла і падарыла прысутным масу станоўчых эмоцый.

Людміла Кавалёва, загадчыца аўтаклуба