Суббота, 6 декабря 2025

Вёска Ляжайка. Таямніцы гісторыі…

1 502

На пачатку XVI стагоддзя на Пружаншчыне пачаўся працэс з’яўлення першых населенных пунктаў, сярод іх — вёска Ляжайка. Яна з’яўляецца адной з нямногіх у нашым краі, упершыню ўзгаданай у дакументах у пачатку 1500-х гадоў.

Трэба дадаць, што гэта ўнікальны і адзіны выпадак у гісторыі Пружанскага краю, калі вёска на працягу амаль пяцісот гадоў належала прадстаўнікам аднаго роду. Гісторыя самой Ляжайкі была звязана непасрэдна з колішнім маёнткам Зенавіль. Такім чынам, хто валодаў гэтым маёнткам, той і валодаў вёскай.

Першае згадванне вёскі Ляжайка можна знайсці ў кнізе «Каралева Бона, 1494-1557 — часы і асобы эпохі Адраджэння». Там ёсць дакумент са спісам маёнткаў, падрыхтаваны для знакамітай каралевы Боны Сфорцы. Ён датуецца 13 красавіка 1534 года. Вось гэты запіс: «Шимко и Станислав Выслоуховичи (Szymko a Stanislaw Wyslouchowie) поведели иж пан Юри Пац (Jerzy Pac) дал их дзеду ухол дубравы от границы клецкой на речке Лежайцэ, низьли на то листув никоторых не мают». Дзякуючы гэтаму, мы даведаліся, што назва вёскі паходзіць ад мясцовай рэчкі. Таксама вызначылі імя першага ўласніка Ляжайкі — Станіслаў Віславух.

У «Ревизіі Кобринской экономіи, составленнная въ 1563 году королев-скимъ ревизоромъ Дмитріем Сапъгою, съ присовокуплением Актовъ Браславскаго земскаго суда, относящихся къ Кобринской Архимандріи» паказаны межы паселішча Ляжайка і нават ёсць пералік імёнаў і прозвішчаў тых людзей, якія пражывалі ў «село Лежайско»: Стась і Максім Юшкевічы, Ігнат Палышчыч, Стась Юцкевіч, Клім Андраевіч, Грынец і Пацко Калышчык, Ціш Макаровіч, Хома Еўлашэвіч, Кары Мікуліч, Сташко Карповіч, Марцін і Тышка Ждановічы, Юхно Янковіч, Мікалай Дранцэвіч, Ялько і Ясько Курыловічы, Конрад Лагвіновіч, Радзюк і Грынец Барысавічы, Андрэй і Лявон Ясковічы, Марцін Юшковіч, Юхно Станьковіч, Панас Сцюха, Шымко Ядзьковіч, Габрыаль Яновіч.

У гістарычным часопісе Мікалая Разанава «Пружанскі павет» адзначаецца, што ў 1567 годзе наступнымі ўласнікамі Ляжайкі былі Аляксандр і Фабіян Віславухі. Неабходна дадаць, што ў 1577 годзе зафіксаваны вельмі цікавы выпадак: была складзена скарга на Аляксандра Віславуха, што той падчас знаходжання на кірмашы ў суседнім маёнтку Чорныя Лозы (уласнік Матыс Савіцкі) збіваў падданага спадара Дрождча (маёнтак Хмелішча, які знаходзіўся каля Чорных Лозаў) і яго самога. («Опись документов Виленского центра архива древних актовыхъ книгъ. Выпуск X, Акты Бресткого гродского суда, 1575-1715 годы»).

Неабходна таксама дадаць, што Ляжайка па адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле ўваходзіла ў склад «Войтовства Яковчицкого двора Добучиньского» да канца XVIII стагоддзя («Інвентар даходаў Кобрынскага староства, складзенаму ў 1597 годзе рэвізорамі Мальхерам Мальскім, Даніілам Дамарацкім і Берасцейскім падстарастаю Ярашам Зверам»).

На рубяжы XVII – XVIII cт. новы гаспадар — Зянон Казімір Віславух (1727 – 1805), мечнік берасцейскі, дырэктар сеймікаў берасцейскіх, дэпутат галоўнага трыбунала ВКЛ. У дакуменце «Шляхта Пружанскага тракту за 1775 г.» упершыню ўзгадваецца колькасць двароў у вёсцы Ляжайка — 19. У наступны раз пра памер вёскі мы даведваемся з карты «Часть Воеводствъ Брест-Литовскаго, Подляскаго, Троцкаго и Новогродцкаго» за 1793 г. — усяго 18 двароў. У 1795 годзе Ляжайка ўваходзіла ў склад ужо Котранскай воласці Пружанскага павета.

У пачатку XIX ст. вёскай валодаў Віктар Віславух (1767 – 1840), які, дарэчы, з’яўляўся маршалкам Пружанскага павета з 1807 па 1812 гг. Пасля яго смерці ў спадчыну ўступілі два сыны — Аляксандр і Станіслаў. Пра гэта мы даведваемся са справы Пружанскага павятовага суда за 30 верасня 1839 года, калі яны ажыццявілі продаж сіраты Дзмітрыя з вёскі Янаўцы (каля в. Ляжайка) нейкім Амбражэвічам («Сообщения Петербургского Сената по государственным, правительственным и судебным делам;1840, Том VIII»). З 1857 па 1862 г. Аляксандр з’яўляўся старшынёй Пружанскага земскага суда (крыніца — Месяцослов и общий штат Российской империи на [1831-1842]. — СПб. : Имп. Академия наук, 1830-1842). З гістарычнага часопіса М. Разанава «Пружанскі павет» стала вядома, што зямельны надзел, якім валодаў Станіслаў Віславух у 1860-я гг., складаў усяго 274 дзесяціны. Менавіта Станіслаў пабудаваў у сваім маёнтку новы сядзібны дом, парк і шэраг гаспадарчых пабудоў: бровар, мураваны склеп.

У другой палове XIX стагоддзя ў Пружанскім павеце адзначаецца рост колькасці насельніцтва, а разам з гэтым вёскі сталі павялічвацца ў сваіх памерах. У 1880-я гг. Ляжайка налічвала ўжо 42 двары, больш за 200 жыхароў. Па дадзеных на 1890 год, уладальнікамі маёнтка і вёскі лічацца Ян і Станіслаў Віславухі. (П. Диковъ, «Списокъ землевладъній въ Гродненской губерніи». Изд. гродненскаго губернскаго статистическаго комитета. Гродна. 1890 год).

У 1897 годзе ўпершыню ў Расійскай імперыі праводзілі агульны перапіс насельніцтва, у тым ліку і беларускіх зямель. З дакумента «Гродненская губернская переписная комиссия Первой всеобщей переписи населения Российской империи Министерства внутренних дел за 1896 – 1897 гг.» вызначылі, што вёска Ляжайка налічвала 35 двароў і ў ёй пражывала 194 жыхары. Таксама ўзгадваецца царква і каплічка. Наступны раз статыстычныя дадзеныя мы сустрэнем у дакументах 1905 года: «околица Лежайка» налічвала 85 жыхароў, а «имение Зеновиль» — 30 чалавек («Указатель населенным местностям Гродненской губернии, с относящимся к ним необходимыми сведениями. — Гродно: губ. тип.,1905). Згодна з перапісам насельніцтва 1921 года, вёска налічвала 49 двароў і 237 чалавек (117 мужчын і 120 жанчын).

Ляжайка і маёнтак Зенвіль належалі Зянону Віславуху да 1920 года. Пасля яго смерці ўся ўласнасць перайшла да ўдавы Ізабэлы. І вось тут я звярну вашу увагу на гэту асобу, якая з’яўлялася прыкладам мужнасці і адважнасці беларускай жанчыны. У газеце «Жыццё Палесся: штотыднёвы часопіс, прысвечаны справам палескай зямлі» за 12 красавіка 1925 года паведамляецца: на маёнтак адбыўся бандыцкі напад і гаспадыня Ізабэла Віславух не разгубілася і стрэліла некалькі разоў, пасля чаго бандыты разбегліся. Яе жыццё скалалася трагічна, у 1930 годзе Ізабэла была забіта. Пра гэты выпадак мы дазналіся ад гісторыка Л. Несцерчука, які ў кнізе «Замкi, палацы, паркi Берасцейшчыны» (2002 г.) упершыню распавёў пра гэту гісторыю. Справа ў тым, што ўдава Ізабэла, ужо не маладая, але па-ранейшаму прывабная жанчына, якая славілася на ўсю акругу сваім тэмпераментам, моцна закахалася ў гаспадара суседняга маёнтка Віднае і вёскі Краснае Рамуальда Андрайковіча. Гэты пан з’яўляўся ветлівым палюбоўнікам. Калі якая-небудзь жанчына яму падабалася, ён ласкава ёй казаў:

— Зазулька ты мая, зазулька.
Мясцовыя жыхары так і празвалі яго Зазулей (М.М. Мартынюк «Зигзаги жизни»). Дык вось, раніцай 1930 года ў прыпадку рэўнасці Рамуальд застрэліў сябе і Ізабэлу ў садку ў маёнтку Зенавіль.

17 кастрычніка 1939 года вёска Ляжайка ўвайшла ў склад БССР. Гэтага людзі чакалі ўвесь час, пачынаючы з 1921 года, калі нашы землі былі ў складзе Польшчы. З 1940 года Ляжайка ў складзе Красненскага сельсавета. На той час ёсць статыстычныя дадзеныя — 81 двор і 250 жыхароў (крыніца – «Статистические данные по населенным пунктам Пружанского района Брестской области»).

У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі 23 чэрвеня 1941 года. На шчасце, Ляжайку не закрануў лёс 7 суседніх вёсак, спаленых 17 ліпеня 1942 года.

Пасля вайны тут налічвалася ўжо 80 двароў і 283 жыхары. З дакументаў Кобрынскага занальнага дзяржаўнага архіва стала вядома, што ў 1948 годзе ў Ляжайцы быў арганізаваны першы калгас — «За Савецкую Радзіму». З 15 студзеня 1962 года вёска праз скасаванне Красненскага сельсавета ўвайшла ў склад Мокраўскага. У 1972 годзе адносілася ўжо да калгаса-камбіната «Савецкі». З 2003 года — да ААТ «Жураўлінае».

Дзмітрый Шульга, малодшы навуковы супрацоўнік ДУК «Музей-сядзіба Пружанскі палацык»