Сезон святаў вёсак працягваецца. У мінулую суботу сустракала гасцей, гуляла і весялілася вёска Клятное Сухопальскага сельсавета.

Арганізатарам святочнай праграмы «Вёсачка родная мая!» выступіў Сухопальскі СКБ пры падтрымцы Сухопальскага сельвыканкама і ААТ «Жураўлінае». Мясцовыя ўлады і наша гаспадарка дапамаглі з набыццём падарункаў. Таксама сельгаставарыства арганізавала выязны гандаль.
Работнікі Сухопальскага СКБ удзячны за прадастаўленае месца для правядзення свята Мікалаю Бурнасу. А яшчэ шчыра дзякуем усім жыхарам вёскі і гасцям, якія прыехалі ў Клятное нават з Мінска і Брэста: кожны з іх унёс у святкаванне сваю нотку радасці і суму, лірычных аповядаў і ўзнёслага настрою.

Знакавай падзеяй падчас свята стала выступленне ўраджэнца вёскі Аляксандра Казарэза. Ён вельмі цёпла і горача прывітаў землякоў, жыхароў цудоўнай вёсачкі, пажадаў усім доўгіх гадоў жыцця і падарыў гасцям сваю кнігу «Вёска Клятное — мой гонар і смутак».
А пасля яшчэ доўга гучалі песні, госці дзяліліся ўспамінамі, спявалі і ўсміхаліся. Завяршылася святкаванне агульным фота і абяцаннем абавязкова і яшчэ не раз сабрацца ўсім разам у роднай вёсачцы.
Таццяна Глушко, загадчыца Сухопальскага СКБ