Памятныя мемарыяльныя комплексы, манументы, помнікі, прысвечаныя падзеям самай трагічнай і кровапралітнай вайны на шматпакутнай беларускай зямлі, якая з 1941 па 1945 год страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, ёсць у кожным куточку Беларусі. Страшна падумаць: больш за дзевяць тысяч беларускіх вёсак было спалена і разбурана падчас Вялікай Айчыннай вайны.
У Шунёўцы, што на Віцебшчыне, дзе ўстаноўлены мемарыяльны комплекс «Пракляцце фашызму», было знішчана амаль 70 жыхароў. Велічны мемарыял «Ола» праз 75 гадоў пасля Перамогі з’явіўся на месцы аднайменнай вёскі, спаленай нацыстамі: тут падчас карнай аперацыі загінула 1758 чалавек. Мемарыял у Шаўлічах, што ў суседнім Ваўкавыскім раёне, — яшчэ адно буйное месца ўвекавечання спаленых вёсак: тут расстралялі 336 чалавек, а ўсе хаты спалілі. Падчас хатынскай, бадай, самай вядомай у Беларусі, трагедыі карнікі зажыва спалілі 149 чалавек. Такіх вогненных знакаў на карце краіны сотні, у кожнага свая гісторыя.
Вёску Байкі на Ружаншчыне таксама напаткаў лёс Хатыні, якая атрымала ў Беларусі зборны вобраз спаленых вёсак, і яе закатаваных жыхароў.
22 студзеня 1944 года за сувязь з партызанамі вёска была спалена карнікамі, а яе жыхары расстраляны. Загінулі і знайшоўшыя тут на сваю бяду прытулак жыхары суседніх Клепачоў, што за паўгода да гэтага ўратаваліся ад нямецкай расправы.
Згодна з інфармацыяй з дакладной запіскі Брэсцкага антыфашысцкага камітэта ад 29 лютага 1944 года — 130 домаўладанняў і 957 чалавек. Таксама з архіўнага дакумента вядома, што па ўсім тагачасным Ружанскім раёне было закатавана, расстраляна і спалена жывымі 4796 чалавек, і гэта без уліку расстраляных і замучаных з Лыскава, асобы якіх на той момант яшчэ ўдакладняліся (пазней стала вядома, што ў Лыскаве было расстраляна і закатавана 650 яўрэяў ). Толькі ўявіце сабе гэтыя лічбы!
Увогуле ў дакуменце інфармацыя не для слабанервовых.
«Раніцай азвярэлыя бандыты ўварваліся ў Байкі і ўчынілі жахлівую крывавую расправу. Усё насельніцтва сагналі ў хлявы. Мужчыны былі расстраляны групамі па 6-7 чалавек, параненых, хто страчваў прытомнасць, кідалі жывымі ў яму. Жанчын спалілі ў адрынах. Страшную, пакутлівую смерць наканавалі дзецям. На іх было нацкавана 15 сабак. Пакалечаных дзяцей падпалілі жывымі. Па вуліцы, асветленай пажарышчам, сабакі цягнулі разадраных імі малых.
У доме Васіля Іванавіча Гайдука немцы схапілі за ножкі нованароджанае дзіця і ўдарылі яго аб сценку, парадзіху забілі ў ложку…».
Ужо пасля вайны ў ходзе расследавання злачынстваў, якія чынілі захопнікі, гэтыя звесткі крыху дапоўняцца, зменяцца, але сутнасці зверстваў асабліва не памяняюць. Сцяпан Шабуня, якому разам з сынам удалося ўцячы ад расстрэлу, аказаўся непасрэдным відавочцам трагедыі. У 1948 годзе ён успамінаў, як вёску акружыў атрад карнікаў, як аднавяскоўцаў выганялі да гумнаў, а па іх хатах збіралі ўсё каштоўнае, як прывялі мірных людзей з наваколля капаць ямы — брацкія магілы для асуджаных на смерць, як чынілі расправу.
Сцяпану і Мікалаю Шабуням пашанцавала выратавацца: яны глыбока закапаліся пад сена, а затым збеглі з гарэўшага гумна. У страху і роспачы назіралі, як дагарала родная вёска.
«Калі немцы раз’ехаліся, я вырашыў падысці да ям. Яны ўсе былі закапаны, і зямля «дыхала». І я ведаў, чаму яна «дыхала», — дзяліўся падчас допыту сваімі страшнымі ўспамінамі жыхар спаленай вёскі Байкі С.Шабуня.
А гэтыя радкі — з успамінаў ружанскага святара Іаана Наўроцкага: «Вечарам 21 студзеня 1944 года жыхары Ружан былі ўстрывожаны прыездам нейкай нямецкай вайсковай часці. Яшчэ больш трывожыла, што ў гэты ж вечар было аддадзена распараджэнне сабраць у Ружаны на ноч 200 падвод і 60 чалавек з рыдлёўкамі. Жыхары пасёлка не прадбачылі ў гэтым для сябе нічога добрага. Я жыў у той час на Савецкай вуліцы, якая вядзе да вёскі Байкі, што знаходзіцца за чатыры кіламетры ад Ружан, і на світанку пачуў, што на вуліцы адбываецца нейкі незвычайны для гэтага часу рух. Распытаў падводчыкаў, і яны паведамілі, што едуць у невядомым накірунку і з невядомай ім мэтай. Раніцай 22 студзеня 1944 г. я па сваіх службовых справах быў у вёсках Карасі і Воля — адтуль было відаць, як з Байкоў у Ружаны гналі жывёлу і везлі няхітры хатні скарб. Чутны былі нейкія крыкі, брэх сабак. Гадзін каля 13-14 крыкі ў Байках узмацніліся і сталі чутны адзінкавыя і серыйныя аўтаматныя стрэлы, якія доўжыліся да гадзін 17, а крыкі станавіліся ўсё цішэй… Раптам у Байках успыхнуў агонь, загарэлася пабудова, другая, трэцяя, прычым агонь рухаўся супраць ветру — было зразумела, што немцы і падпальшчыкі заканчвалі сваю «працу». Доўга, да позняй ночы, гарэлі Байкі…».
З таго часу мінула 77 гадоў. Вёска Байкі адноўлена. Сёння ў ёй налічваецца каля ста жыхароў.
— Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны — гэта памяць не толькі пра вялікія перамогі, подзвігі, але і пра страшэнныя ахвяры, у тым ліку і сярод грамадзянскага насельніцтва, — гаворыць старшыня ветэранскай пярвічкі Ружанскага сельсавета Аляксандр Раўнейка. — Нямала іх налічваецца і на Пружаншчыне. Але аказваецца, што сёння ўжо далёка не кожны ведае гісторыю свайго краю. Больш за тое, гісторыю, напісаную крывёю нашых продкаў, спрабуюць перапісаць. Але хіба можна аддаць забыццю тую ж трагедыю ў Байках?! На месцы брацкага пахавання, калі туды ні заязджаю, заўсёды чыста, акуратна. Памяць пра загінуўшых увекавечылі ў стэле і на плітах, дзе напісаны прозвішчы ахвяраў. Безумоўна, чапаць астанкі гэтых людзей нельга. Але чаму б не паставіць дзе-небудзь каля трасы, якая праходзіць паблізу з месцам трагедыі, яшчэ і мемарыяльны помнік — напамін? Бо вельмі прыкра апошнія месяцы чуць, як з‘яўляюцца спробы з бязлітасных акупантаў беларускай зямлі зрабіць вызваліцеляў… Прыярытэты і маральныя каштоўнасці нашчадкаў Вялікай Перамогі, адназначна, павінны быць не такімі!
22 сакавіка, у Дзень памяці ахвяраў трагедыі ў Хатыні, каля брацкага пахавання ў Байках па ініцыятыве Ружанскага сельвыканкама прайшоў мітынг-рэквіем. Каб ушанаваць памяць забітых гітлераўцамі, у гэтым свяшчэнным месцы Пружаншчыны сабраліся школьнікі з Ружанскай СШ, прадстаўнікі калектываў ААТ «Ружаны-Агра», ААТ «Санаторый «Ружанскі» і ветэранскай арганізацыі ракетных войскаў стратэгічнага назначэння.
Чырвонай ніткай у прамовах выступоўцаў прайшла думка аб недапушчальнасці забыцця таго, якім коштам нашым продкам давялося здабываць мірнае неба для сваіх нашчадкаў.
Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка.
Марына Вакульская.