У некалі шумных і шматлюдных Байках, што непадалёку ад Ружан, сёння прыезджых сустракаюць пустыя вясковыя вулачкі. Аказалася нават складана знайсці, у каго спытаць пра дом, дзе пражывае былая партызанка Любоў Іванаўна Баран. Але, даехаўшы да брацкага пахавання, якое нагадвае пра трагічную старонку гісторыі вёскі, нарэшце трапляем па належным адрасе.
На хаце, дзе жыве пенсіянерка, вісяць дзве шыльды. Адна з надпісам: «У гэтым доме нарадзіўся Ціхан Баран, які паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна», другая сведчыць, што тут у гады вайны працавала падпольная друкарня.
Аповед пра сваё жыццё, пра лёс сваякоў Любоў Іванаўна пачынае са шматзначнага: «Чаго толькі не давялося прайсці ў жыцці…» Нялёгкія ўспаміны, навеяныя чарговым жыццёвым рубяжом — 90-годдзем, вяртаюць пажылую жанчыну ў 1940-я гады.
— Нас у бацькоў было трое, але вайну перажыла толькі я, — расказвае Любоў Іванаўна. — Старэйшая сястра Ніна загінула ў партызанах, малодшая Нюра пазбегла нямецкай турмы, але не выратавалася, калі немцы палілі сяло. А мне жыццё дасталося нялёгкай цаной…
Як вядома, у гады нямецкай акупацыі на Ружаншчыне актыўнае супраціўленне захопнікам аказвалі народныя мсціўцы. Тут былі ўсе ўмовы для партызанскага руху: дрымучыя лясы, непраходныя балоты, а галоўнае — адчайна смелыя людзі.
Любоў Іванаўна была сувязной партызанскай брыгады імя Панамарэнкі. У 1943 годзе жанчыну ў ліку некалькіх дзясяткаў мясцовых жыхароў арыштавалі: спачатку трымалі ў Ваўкавыскай турме, затым адправілі ў Беласток, адкуль яна трапіла ў Равенсбрук. Жанчына прайшла сапраўдны ад, якім аказаўся жаночы канцэнтрацыйны лагер, па дванаццаць гадзін стаяла за такарным станком.
Праз лагерныя выпрабаванні прайшлі і яе бацькі.
Гаспадыня знаёміць нас з людзьмі, што бязмоўна глядзяць з чорна-белых партрэтаў на сцяне. На большасці фотаздымкаў — сваякі мужа.
— З сям‘і Баранаў таксама мала хто выжыў, — гаворыць пенсіянерка. — Васіль загінуў у партызанах, пахаваны ў Гута-Міхаліне, Уладзімір не вярнуўся з фронту, застаўся ляжаць у чэхаславацкай зямлі, Ціхана застрэлілі немцы, з абедзвюма сёстрамі мужа жорстка расправіліся карнікі падчас знішчэння Байкоў. З шасці дзяцей у бацькоў застаўся толькі мой Павел, які пасля вызвалення Беларусі трапіў на Дальнеўсходні фронт.
У Байках сям’я Баранаў легендарная. Іх дом быў цэнтральным вузлом для партызанаў, тут жа размяшчалася падпольная друкарня, рэшткі якой захаваліся і да сённяшняга дня. Уся сям’я — ад малых да старых — трымала сувязь з партызанамі, а 12-гадовы Ціхан увайшоў у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны як «піянер-герой».
Гэта было ў студзені 1944 года. Зразумеўшы, што Байкі — апорная база партызан, немцы вырашылі знішчыць вёску. Трагедыю Байкоў нярэдка параўноўваюць з Хатынскай. У той зімовы дзень усіх 957 жыхароў вёскі расстралялі, а вёску спалілі. Ціхана Барана не забілі: спадзяваліся, што перапалоханы падлетак пакажа дарогу да партызан. Але хлопчык прывёў карнікаў у багно, адкуль тыя выбрацца ўжо не змаглі. Так хлопчык адпомсціў фашыстам — за бацькоў, сясцёр, братоў, за вёску.
— Не ведаю, праўда ці не, але гаварылі, што там загінулі каля двухсот немцаў. Канкрэтнае месца гібелі самога хлопчыка не вядома, — кажа Любоў Іванаўна.
Магчыма, гэтая гісторыя ніколі не стала б вядомай, калі б не знойдзены пасля вайны дзённік нямецкага афіцэра. Маючы на ўвазе байкоўскага хлопчыка Ціхана Барана, ён напісаў: «Мы ніколі не пераможам рускіх, таму што нават дзеці ў іх змагаюцца, як героі».
У 1945 годзе, калі Любоў Іванаўна вярнулася дамоў, на месцы роднай вёскі яе чакала папялішча. Калі даведалася, якая трагедыя здарылася ў Байках, зразумела: канцлагер для яе самой, яе бацькоў, бацькоў Ціхана аказаўся выратаваннем.
— Вось як у жыцці бывае: думалі, што нас адправілі на верную смерць. А ўсё абярнулася наадварот: дзякуючы зняволенню мы выжылі, — кажа састарэлая жанчына.
Жыццё пачыналі з чыстай старонкі: працавалі, будаваліся. На месцы спаленай хаты Баранаў была ўзведзена новая. У ёй і пражылі большую палову жыцця Любоў Іванаўна і Павел Максімавіч. Жанчына працавала ў паляводстве. А Павел Баран стаў першым старшынёй калгаса ў Байках, уздымаў сельскую гаспадарку ў Бярэзніцы, Юндзілах.
Сёння Любоў Іванаўна — адзіная сведка Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы і апошняя галінка ў радавым дрэве сям’і Баран. Вось ужо больш дваццаці гадоў жанчына жыве адна: муж памёр, а дзетак Бог не даў. Праўда, далёкая сваячка з Ружан не дае пенсіянерцы бавіць дні ў адзіноце, дапамагае па гаспадарцы.
Быццам старонкі кніжкі гартае, расказвае юбілярка сваю біяграфію, насычаную рознымі падзеямі — прыемнымі і не вельмі. Госці — старшыня прафкама работнікаў АПК І.І.Ярома і намеснік старшыні раённага савета ветэранаў М.Р.Чарвяк, якія прыехалі ад усяго сэрца павіншаваць Любоў Іванаўну Баран з днём нараджэння, — пасля пачутага толькі здзіўляюцца мужнасці і стойкасці людзей яе пакалення: прайшоўшы праз такія выпрабаванні, яны не згубілі галоўнага — чалавечнасці і бадзёрасці духу.
Марына Вакульская