Для каго як, а для мяне самае цікавае падчас сустрэч з героямі будучых публікацый — разглядаць старыя фотаздымкі. Часам яны расказваюць нават яскравей, чым людзі. Так здарылася і падчас сустрэчы з Мікалаем Сцяпанавічам Кундам. Жыхар Плябанцаў якраз на стары Новы год адзначыў сваё 85-годдзе. Але лёс яго настолькі цесна пераплёўся з лёсам роднай вёскі, што расказваць пра іх паасобку проста немагчыма.
Фотаздымкаў у Мікалая Сцяпанавіча аказалася нямала, ды яшчэ свае альбомы прынесла яго пляменніца і хрэсніца Валянціна Кунда, яна ж — стараста Плябанцаў. Разбіраем усё гэтае адлюстраванне жыцця, слухаем тлумачэнні.
— Салдат польскай арміі з шабляй у руцэ — дзядуля Сцяпан. Фота прыкладна 1937 года, а ў 38-м і хросны нарадзіўся. А вось тут — бабуля Воля з трыма сынамі: тата мой Васіль, дзядзька Валодзя і самы маленькі хлопчык — Міколка, хросны, — паказвае Валянціна Васільеўна. — Чацвёрты сын Міша нарадзіўся пасля вайны, калі дзядуля вярнуўся з нямецкага палону, куды трапіў яшчэ ў 39-м.
— А гэта вучні Плябанцаўскай пачатковай школы, — узгадвае Мікалай Сцяпанавіч. — У пасляваенны час першы і другі класы вучыліся пасля абеду, а трэці і чацвёрты — з раніцы. Потым у гэтым будынку клуб быў, а цяпер гэта звычайны жылы дом.
— Старая хата, дзе жыла наша сям‘я. Тут я нарадзіўся. А ўжо пры калгасе далі нам 5 кубоў лесу, маўляў, будуйцеся, каб выгляд вёскі гэтае старэчча не псавала.
— Год прыкладна 1956, яшчэ да арміі, не глядзі, што ў шынялі. Маці купіла мне шынель на базары, бо хадзіць няма ў чым было. У армію я ў 57-м пайшоў. А тут з машынай пасля арміі ўжо, калі працаваў і вучыўся ў вячэрняй школе. Вадзіцелем прарабіў, лічы, усё жыццё…
— Дом, у якім нарадзіўся Іван Чарнякевіч, расійскі мастак, — зноў тлумачыць Валянціна Васільеўна. — Яго бабуля Юлія з нашай бабуляй Вольгай родныя сёстры.
— Плябанцаўская малышня на вясковай вуліцы. Цяпер ужо ў многіх з гэтых дзетак унукі падрастаюць. А гэтае вяселле, памятаю, было ў Шакунах 15 лютага 1969 года. Усе дарослыя паехалі на яго, а вярнуцца не змаглі – столькі снегу насыпала, і мы, дзеці, адны начавалі. На снег тады багатыя гады былі, мы на лыжах каталіся з насыпу на Песчыне. Насып застаўся з часоў, калі пасля вайны тут знаходзілася стрэльбішча курсантаў Пагранічнай школы. Пазней тут паставілі вышку для аховы лесу, яе называлі «маяк», а цяпер ўжо суцэльны лес вакол.
— Жніво на асабістых палетках. Вось так жалі сярпамі і снапы вязалі. А гэта кароў пасвілі. У Плябанцах некалі 200 свойскіх кароў было, пасвілі ў чатыры калейкі. Ды і іншай жывёлы шмат трымалі, коней, ужо не кажу пра свіней.
Адкуль і калі вёска пайшла?
У 1522 годзе ў Пружанах пабудавалі касцёл, асвечаны ў гонар Сігізмунда і Вацлава (ён стаяў прыкладна на месцы цяперашняга ўнівермага). Побач знаходзілася плябанія — дом святара з гаспадарчымі пабудовамі, а дастаткова вялікія зямельныя надзелы, якія належалі касцёлу згодна з фундушам каралевы Боны Сфорца, размяшчаліся на поўдзень ад тагачаснай вуліцы Хвацкай (пазней яе сталі называць Хватка, а цяпер гэта вуліца Леніна). Прыкладнае апісанне гэтых участкаў ёсць у інвентары 1563 года. Верагодна, што каля сельскагаспадарчых угоддзяў, якія патрабавалі догляду, і з‘явіліся першыя дамы будучай вёскі. Упаміны пра яе існуюць у дакументах 1726 і 1775 гадоў (на той час было тут 47 двароў), а са спісу каталіцкіх вернікаў за 1834 год нават даведваемся некаторыя прозвішчы: Вайцяховіч, Віліхоўскі, Пятроўскі, Люкевіч, Жабіцкі… Усяго ў гэтым спісе каля 70 імёнаў.
У той час быў тут і фальварак з фермай, садам і сажалкай. Яны пазначаны і на даваенных картах Пружаншчыны.
Ох, вайна…
Калі пачалася вайна, Міколку чацвёрты гадок ішоў. Але гул варожых самалётаў, што ляцелі на ўсход, запамятаваў. А астатняе? Працавалі, як і раней, на гаспадарцы, пастаўку здавалі.
— Солтыс побач з намі жыў, ён быў звязаны з партызанамі ў Козі-Бродзе, — кажа Мікалай Сцяпанавіч. — Ён партызанаў уводзіў у курс справы, што немцы робяць, гавораць. Партызаны па начах прыходзілі, ды ніколі ніхто іх не выдаваў, таму нікога ў нас і не забілі, як, напрыклад, у Шанях, дзе колькі народу на Песчыне ды каля Слабудкі расстралялі. Кожны дзень ад гміны (яна каля «сёмага» магазіна была) праязджаў на веласіпедзе немец: у Плябанцы, Кацёлкі, Шубічы і назад. Калі ў іншых вёсках гусака немцу ў торбу не паклалі, то солтыс наш ішоў да Івана Рагача, у якога было сто гусей, прасіў.
Але перад самым вызваленнем многіх плябанцаўскіх жыхароў усё ж сагналі ў белую турму, што насупраць касцёла была. Маму маю таксама хацелі забраць, а я закрычаў: «Мама, хлеба з сабой вазьмі». Немец паглядзеў на мяне і адштурхнуў маму ўбок, а таксама яшчэ адну жанчыну. А на суседку закрычаў: «Партызан!» Тую бабу і забралі. Але раптам яна прыбегла пасярод ночы, расказала, што ў турме шмат людзей аказалася, чалавек 300, плакалі, маліліся ўсе, таму што быў загад турму ўзарваць. Толькі немцы ўцякалі ўжо, і вартаўнік дзверы адчыніў. Кажа, дзякуй Богу, усе жывыя засталіся…
Першы калгас — «Чырвоны сцяг»
Заметка ў газеце «Красное знамя» за 12 верасня 1948 года сведчыць пра тое, што сялянскія гаспадаркі Плябанцаў аб‘ядналіся ў калгас амаль аднайменны з пружанскай «раёнкай» — «Чырвоны сцяг», першым старшынёй праўлення якога стаў Іван Іванавіч Бабрук. Як гэта адбывалася на справе, таксама ўзгадаў Мікалай Кунда.
— Хадзілі па хатах, выклікалі на сход, угаворвалі. Пяць баб і пайшлі, наша мама таксама. Зямлі ў нас было гектар з лішкам ды трое дзяцей. Страшна было ісці: зямлю аддай, каня, плуг з бараной аддай… Пяць гаспадынь — пяць кароў у адзін хлеў паставілі. Танечка даіла, я карміў. Колькі мне тады гадоў было, але ўсе працавалі, малы, вялікі, ніхто не лічыў. Пайду кароў карміць, а есці хочацца. Гаршчочак маленькі ў мяне быў, Тані падстаўлю, яна нацыркае туды крыху малака, каб папіў, а потым гаршчочак у гной схаваю: вельмі строга з гэтым было, пакараць маглі за дробязь. Надоенае малако ў флягі сальем, і я вязу на млячарню, прыёмны пункт маслазавода, які знаходзіўся за будынкам першай школы, насупраць цяперашняга рэстарана.
Спачатку калгас вельмі бедны быў, наогул нічога не плацілі, потым пачалі даваць па 100 грамаў зерня на працадзень. Так што жылі, лічы, за кошт прысядзібнага ўчастка. 37 сотак зямлі пад агарод нам далі. Хлеб калі пяклі, то абавязкова да мукі бульбу, моркву дадавалі. Касец на палетак браў яйка ды камяк таўканіцы. А працавалі як на гэтай ежы! 12 касцоў за раніцу да лесу палетак выкасяць і прыбяруць. Гэта зараз не хочуць працаваць, хочуць, каб лёгка было. А як зведаць, што такое лёгка, калі цяжка не працаваў?
Вельмі павольна, але ж жыццё наладжвалася. І адзіналічнікі адзін за адным сталі здаваць сваю зямлю, казалі: «Якія ж мы дурні, што адразу ў калгас не пайшлі». Тым, хто не хацеў ісці ў калгас, прыходзіла пастаўка на здачу зерня, патрэбна было таксама адрабіць шарварак: зімой лес вывозілі да дарогі, адкуль яго ўжо можна было на транспарт грузіць.
Жылы мікрараён на месцы саду
Вёска Плябанцы зараз фактычна ўвайшла ў гарадскую забудову, сярод уладальнікаў дамоў тут нямала гараджан, так званых «дачнікаў». Зручна: паветра вясковае, а гарадскі аўтобус недалёка спыняецца. Ды і ўласныя аўтамабілі амаль ва ўсіх цяпер.
Здаецца, мала чым вясковая вуліца цяпер адрозніваецца ад суседніх, ужо гарадскіх. Але ці ведаюць жыхары такіх вуліц, як Плябанцаўская, Тадэвуша Касцюшкі, Францішка Скарыны, Каштанавая, Бярозавая, Кляновая, Яблыневая і Вішнёвая, што забудова новага мікрараёна вялася на месцы былога плябанцаўскага саду? Сюды ўвайшлі таксама часткі вуліц Шашэйная і Ефрасінні Полацкай.
Мы ўжо ўпаміналі, што сад тут быў і ў даваенныя часы, па-мясцоваму яго называлі «ксёндзаўскім». А з другой паловы 1940-х у раёне пачалі старыя сады амалоджваць, закладваць новыя: пры школах, прадпрыемствах, калгасныя і саўгасныя. Дадатковы штуршок садаводству даў 100-гадовы юбілей І.П.Мічурына, які шырока адзначаўся ў 1955 годзе. У тым ліку і ў Плябанцах. Як сведчыла «раёнка» за 26.10.1955, група калгасніц калгаса імя Панамарэнкі на чале з садаводам Рыгорам Голадам прывяла ў парадак 15 га старога саду і пасадзіла 3 га новых насаджэнняў. Чаму назва іншая? Справа ў тым, што пачалося ўзбуйненне і Плябанцы злучыліся з калгасам, першапачаткова створаным у Арабніках. Але рэарганізацыі на гэтым не скончыліся: маламоцная гаспадарка ўлілася ў саўгас «Белавусаўшчына», а ў 1965 годзе наогул была далучана да Пружанскага саўгаса-тэхнікума.
— Сад садзілі ўручную, 50 гектараў яго было, — расказвае Мікалай Сцяпанавіч. — Яблыкаў адсюль колькі здавалі, суніцы раслі, парэчкі чорныя. Кароль Саскевіч той сад, а потым агароды даглядаў. А на калгасным двары, там, дзе буслаўка, кузня стаяла. Не было каваля, дык бацька аднойчы пазнаёміўся з Пятром Грышкевічам з Дзікіх Лозаў, запрасіў яго. І быў гэта такі каваль, што з вобласці ўсёй прыязджалі. Нават сярпы рабіў, а добры серп выцягнуць вельмі складана.
Агароднінны ўчастак з цяпліцамі добра памятае настаўнік пружанскай гімназіі Сяргей Саскевіч.
— Аляксандр Саскевіч, якога па-вулічнаму называлі «Каралём», гэта мой дваюрадны дзед, — кажа Сяргей Уладзіміравіч. — Ён шмат эксперыментаваў з сартамі і нават спрабаваў вырошчваць кавуны. Але, напэўна, клімат яшчэ ў нас быў малапрыгодным для гэтай культуры: памятаю, што яны вырасталі дробныя і несалодкія.
Пра веру і ліпу для іканастаса
Плябанцы зараз адным бокам упіраюцца ў вуліцу Горка, так што Спаса-Праабражэнская царква на могілках зусім побач. Мікалай Кунда з часу яе ўзнаўлення, а гэта ўжо 20 гадоў, прыслужвае тут, дапамагае настаяцелю айцу Ігару Мрыхіну, чым можа. Ды дапамагаў і раней. Калі яшчэ толькі будавалі храм, узнікла затрымка: патрэбна была ліпавая драўніна для іканастаса.
— Якая можа быць затрымка, калі ліпы ў агародзе растуць? — паціскае плячыма Мікалай Сцяпанавіч. — Спілаваў іх, запрог два кані, хлопцам пляшку паставіў, завезлі на тартак, распілавалі… Я заўсёды ў царкву хадзіў, нават калі ў райвыканкаме і аддзеле народнай адукацыі шафёрам працаваў. Аддзел адукацыі быў каля пошты, а гаражы на Камсамольскай. Аднойчы адтуль чую, звоняць у Аляксандра-Неўскім храме. Сярод белага дня! Што нарабілася? На «Масквіч» — і туды. А гэта пяціпавярхоўку будавалі на вуліцы Савецкай і яму выкапалі пад самы царкоўны плот. Людзей набегла! А Марыя Мардань, што была ў царкве прыбіральшчыцай, скокнула ў тую яму. І экскаватар спыніўся. Мы сталі даказваць, што нельга чапаць царкоўную агароджу. Будаўнікі слухалі, слухалі, потым рукой махнулі, яму засыпалі.
Паклонны крыж з нержавейкі, які стаіць на ўездзе ў Плябанцы, Мікалай Кунда таксама паставіў сам, на свае грошы.
— Вось чалавек памаліўся і думае: цяпер ужо буду ў раі, — разважае ён. — А не! Трэба справай заслужыць. Некалі пры немцах мой дзядзька зрабіў два крыжы драўляныя, абаронцы сяла. І ў вайну нікога тут не забілі, не спалілі. Калі тыя крыжы састарэлі, іх спалілі ля маяка. З гэтага боку я новы паставіў, а з другога хто паставіць?
Сімвал жыцця — буслянка
— Плябанцы вельмі памяняліся — і не ўсе гэтыя змяненні да лепшага, — працягвае дзядзька Мікалай свае разважанні. — Зараз мы жывём так, што нават не снілася ў галодныя ваенныя і пасляваенныя гады. А цяпер адносіны да хлеба памяняліся. Людзі сталі азлобленыя, адзін аднаму зайздросцяць. Некалі ўся вуліца лавачкамі была застаўлена, каля кожнага дома. У нядзелю з раніцы пайшлі ў царкву, пасля абеду — на лаўкі селі. А зараз і людзі ў царкву не ідуць, і буслы ў нас не селяцца.
Каля хаты Кундаў на дрэве месціцца вялізная старая буслянка, але птушкі пасяліцца ў ёй не могуць, перашкаджаюць галіны, якія самастойна пенсіянер ужо не абрэжа.
— Шкада. Калі б у агародзе электрыкі паставілі які слуп, можа, зноў пасяліліся б тут буслы, сімвал таго, што жыццё працягваецца. У мінулым годзе бусел на слупе электраперадачы пачаў гняздо рабіць, а потым спыніўся. А восенню прыляцеў, цэлую ноч начаваў з маладняком. Бацька на слупе, а малыя па баках коміна…
Ідэю з буслянкай падтрымлівае і стараста Валянціна Кунда. А на просьбу назваць вясковыя праблемы, паказвае на паласу старых дрэў, якая аддзяляе Плябанцы ад шашы ў напрамку Шарашэва.
— Паглядзіце, як неахайна выглядае, паламаных дрэў шмат, ламачча, зараснікі, — заўважае Валянціна Васільеўна. — Нейкі гэты ўчастак безгаспадарны атрымаўся. А яшчэ сажалку зарослую варта пачысціць, прывесці ў парадак. Вельмі хацелася б, каб звярнулі нарэшце на яе ўвагу. Усё астатняе, напэўна, толькі ад нас, сённяшніх жыхароў вёскі, залежыць.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік і з сямейных архіваў М.С. Кунды і В.В. Кунды.