Суббота, 26 апреля 2025

Вёсачка родная мая. Чадзель: любоў і «Каханачка»

919

Бывала ў вас такое? Прыязджаеш у незнаёмую вёску, праходзіш па вуліцы, пачынаеш размаўляць з жыхарамі — і падаецца раптам, нібыта сто разоў, ці то ў іншым жыцці, ці то ў чароўным сне ты тут бывала, і ўсё навокал роднае і любімае. І сэрца баліць, што вось гэтая хацінка з праваленым дахам засталася пакінутай і нікому не патрэбнай. І душа радуецца прыгожаму кветніку каля дагледжанага дома побач…

Падобнае адчуванне дэжавю прыйшло ў вёсцы Чадзель, якая ў нядзелю адзначала свой чарговы дзень нараджэння.

Вядучыя Таццяна Папко і Ірына Параняк дакладна падлічылі, што вёска з‘явілася на свет 381 год таму. Ва ўсялякім разе, менавіта 1641 годам датаваны першы ўпамін пра яе, зроблены падчас рэвізіі Белавежскай пушчы, якая на тыя часы знаходзілася ў каралеўскім уладанні. З ляснога водступу — участка, дзе паляўнічыя наладжвалі аблавы на звяроў, Чадзель разросся ў прыгожую вёсачку. Яна набіралася моцы, сталела пад сенем векавых дрэў, пакутавала ў полымі фашысцкіх вогнішчаў, выстаяла, як і той легендарны чадзельскі дуб, ля якога 29 чэрвеня 1941 года адбыўся жорсткі бой адступаючых чырвонаармейцаў з гітлераўцамі. Пасля вайны спаленая вёска адбудоўвалася, гуляла вяселлі, звінела дзіцячымі галасамі. А потым… нечакана пачала старыцца.

— Вельмі шкада, што цяпер жыхароў у нас усё менш, — кажа стараста вёскі Марыя Лазарава. — Некалі было 460 чалавек, а засталося 25, у асноўным пенсіянеры. Але ў нас вельмі цудоўныя людзі. А якія працавітыя! Старэнькая бабуля, здаецца, зусім, а шторанак спяшаецца ў лес па лісічкі. Інакш яны не могуць.

Марыя Іванаўна некалі па сямейных абставінах вярнулася на малую радзіму ажно з Санкт-Пецярбурга, працавала тут загадчыцай фермы, калі яе закрылі, перайшла на комплекс. Цяпер на пенсіі, але па-ранейшаму актыўная, усім сэрцам перажывае за будучыню роднай вёскі і клапоціцца пра яе насельнікаў.

— Дзякуй за тое, што вы прыехалі, — звяртаецца яна да шматлікіх гасцей, што сабраліся на свята. — І прашу вас, прыязджайце часцей! Наведвайце бацькоўскія дамы, даглядайце іх. Вы жывяце ў іншых мясцінах, але мы ведаем, калі ў вас што адбылося, хвалюемся за кожнага. Ведайце, ваша вёска, вашы землякі заўсёды побач, заўсёды
чакаюць. Не забывайце і вы пра нас!

Каравай ад «Каханачкі». Яўгенія Васілюк (справа) і стараста вёскі Марыя Лазарава.

Але, напэўна, ёсць рэчы, пра якія забыць проста немагчыма. Кіраўнік вакальнага гурта «Каханачка» Ліноўскага СДК Яўгенія Васілюк прызнаецца, што даўно выношвала мару: прывезці дзяўчат у вёску свайго дзяцінства, адкуль яе сям‘я выехала больш за паўстагоддзя таму. І вось сёлета гэта атрымалася. Менавіта «Каханачка» пры дзейснай падтрымцы работнікаў Роўбіцкага СДК і стала завадатарам свята. Пад задорныя і лірычныя песні вяскоўцы ўсіх пакаленняў танцавалі, радаваліся сустрэчы, частаваліся неверагодна смачным караваем.

61 год пражылі разам Яўген Іванавіч і Лідзія Уладзіміраўна Кашубы. Лідзія Уладзіміраўна, да таго ж, сёлета і 80-годдзе адзначыла.

І атрымлівалі падарункі, зразумела. Традыцыйна іх уручылі і старажылам, і юбілярам, і сямейным парам, якія адзначылі брыльянтавыя і больш значныя даты сумеснага жыцця. Дарэчы, абодва найстарэйшыя жыхары маюць па 88 гадоў. Гэта Настасся Канстанцінаўна Літвінюк і Аляксандр Ануфрыевіч Пілюцік.

Але галоўнае ўсё ж не падарункі, а ўвага, памяць. Пра гэта казаў і Мікалай Краўчук, цяперашні жыхар г.Мінска, дарэчы, палкоўнік міліцыі.

Алена Ануфрыеўна Клімец (справа), былая даярка калгаса «Шлях Леніна», якая ў 1971 годзе выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР па Шарашоўскай выбарчай акрузе.

— Хацелася б узгадаць людзей, якія жылі побач, аддана працавалі, далі пуцёўку ў жыццё наступным пакаленням, нам з вамі. Тых, хто загінуў у гады ваеннага ліхалецця і тых, хто прайшоў вайну, вярнуўся з раненнямі, уздымаў вёску, калгас. Сярод іх быў і мой бацька Мікалай Аляксандравіч Краўчук, за годную работу адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Наша суседка Алена Ануфрыеўна Клімец у свой час была выбрана дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Ды пра кожную сям‘ю нямала варта было б расказаць. Зараз можна прыязджаць у Чадзель, каб слухаць цішыню, а некалі тут бруіла жыццё. Калі сем гадоў мне споўнілася, у 1965 годзе, тры летнія месяцы я хадзіў дапамагаць будаўнікам, якія ўзводзілі новую школу. Так мне хацелася, каб паспелі яны да 1 верасня. Ішоў праз поле, дзе каласілася жыта, а ў ім раслі валошкі, спявалі жаўрукі…

Валошак, жаўрукоў і жытнёвых палеткаў нямала ў наваколлі чадзельскім і зараз. Праўда, няма ні школы, ні фермы, ні танцпляцоўкі, якую з замілаваннем узгадвала Яўгенія Васілюк. А вось тое, што пануе ў вёсцы і што нельга не заўважыць, гэта нейкая ўсеагульная любоў, добразычлівасць.

Таццяна Краўчук, якая жыве ў Калядзічах, кажа:

— Тут проста цудоўныя, шчырыя людзі жывуць. Калі мне сумна, цяжка на душы, еду ў родную вёску, каб наталіцца любоўю аднавяскоўцаў. І, ведаеце, дапамагае.

Так што вяртайцеся ў родную вёску часцей. Вяртайцеся дадому.

Ірына Сядова. Фота аўтара

Фотаальбом са свята в. Чадзель: https://ok.ru/budni/album/945056152712