Понедельник, 2 декабря 2024

Вынікі работы, узнагароджанне і выбары старшыні арганізацыі. Адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя ГА «Белая Русь»

582

На мінулым тыдні прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

Членаў аб’яднання, гасцей канференцыі, якія сабраліся ва ўтульнай малой зале Палаца культуры, вітала старшня РА РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан. Удзел у рабоце канферэнцыі прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Пасля правядзення пратакольных мерапрыемстваў прысутныя заслухалі даклад старшыні арганізацыі Таццяны Кашкан.

У сваёй справаздачы аб рабоце арганізацыі на працягу трох гадоў Таццяна Канстанцінаўна расказала аб рознага роду мерапрыемствах, якія праводзіў актыў РА РГА «Белая Русь». А іх, паверце, было нямала: тут і ўдзел у акцыях, прысвечаных дзяржаўным святам, важным палітычным падзеям. Рэгулярна працавала грамадская прыёмная, куды прыходзілі людзі з рознымі пытаннямі, прапановамі і інш. Адзначу, што дзякуючы Таццяне Канстанцінаўне, яе актыўнай жыццёвай пазіцыі і ініцыятыўнасці, уменню знайсці да кожнага падыход, зразумець кожнага, дзейнасць арганізацыі была бачна не толькі ў межах раёна, але і вобласці.

Затым адбылося абмеркаванне даклада. Кожны з выступоўцаў даваў толькі станоўчую адзнаку рабоце арганізацыі.

Заслухалі даклады старшыняў камісій: кантрольна-рэвізійнай, мандатнай, рэдакцыйнай. Даклады былі зацверджаны аднагалосна.

Адбыліся выбары новага склада савета арганізацыйнай структуры, кантрольна-рэвізійнай камісіі, а затым і старшыні арганізацыі. Руслан Супрыновіч прапанаваў абраць на новы тэрмін старшынёй раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Таццяну Кашкан. Усе аднагалосна пагадзіліся з гэтай прапановай. Сапраўды, поспех работы, дзеяння любой арганізацыі не ў апошнюю чаргу залежыць ад яе кіраўніка, лідара, яго моцнага характара, няўрымслівасці, умення павесці за сабой. Усе гэтыя якасці ў Таццяны Канстанцінаўны ёсць.

Былі абраны дэлегаты на абласную канферэнцыю.

Напрыканцы адбылося ўзнагароджанне актывістаў арганізацыі.

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://ok.ru/budni/album/940981958024