Адным з самых масавых і пазнавальных грамадскіх аб’яднанняў краіны сёння, безумоўна, з’яўляецца «Белая Русь». У яе радах па-сапраўднаму актыўныя, нераўнадушныя да будучыні Беларусі людзі. Да таго ж менавіта гэтае грамадскае аб’яднанне ў мінулым годзе, па сутнасці, дало жыццё новай палітычнай партыі пад аднайменнай назвай. На мінулым тыдні падчас сходу актыву Пружанскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» гаварылі ў тым ліку і пра гэта.

Увогуле, па словах Таццяны Кашкан, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання, якую яна ўзначальвае, існуе ў Пружанскім раёне ўжо 16 гадоў. Зараз у радах «Белай Русі» — 1175 чалавек, больш за 10 % з якіх — маладыя людзі.

Напачатку мерапрыемства да членаў грамадскага аб’яднання звярнуўся старшыня раённага савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Ён жа з’яўляецца членам Савета раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», а таксама ўзначальвае пярвічку ў райвыканкаме, таму ў справы аб’яднання пагружаны дэталёва.

Асаблівы акцэнт у выступленні Мікалай Пятровіч зрабіў на тых момантах, дзякуючы якім Беларусь застаецца сацыяльнаарыентаванай дзяржавай. Старшыня раённага Савета дэпутатаў прывёў мноства прыкладаў. Сярод іх падтрымка ў нашай краіне дзяцей і сем’яў, шматдзетных жанчын, выплаты пенсій і іх павышэнне, чарговае, дарэчы, адбудзецца ўжо з 1 лютага.

Расказваў Мікалай Пятровіч і пра тое, што робіцца для камфорту людзей на Пружаншчыне, нагадаў пра нядаўна адкрытае аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Лыскаве і адзначыў, што зараз у Шарашэўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ідзе будаўніцтва сучаснага харчаблока. Працягваецца замена вулічнага асвятлення ў раёне, толькі за мінулы год было заасфальтавана 5,5 км вуліц у горадзе і каля 10 — у сельскай мясцовасці. Чакаем завяршэння будаўніцтва прыбудовы пад КТ і яго пастаўку ў Пружанскую ЦРБ, працягваецца рэстаўрацыя Ружанскага палаца… І гэта толькі некаторыя факты з ліку таго, што робіцца для людзей.

Не мог абысці Мікалай Кудравец і электаральную кампанію-2024. Падрабязна спыніўся на навацыях і асаблівасцях сёлетніх выбараў. Напрыклад, падчас датэрміновага галасавання ўчасткі цяпер будуць працаваць без перапынку, з 12 да 19 гадзін. Дарэчы, убачыць у складзе камісій, згодна з дадзенымі, якія апублікаваў Цэнтрвыбаркам, можна будзе шматлікіх прадстаўнікоў «Белай Русі» — як партыі, так і грамадскага аб’яднання. Таксама зараз, па словах Таццяны Кашкан, ідзе падрыхтоўка да работы грамадскай прыёмнай «Белай Русі», дзе можна будзе атрымаць інфармацыю пра выбары-2024. Аналагічная, нагадаем, працавала напярэдадні рэферэндуму ў 2022 годзе.

У сваёй справаздачы старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання расказала пра вынікі работы, пачынаючы з 21 мая 2022 года. Аповед Таццяны Канстанцінаўны суправаджаўся прэзентацыяй са шматлікімі фота. Гэта акцыі і фотафлэшмобы, конкурсы, такія, як «Залатое пяро «Белай Русі», «У новы год — з «Белай Руссю», «Белая Русь» — дзецям Данбаса», віншаванне работнікаў і ветэранаў і многае-многае іншае. Даведацца пра работу раённай арганізацыі можна як у Instagram, так і ў «Аднакласніках», а многія мерапрыемствы, праведзеныя пярвічкамі менавіта нашага раёна, былі прызнаны лепшымі ў вобласці і нават краіне. Самымі актыўнымі за мінулы перыяд Таццяна Кашкан назвала пярвічкі «Белай Русі» Пружанскай ЦРБ, аддзела культуры, малочнага камбіната, Ружанскага сельвыканкама, СШ №1 імя ЧБВА і СШ № 3, тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва.

Атметна, што колькасць пярвічак штогод павялічваецца. Так, у 2023-м з’явілася такая ў нашай рэдакцыі, а таксама ў Пружанскім сельвыканкаме. Зараз рыхтуецца да рэгістрацыі пярвічная арганізацыя «Белай Русі» ў Шчарчоўскай СШ. Закранула Таццяна Кашкан і задачы на 2024-ы.
Завяршылася мерапрыемства дэманстрацыяй відэароліка, які пацвердзіў, наколькі важную і добрую справу зрабілі члены «Белай Русі», далучыўшыся да дапамогі дзецям Данбаса, і шматлікімі словамі падзякі. А яшчэ вельмі важнымі словамі ад Таццяны Канстанцінаўны:

— Мы, жыхары Беларусі, багатыя тым, што ў нас ёсць мір. Часам кажуць: «Колькі можна гаварыць пра вайну?» Можна было б не гаварыць, калі б планета не гарэла… Таму мы, беларусы, і члены грамадскага аб’яднання «Белая Русь», павінны берагчы гэтую вялікую каштоўнасць і сваімі добрымі справамі рабіць унёсак у дабрабыт нашай роднай Беларусі. Упэўнена, што менавіта так і будзе.
Уладзіслаў Шпарла.
Фота аўтара
Глядзець больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_301128872 і https://ok.ru/budni/album/974041720200