Четверг, 17 апреля 2025

Вынікі месячніка па добраўпарадкаванні на Ружаншчыне падвяла старшыня сельвыканкама Аксана Юркоўская

291

Не раз ужо «раёнка» асвятляла тэму добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый у нашым раёне. Звярталася ўвага і на тое, што трэба па-гаспадарску і з павагай адносіцца да таго, што ўжо зроблена ў гэтым плане. Бо навядзенне парадку робіцца, у першую чаргу, для прывабнасці роднай старонкі і для нашчадкаў, якія па добрым прыкладзе будуць працягваць распачатую справу. І тут важна кожнаму не быць пасіўным наглядальнікам, а прыняць для сябе за аксіёму — а хто, калі не я? Магчымасць паўдзельнічаць у падобных работах сёлетняй восенню была ў кожнага жыхара раёна: з 10 кастрычніка па 10 лістапада праводзіўся месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Пра работы ў райцэнтры мы ўжо расказвалі. А што на вёсцы?

Як прайшоў чарговы месячнік па добраўпарадкаванні ў Ружанскім сельсавеце, мы папрасілі расказаць старшыню сельвыканкама Аксану Юркоўскую.

— Аксана Уладзіміраўна, што папярэднічала правядзенню месячніка?

— Зразумела, спачатку зацвердзілі рабочую групу, склалі план мерапрыемстваў. Улічылі, якія тэрыторыі, замацаваныя за арганізацыямі, прадпрыемствамі, установамі, трэба прывесці ў належны санітарны стан. Не пакінулі па-за ўвагай і работу з насельніцтвам па падтрыманні парадку і чысціні ў дварах, прыцягненне моладзі і працоўных калектываў да добраўпарадкавання і азелянення пасёлка.

— Якія канкрэтна работы праводзіліся?

— Напрыклад, работнікі ААТ «Ружаны-Агра» наводзілі парадак на тэрыторыях фермаў, гаспадарчых і механізаваных двароў, складаў, ведамасных дамоў. Гаспадарка таксама працягвала работу па ўцягненні ў севазварот участкаў пасля зносу пустуючых жылых дамоў.

Як звычайна, вялікі фронт работ быў ускладзены на ружанскі ўчастак Пружанскага КУВП «Камунальнік»: гэта выдаленне сухіх дрэў, ачыстка тратуараў ад расліннасці, вываз смецця з усёй тэрыторыі г.п. Ружаны, абкошванне і высечка параснікаў на тэрыторыі парку-дэндрарыя. Зразумела, што і астатнія арганізацыі не засталіся ўбаку. У пасільных работах удзельнічалі нават малодшыя школьнікі і дашкольнікі. Таму агульнымі намаганнямі змаглі наладзіць утульнасць у сваім родным куточку.

— На што яшчэ была звернута ўвага падчас месячніка?

— Мы ніколі не пакідаем на самацёк пытанне добраўпарадкавання могілак, якіх на тэрыторыі сельсавета налічваецца чатырнаццаць. На гэты раз работнікі сельвыканкама вырашылі разам з неабыякавымі жыхарамі населеных пунктаў прывесці ў парадак могілкі ў аг. Варанілавічы. Праблема тут у наступным: людзі зрабілі сметнік у самым цэнтры пахаванняў. Згадзіцеся, карціна не самая прыемная. Тым больш, што туды не праехаць транспарту, каб гэта прыбраць. Таму давялося на руках выносіць смецце ў адведзенае для яго месца.

Вельмі хацелася б звярнуцца да людзей: вы прыходзіце сюды, каб ушанаваць памяць сваіх памерлых родных і блізкіх, а ў выніку пакідаеце пасля сябе бруд, які ніяк не стасуецца з месцам смутку і жалю. Будзьце чыстымі душой і перад сабой, і перад людзьмі, гэта не так і складана.

А калі гаварыць наогул пра чысціню, то за недалёкім часам усталявалі на вуліцах пасёлка 24 кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. І жыхары гэта прынялі, і пачалі больш адказна ставіцца да парадку і чысціні вакол сябе.

— Па нашай краіне працягвае крочыць Год гістарычнай памяці. Аксана Уладзіміраўна, ці не забываюць пра гэта ў Ружанскім сельсавеце?

— Ні ў якім выпадку. Пастаянна трымаем на кантролі догляд воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяраў войнаў (іх у нас 26). Мы разумеем, што памяць пра тыя жахлівыя падзеі сёння, як ніколі, патрэбна для таго, каб усвядоміць прапісную ісціну: толькі мір і згода — заклад шчаслівага жыцця.

І вясной, і восенню наводзім тут парадак, прыбіраем смецце, сухое галлё. Па патрэбе фарбуем помнікі, абнаўляем агароджы. Падчас восеньскага месячніка высадзілі 28 туй і 60 ядлоўцаў каля двух пахаванняў у в. Байкі і аднаго ў в. Паўлава.

Дарэчы, работа па азеляненні і капітальным рамонце воінскіх пахаванняў праводзіцца ўжо на працягу чатырох гадоў.

— А наогул, як справы на Ружаншчыне з азеляненнем? Ці любяць тут людзі кветкі?

— А хто ж не любіць! За тры гады было высаджана больш за 1300 адзінак расліннасці, у тым ліку 20 дрэў чырвонага глогу, які ў свой час стаў адметнасцю Ружан. У спадчыну пасёлку пасля правядзення ў нас абласных «Дажынак-2019» засталіся цудоўныя клумбы, якія стараемся падтрымліваць у прыгожым стане. На іх вясной плануецца высадзіць цюльпаны, зрабіць гэтакія «маленькія Нідэрланды».

Сельвыканкам імкнецца прыцягнуць да агульнай справы і жыхароў пасёлка. Добрым прыкладам з’яўляецца Людміла Міхайлаўна Лаўрэнава, якая ў мінулым годзе падзялілася лілеямі, якія былі высаджаны на вадаёме ў Ружанах, а сёлета — чатырма кампсісамі.

— Наколькі адчувальную дапамогу ў добраўпарадкаванні аказваюць старасты населеных пунктаў?

— Пры правядзенні месячнікаў даем старастам даручэнні правесці суботнікі ў вёсках і на могілках, калі такія ёсць паблізу. І кожны год абавязкова знаходзяцца тыя, хто падобныя пачынанні падтрымлівае і аказвае дапамогу не дзеля падзякі, а ад душы. Напрыклад, падчас уборкі тэрыторыі каля будынка былой бібліятэкі ў в. Ласасін сваю грамадзянскую пазіцыю праявіла мясцовая жыхарка Валянціна Іванаўна Паляшук. Не адмовіў у дапамозе і стараста вёсак Верчыцы, Астравок і Шчытна Сяргей Цяцерскі, які і галлё сухое пазразаў, і на сваім транспарце смецце вывез.

І ўсім жыхарам сельсавета мне хацелася б нагадаць, што мы самі з’яўляемся гаспадарамі на роднай зямлі. Таму і адносіны да яе павінны быць адпаведныя: беражлівыя, з поглядам у будучыню. Нам пад сілу зрабіць любімую Беларусь непаўторнай і квітнеючай.

Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Сяргея Талашкевіча і Алега Сідарэнкі