Суббота, 24 января 2026

Вынікі і планы дэпутатаў

837

Падчас 6 сесіі раённага Савета дэпутатаў 29 склікання, якая адбылася ў гэты чацвер, падводзіліся вынікі дзейнасці мясцовага дэпутацкага корпуса за 2024 год і стану спраў на падведамаснай тэрыторыі.

Са справаздачай па гэтым пытанні выступіў старшыня РСД Мікалай Кудравец, які скрупулёзна прааналізаваў здабыткі народных абраннікаў на сваіх участках, зрабіў агляд набалелых пытанняў, якія яшчэ патрэбна вырашаць. У сваёй прамове Мікалай Пятровіч зрабіў нямала цікавых высноў, слушных як для дэпутатаў, так і для жыхароў Пружаншчыны. Больш падрабязна даклад старшыні райсавета дэпутатаў будзе апублікаваны ў бліжэйшых выпусках газеты.

Таксама ў форуме прымаў удзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які звярнуўся да мясцовых дэпутатаў з шэрагам заўваг і заклікаў актывізаваць работу на месцах, асабліва адносна продажу пустуючых дамоў, навядзення парадку на грамадскіх землях сельскіх населеных пунктаў.

Пасля азнаямлення з праектам рашэння дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за яго прыняцце.

У дадатак, была падтрымана добрая традыцыя ўшанавання самых лепшых памочнікаў старшыняў сельвыканкамаў — вясковых старастаў. На гэты раз заслужаную адзнаку старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец уручыў старасце Мокраўскага сельсавета Таццяне Бабыла.

Алег СІДАРЭНКА. Фота аўтара