Для ФК «Пружаны» завяршыўся чарговы сезон. У сувязі з гэтым мы вырашылі аднавіць у памяці чытачоў вынікі нашай каманды і нагадаць пра гульцоў, якія дапамагалі іх здабываць. А таксама зрабіць высновы наконт таго, ці стаў гэты сезон больш паспяховым, чым папярэдні, за кошт чаго дасягаўся дадзены вынік, чаго не хапіла для таго, каб узняцца яшчэ вышэй у турнірнай табліцы, і над чым варта працаваць у наступным перадсезонні.
Трэба адзначыць, што структура Другой лігі ў 2024 годзе зведала немалыя змены. Што тычыцца нашага Брэсцкага дывізіёна, то летась усе ўдзельнікі былі падзелены на дзве групы па 10 каманд, адкуль па два лепшыя калектывы праходзілі ў абласны фінальны этап. А пасля з гэтага квартэта тры лепшыя каманды адбіраліся ў фінальны этап Другой лігі, дзе змагаліся за павышэнне ў класе. У гэтым жа годзе абласны этап выглядаў іншым чынам. Нязменнай засталася толькі колькасць удзельнікаў — 20 каманд. Аднак цяпер яны былі падзелены на яшчэ два дывізіёны. У першым было 8 дружын, з якіх дзве найлепшыя адбіраліся ў фінальны этап Другой лігі-2024. А дзве найгоршыя каманды выляталі ў другі дывізіён Брэсцкай вобласці. Дарэчы, у ім сёлета спаборнічалі 12 каманд, якія былі падзелены на дзве групы па 6 калектываў. У адной з такіх знаходзілася і футбольная дружына нашага горада. Згодна з рэгламентам, кожная з каманд павінна была правесці па адной гульні дома і на выездзе. Пасля чаго, паводле занятага месца, калектыў павінен быў двойчы згуляць з дружынай іншай групы дадзенага дывізіёна, якая заняла адпаведнае месца ў іншай шасцёрцы. І толькі затым вызначалася выніковае месца каманды ў гэтым сезоне. Першыя дзве дружыны атрымалі павышэнне ў класе і згуляюць у наступным годзе ў першым дывізіёне Другой лігі. Дадзенымі калектывамі сталі «Камунальнік» (Белаазёрск) і «Мікашэвічы».
Хаця фарматы мінулага і цяперашняга сезона адрозніваюцца, аднак супаставіць і параўнаць вынік нашай каманды з мінулым годам усё ж такі можна. У 2023 годзе наша каманда заняла ў абласным дывізіёне выніковае 17 месца. У гэтым, калі ўзяць за аснову, што першы дывізіён Другой лігі — гэта лепшыя восем каманд, а за імі размясціць каманды другога дывізіёна, атрымліваецца, што пружанская каманда заняла агульнае 16 месца, а гэта ўжо на адну пазіцыю вышэй, чым летась.

Цяперашні сезон можна занесці камандзе ў актыў, не толькі таму што палепшыўся паказчык выніковага месца, але і таму, што значны прагрэс нашага футбольнага калектыву назіраўся і па якасці, і па іншых кампанентах гульні. Варта зірнуць толькі на статыстыку мінулага і цяперашняга сезона і пераканацца ў тым, што наша каманда прагрэсіруе. Калі за 20 матчаў мінулага года калектыў з Пружан здолеў вызначыцца ўзяццем варот саперніка 25 разоў, то ў гэтым сезоне, правёўшы толькі 12 матчаў, запісаў на свой рахунак аж 29 галоў. За тую ж колькасць матчаў у мінулым сезоне наша каманда даставала мяч з сеткі варот 88 разоў, а ў гэтым сезоне ФК «Пружаны» прапусціў у два разы менш — 44 галы. Хтосьці можа сказаць тое, што і матчаў у мінулым сезоне было згуляна куды больш, але для гэтага мы разлічылі такі паказчык, як сярэдняя колькасць прапушчаных галоў за матч, і ён таксама фіксуе для нашай каманды станоўчую дынаміку. За сезон–2023 гэты паказчык склаў 4,4 галы, а за 2024 год — 3,7. Вядома, зыходзячы з гэтых дадзеных, можна зразумець, што ёсць станоўчая дынаміка і ў розніцы мячоў: калі леташні паказчык складаў -63, то ў гэтым сезоне — ўсяго -15. Што да набраных ачкоў, то тут таксама назіраецца «станоўчая» тэндэнцыя: у мінулым годзе каманда набрала ў групе 9 балаў, а ў гэтым — 13 (не ўлічваюцца стыкавыя матчы за выніковае размяшчэнне ў агульнай турнірнай табліцы).
Калі ж закранаць не толькі статыстыку, а тое, што адбывалася на полі, то хацелася б адзначыць адразу некалькі станоўчых момантаў. Па-першае, нашы маладыя гульцы набраліся пэўнага вопыту і сталі больш упэўнена выглядаць на полі, што адбілася на якасці іх гульні. Па-другое, як ужо неаднаразова адзначалася ў артыкулах з матчаў, калектыў мае характар, які не дазваляе здацца ў цяжкі момант, а змагаецца да фінальнага свістка. Гэта ў некаторых выпадках садзейнічала вяртанню ў гульню і змене выніку на сваю карысць. Трэцяе — гэта тое, што ў камандзе ў завяршальнай стадыі ўмеюць згуляць не толькі нападаючыя, але і абаронцы, а колькасць ігракоў, якія вызначыліся забітым голам, — 13 чалавек. Гэта гаворыць пра тое, што многія футбалісты ведаюць і ўмеюць дастаўляць непрыемнасці варатару саперніка. Лепшым бамбардзірам нашай каманды стаў Глеб Сударыкаў, на яго рахунку шэсць забітых мячоў. На другім месцы, з чатырма галамі размясціўся Антон Пашкевіч, а замкнуў тройку снайпераў Мікіта Шчур, у актыве якога тры забітыя мячы.
Чаго ж не хапіла нашай камандзе ў гэтым сезоне, каб узняцца яшчэ вышэй у агульнай турнірнай табліцы? Галоўнай прычынай бачыцца тое, што ў калектыве няма пастаяннага касцяка, кожную гульню асноўны састаў мяняецца, што не дазваляе ў поўнай меры дэманстраваць зладжаную гульню, а футбалісты не могуць дасягнуць паміж сабой належнага разумення. Яшчэ адным важным фактарам, які не дазволіў нашай дружыне узняцца вышэй, з‘яўляецца тое, што большасць сваіх гульняў яны былі вымушаны праводзіць па-за родным стадыёнам, без нашых балельшчыкаў, якія ў Пружанах ёсць і вельмі актыўна падтрымліваюць каманду. Трэцяй прычынай з’яўляецца адсутнасць у ігракоў належнага вопыту ў гульнях такога ўзроўню, — дружына ФК «Пружаны» вельмі маладая. І гэта хутчэй каманда «на выраст»: галоўныя яе поспехі яшчэ наперадзе. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца ўзрост некаторых ігракоў. Так, Паўлу Чыжу, Аляксандру Гародніку, Аляксею Пучынскаму, Арцёму Пасько, Уладу Саханевічу — усяго па 16 гадоў, але некаторыя з іх ужо правялі нямала часу на полі, а хтосьці здолеў вызначыцца і забітым голам. Таму за будучыню каманды хвалявацца не варта — дастойная змена відавочна ёсць. Што ж да вопытных футбалістаў, якія ўжо не адзін сезон гуляюць ў Другой лізе, то такіх у калектыве няшмат. Адзін з іх — наш капітан Раман Самасюк, які згуляў у гэтым сезоне абсалютна ва ўсіх матчах і дапамог камандзе здабыць важныя ачкі.
Падводзячы вынік, зазначу, што патанцыял у нашай каманды вельмі нядрэнны і пры правільным падыходзе вынік сезона можна і нават трэба паляпшаць. Таксама важна адзначыць, што абсалютна ўсе задзейнічаныя ў матчах ігракі маюць прамое дачыненне да пружанскага футбола і з’яўляюцца мясцовымі, што адназначна радуе. Гэта дастаткова рэдкая сітуацыя для ўсяго футбола, калі калектыў складаецца з мясцовых ігракоў.
Таму мы чакаем наступнага сезона і спадзяёмся, што ён прынясе яшчэ больш радасных падзей для футбалістаў і балельшчыкаў нашай каманды.
Руслан Басак.
Фота прадастаўлена членамі каманды