Вторник, 21 января 2025

Вынікі 2023-га — пазітыўныя, задачы на 2024-ы павінны быць выкананы: прайшоў сход актыву Пружанскага раёна (+ многа фота)

361

Вынікі мінулага года і задачы на наступны былі акрэслены на традыцыйным пасяджэнні актыву раёна, якое прайшло ў мінулы чацвер у вялікай зале гарадскога Палаца культуры.

Падчас форуму гаварылі пра дасягненні сацыяльна-эканамічнага развіцця Пружаншчыны за 2023 год і вызначылі вектары далейшай работы ў 2024 годзе. У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, раённых службаў і прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, старасты сельскіх населеных пунктаў, удзельнікі маладзёжнага парламента і ганаровыя грамадзяне. Таксама ў сходзе прыняла ўдзел намеснік старшыні камітэта — начальнік упраўлення эканамічнага рэгулявання камітэта эканомікі аблвыканкама Таццяна Калугіна.

Мерапрыемства пачалося з выставы-продажу сувенірнай прадукцыі і вырабаў пружанскіх рамеснікаў. Жадаючыя знаёміліся з творчымі вырабамі, некаторыя ўдзельнікі сходу набывалі своеасаблівыя напамінкі аб праходзячай падзеі.

Само ж пасяджэнне адкрыў даклад старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча. Дакладчык акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што бягучы год абвешчаны Годам якасці і арыентавацца трэба не толькі на выпуск якаснай прадукцыі, але і на арганізацыю зладжанай, бездакорнай работы на вытворчых месцах.

— Складаны перыяд 2020-2022 гадоў мы прайшлі, пра што сведчаць пазітыўныя вынікі цяпер ужо мінулага 2023 года, — зазначыў Міхаіл Міхайлавіч. — Леташнія дасягненні паказалі, што мы выйшлі на дарогу росту, аднак падчас руху да нарошчвання аб’ёмаў варта памятаць, што ў дадатак да аб’ектыўных перашкод могуць узнікаць і тыя, якія потым называюць пралікамі.

Увогуле ўсе галіны эканомікі раёна за мінулы год выпусцілі-нагадлявалі-пабудавалі і гэтак далей на 330 мільёнаў рублёў, або на 107,5% да мінулагодняга ўзроўню. Найлепшых вынікаў дабіўся, стаў лідарам калектыў ААТ «Пружанскі льнозавод», дзе тэмпы росту склалі 130%. ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» нарасціў сваю вытворчасць на 24,4%, а ААТ «Пружанскі малочны камбінат» — на 5%.

Сярод прыватных арганізацый старшыня райвыканкама адзначыў дасягненні «Ружан-скай мэблевай кампаніі» і «Групы кампаній «Нятканы свет»: першыя актыўна асвойваюць сваёй прадукцыяй замежныя рынкі, што ўплывае на рост раённых паказчыкаў па экспарце тавараў ці паслуг. А другія, нягледзячы на санкцыйныя перашкоды, працягваюць павялічваць вытворчасць, якая летась прынесла выручку ў эквіваленце 9 мільёнаў долараў ЗША.

У поспехах 2023 года львіная доля належыць сельскай гаспадарцы. Так склалася, што Пружаншчына — сельгасвытворчы раён, таму рэалізацыя інавацыйнай Дзяржаўнай праграмы развіцця вёскі істотна адбілася на дабрабыце нашага рэгіёна. У прыватнасці, сёння мы ўносім 13% у агульную «скарбонку» надояў малака па Брэсцкай вобласці. Летась Пружаншчына атрымала са сваіх угоддзяў 144 тысячы тон збожжа і зернебабовых культур, дзякуючы чаму Пружанскі раён стаў таксама адным з абласных лідараў.

— Найбольш значных поспехаў дасягнулі аграрыі ААТ «Жураўлінае», «Шані-аграпрадукт», «Велікасельскае Агра», «Агра-Калядзічы», «Ружаны-Агра», «Мурава», — пералічыў Міхаіл Грышкевіч. — Але і яны не дасягнулі межаў сваіх магчымасцяў, зыходзячы з чаго варта спадзявацца, што ў сёлетнім сезоне яны змогуць нарасціць свае намаганні.

А гэта неабходна, таму што на 2024 год вызначаны новыя мэты, сярод якіх атрыманне на 3 тысячы тон больш малака і на 1 тысячу тон — збожжа. Гэта, адпаведна, паўплывае і на экспартныя паказчыкі Пружаншчыны, якая сёлета прадала сваёй прадукцыі на 99 мільёнаў долараў ЗША ў 17 краін свету.

Такія ж задачы кіраўніцтва раёна вызначае да сфер будаўніцтва, гандлю і грамадскага харчавання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У прыватнасці, за 2024 год патрэбна здаць у эксплуатацыю больш за 11 тысяч квадратных метраў жылля, дзякуючы чаму больш за сотню сем’яў адзначаць уваходзіны. Гандлю, які ў значнай ступені сфарміраваны раённай спажыўкааперацыяй, пастаўлена задача не пакінуць «за бортам» малыя населеныя пункты, якія не цікавяць буйных рытэйлераў. А ў ЖКГ на сёлета запланавана будаўніцтва трох станцый абезжалезвання вады — у аграгарадках Роўбіцк, Варанілавічы, вёсцы Зіновічы.

Для чаго неабходна вызначаць новыя вяршыні і нарошчваць аб’ёмы вытворчасці? Гэта напрамую ўплывае на дабрабыт кожнага пружанца. Тыя, хто працуе, адзначаюць рост заработнай платы, якая на працягу 2023 года дабавіла 14,6%. Цяпер па сярэдніх заробках Пружаншчына займае 8-е месца ў вобласці, а па хуткасці росту — 5-е. У 2024 годзе рэалізацыя задумак дасць магчымасць сярэднюю суму павялічыць яшчэ на 16% для бюджэтнікаў. За імі пацягнуцца і прадпрыемствы, сярод якіх лідарамі з’яўляюцца сельская гаспадарка, прамысловасць і будаўніцтва.

Пасля старшыні райвыканкама слова ўзяла і госця актыву. Таццяна Калугіна, як прадстаўнік аблвыканкама, прааналізавала дасягненні эканомікі раёна ў разрэзе паказчыкаў вобласці. У 2023 годзе па многіх накірунках Пружаншчыне належаць 2-3%, што сведчыць аб нерэалізаванасці наяўнага патэнцыялу. І бягучы Год якасці зможа падштурхнуць актывізацыю вытворчасці.

У другой частцы пасяджэння актыву раёна адбылося ўшанаванне арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія дасягнулі лепшых вынікаў у сацыяльна-эканамічнай дзейнасці за 2023 год. Старшыня райвыканкама ўручыў граматы кіраўнікам акцыянерных таварыстваў і сацыяльных устаноў раёна, таксама калектывам-пераможцам будуць пералічаны грашовыя ўзнагароды. Былі ўзнагароджаны юбіляры і тыя, хто нядаўна адзначылі свой дзень нараджэння. Ва ўрачыстай абстаноўцы віншаванні ад прэзідыума актыву і прысутных у зале прымалі старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, дырэктар Мокраўскай СШ Алег Бзот і спецыяліст райспажыўтаварыства Жанна Канановіч.

А дадатковым падарункам для імяніннікаў і ўсяго актыву раёна стаў канцэрт, падрыхтаваны артыстамі раённай самадзейнасці.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_301471991 і https://ok.ru/budni/album/974934969224