На мінулым тыдні прайшоў справаздачны сход раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч і начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Талстой. На мерапрыемстве былі абмеркаваны вынікі, а таксама распрацаваны новыя падыходы работы ў сувязі са змяненнямі ў правілах паводзін на вадаёмах краіны. Шэраг новаўвядзенняў тычыўся і абавязкаў выратавальнікаў, арганізацыі дзяжурстваў выратавальных пастоў як ведамаснай прыналежнасці, так і непасрэдна ад ТВВАД.
Справаздачны агляд правёў старшыня раённай арганізацыі Юрый Амельянчук, які адзначыў, што колькасны склад членаў ТВВАД і пярвічак не змяніўся. І такі вынік нельга прызнаць здавальняючым.
— Ёсць шэраг арганізацый, дзе пярвічкі не створаны, нягледзячы на рэкамендацыі раённай ўлады, — падкрэсліў Юрый Міхайлавіч. — Гэта гаворыць пра тое, што няма магчымасці каардынаваць прафілактычную работу, а значыць, яна амаль што адсутнічае.
Увогуле без тлумачальнай дзейнасці, якую вядуць актывісты ТВВАД, сітуацыя на вадаёмах раёна была б значна горшай. Справа ў тым, што тэрыторыя Пружаншчыны даволі вялікая, і ў летні перыяд у нас (адзіных у вобласці!) адкрываюцца ажно 10 месцаў для купання. Разам з тым на пружанскіх землях знаходзяцца больш за 20 вадаёмаў плошчай каля 1 гектара, паўсотні рэчак, працягласць некаторых з якіх дасягае 30-50 кіламетраў, незлічоная колькасць дробных сажалак. Усе гэтыя вадаёмы абсталяваць належным чынам немагчыма — патрэбны значныя выдаткі. Таму яны аднесены да тых месцаў, дзе купанне забараняецца. Ці ўсіх стрымліваюць такія абмежаванні? Летась за купанне ў неўстаноўленых месцах да адміністрацыйнай адказнасці было прыцягнута 7 чалавек, якіх выявілі рэйдавыя групы. Але ж такая «ахова» не ў стане дзяжурыць пастаянна, а значыць, купалася там, хутчэй за ўсё, у некалькі разоў больш людзей.
І калі прафілактычная работа сярод непаўналетніх, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву ТВВАД з установамі адукацыі раёна, наладжана на высокім узроўні, то ў працоўных калектывах яна недастатковая. На гэта і звярнуў увагу намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, калі спыніўся на сумнай статыстыкі купальнага сезона 2023 года.
— Загінула тры чалавекі працаздольнага ўзросту, і гэтага можна было б пазбегнуць, — зазначыў Руслан Васільевіч. — Уласная неасцярожнасць, ігнараванне папярэджанняў і нават злоўжыванне алкаголем прывялі да трагедый. А значыць, на працоўных месцахы ніхто не праводзіў з людзьмі прафілактычнай работы. Або рабілася гэта так рэдка, што не засталося ў памяці. Напэўна, таму летась 30 чалавек былі аштрафаваны за ўжыванне спіртных напояў на пляжы.
Спыніўся госць сходу і на колькасным складзе раённай арганізацыі. У прыватнасці, на сабраныя ўзносы летась быў адкрыты сезонны выратавальны пост на Паперні, папоўнены аптэчкі і аснашчэнне матросаў-выратавальнікаў, дзякуючы чаму сотні чалавек у сезон атрымалі неадкладную першую дапамогу. Гэта стала магчымым, таму што мы згуртаваліся разам. Вось толькі многія пытанні пакуль вырашаць складана, больш за тое пост каля Ружан можна было б арганізаваць і раней, але не хапала сабраных сродкаў.
Недзе тлумачальная работа вядзецца ў гэтым накірунку больш актыўна. З лепшага боку старшыня раённай арганізацыі адзначыў каманды ТВВАД Пружанскіх электрасетак, Параслянскай і Варанілавіцкай СШ, кіраўнікі якіх у асобе Алены Кашынай, Дзмітрыя Аніська і Святланы Быкоўскай адпаведна на сходзе былі адзначаны падзякамі абласной арганізацыі. Таксама каштоўнымі падарункамі адзначана работа Сяргея Субачава (Пружанскі завод радыёдэталяў), Элы Жукоўскай (Ружанская СШ), Вікторыі Наліўка (санаторый «Ружанскі») і Юліі Пасько (Пружанскі райвыканкам).
Да цырымоніі ўзнагароджання лепшых далучыўся і начальнік РАНС Павел Талстой, які ўручыў падзякі за добраўпарадкаванне зон адпачынку і стварэнне бяспечных умоў для купання прадстаўнікам ААТ «Жураўлінае», «Ружаны-Агра» і КУВП «Камунальнік».
Больш фотаздымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_301642834 і https://ok.ru/budni/album/975401286792