Пятница, 17 апреля 2026

Выйшаў новы паэтычны зборнік «Чыстая музыка неба» з вершамі Міколы Антаноўскага

386

І, пэўна, на свеце так трэба,
Каб марамі вечна былі
І чыстая музыка неба,
І светлая песня зямлі.

Гэта страфа з верша беларускага паэта, нашага земляка Міколы Антаноўскага, радок якога лёг у назву новага паэтычнага зборніка «Чыстая музыка неба». У гэтай кнізе пад адной вокладкай сабрана творчасць трох паэтаў Берасцейшчыны: Міколы Антаноўскага, які даўно жыве на Пружаншчыне і ўжо шмат гадоў услаўляе яе ў сваёй творчасці, а таксама не менш вядомых аматараў паэтычнага слова Анатоля Шушко з Піншчыны і Міколы Бусько, які да нядаўняга часу пражываў у горадзе Баранавічы. На жаль, два аўтары ўжо пайшлі з жыцця: Анатоля Шушко не стала ў лістападзе 2018 года, а Мікола Бусько, хоць і паспеў парадавацца выхаду зборніка з друку, развітаўся з гэтым светам сёлета.

Варта адзначыць, што кніжку падрыхтаваў і выпусціў з друку сталічны «Выдавецкі дом «Звязда», тыраж — 700 экзэмпляраў. Пад вокладкай зборніка «Чыстая музыка неба» таленавіты рэдактар і паэт, старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Шніп сабраў паэтычную спадчыну розных па творчых памкненнях аўтараў, кожны з якіх валодае ўласным светабачаннем і разуменнем таго, што сілкуе светлае чалавечае жыццё. Дарэчы, чытачоў чакаюць не толькі вершы, якія ўжо друкаваліся, але і новыя.

Галоўным лейтматывам зборніка з’яўляецца прыцягненне да блізкай сэрцу прасторы малой радзімы, трывалая злучанасць з ёй. Творы паэтаў прасякнуты глыбокім лірызмам, філасофскімі роздумамі пра сэнс жыцця і месца чалавека на зямлі, шчымліва-пранікнёнымі ўспамінамі.

«Шкада, што ў памкненні за сучаснымі тэхналогіямі жыцця (ці ўсяго толькі выжывання?) грамадства звычайна не заўважае творы паэтаў «правінцыйных», іх глыбіню, касмічныя па сваёй сіле жаданні захаваць «сапраўднае». А ў мала падобнай да іншых фаліянтаў кніжачцы «Чыстая музыка неба» гэтай глыбіні звышдастаткова», — піша ў прадмове да зборніка старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.

Адкрывае кнігу падборка твораў Міколы Антаноўскага пад загалоўкам «Над высокім жытам». Напачатку коратка ўзгадваюцца асноўныя вехі працоўнага жыцця і творчасці паэта. Месца нараджэння — вёска Сташаны Пінскага раёна. Першыя крокі ў журналістыцы зрабіў у славутай у тыя гады раённай газеце «Савецкае Палессе» (Ганцавічы), дзе пачынаў працаваць літаратурным супрацоўнікам. Больш за 30 гадоў узначальваў калектыў газеты «Раённыя будні». Ужо будучы на пенсіі выпусціў паэтычны зборнік «Як ліст сярод лістоў…» (Брэст, 2019). Не ўлічваючы розныя альманахі, у якіх друкаваліся творы аўтара, «Чыстая музыка неба» — пятая па ліку кніга Міколы Антаноўскага.

Менавіта Пружаншчыну, з якой злучыў лёс, яе краявіды, сваю малую радзіму апявае ў сваёй паэзіі наш зямляк. У простых рэчах, у звычайных сітуацыях ён знаходзіць надзвычайны філасофскі сэнс. І тонка, па-майстэрску настройвае сваю паэтычную ноту, асцярожна вядзе, дасягаючы чысціні. Гэтая музыка неба гучыць то ціха, то гучна, то асцярожна, то набіраючы моцы, ва ўсёй паэзіі Міколы Антаноўскага. Для прыкладу можна прывесці хоць бы такія радкі паэта:

Глядзі ў раку, часцей разводзь
цяпельца
І слухай, як у храме, лесу спеў.
Тады табе тваё падкажа сэрца,
Як трэба жыць, адпрэчыўшы свой
гнеў.
(…)
Тут вецер свежы з дарагіх ваколіц
Астудзіць жарсць дурноцця і маны.
І, можа, час настане, што ніколі
Не будзеш адчуваць свае віны
За тое, што канавай стане рэчка,
Замест цяпельца палыхне пажар,
Дні раўнадушна дагараць,
як свечкі,
З дрэў ападзе не золата — іржа…

Проста і ў той жа час вобразна, ярка ён даносіць свае радкі да чытача. Як у вершы «Поўня»:

А над зямлёй пануе поўня,
Блішчастая, як той мядзяк.
Няма ў начнога сонца промняў,
Сагрэць не зможа аніяк.
Пустэльна ў небе па-сірочы,
Нібыта ў торбах валацуг.
Таму так звыкла сярод ночы
Сабака вые, рве ланцуг.
Над роскрыжам дарог аціхлых
Ліе халоднае святло,
Каб ціша чуйнаю ласіхай
Ішла без страхаў у сяло.
На поплаве, стаптаным коньмі,
Бялее чорная лаза,
І ў кожным конскім воку — поўня,
Нібы вялізная сляза.
Шырокі свет, як поўня — кругам.
Але й за кругам ёсць прастор,
Дзе маладзік маленькім плугам
Казыча неба ў пырсках зор.

Прыгожа сказана, праўда? Той, каго цікавіць паэзія, хто любіць акунуцца ў яе незвычайны свет, знойдзе магчымасць пачытаць зборнік «Чыстая музыка неба», дзе азнаёміцца таксама і з паэтычнымі радкамі Міколы Бусько і Анатоля Шушко. На жаль, купіць зборнік вершаў для пружанцаў складана, бо ў нашым райцэнтры адсутнічае кніжны магазін.

Узяць у бібліятэцы — рэальна: у фонды Пружанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы паступіла 10 асобнікаў зборніка «Чыстая музыка неба».

Людміла Кардаш. Фота Кацярыны Масік