Пабываўшы разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольгай Зубковай на малочнатаварным комплексе «Ляжайка» ААТ «Жураўлінае», пашчасціла пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, добрымі спецыялістамі ў сваёй справе.

Маладосць дасць фору сталасці? Пра гэта сведчыць работа маладога спецыяліста, загадчыцы МТК «Ляжайка» Юліі Дамброўскай.
Толькі паўгода прайшло, як назначылі Юлію Віктараўну загадчыцай гэтага даволі магутнага комплексу па вытворчасці малака. Калектыў, які ўзначальвае Юлія Дамброўская, невялікі, усяго толькі 29 чалавек, але працавіты і баявы. Такой колькасцю яны спраўляюцца з даволі немаленькай групай дойнага статка ў колькасці 1110 галоў (гэтая лічба была на пачатак сакавіка), а яшчэ тут даглядаюць каля 200 цялят.
Яшчэ зусім нядаўна малады спецыяліст была навучэнкай Пінскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, дзе атрымала прафесію заатэхніка. Пасля размеркавання накіравалі Юлію ў ААТ «Жураўлінае». Там маладога спецыяліста адразу паставілі брыгадзірам на МТК «Клепачы». Убачыўшы яе ўменне арганізаваць работу, ладзіць з калектывам, прызначылі начальнікам МТК «Ляжайка». І тут яна змагла паказаць сябе, згуртаваць калектыў, умела кіраваць вытворчым працэсам.
А як жа кіраўніцтва гаспадаркі ставіцца да работы Юліі Дамброўскай?
— Ведаеце, удзячна адміністрацыі гаспадаркі за ўважлівыя адносіны да моладзі. Мяне тут падтрымалі ва ўсім, заўсёды, калі патрэбна, аказваюць дапамогу. З такімі адносінамі і працаваць хочацца лепш, быць патрэбнай, прыносіць карысць, — дзеліцца сваімі думкамі Юлія Віктараўна.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара