За тры дні — 6, 7 і 8 верасня ў датэрміновым галасаванні на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання ў Брэсцкай вобласці ўдзельнічала 14,1% выбаршчыкаў.
На Пружанскім-Маякоўскім участку для галасавання №9 паказчык вышэйшы, чым у сярэднім па вобласці: датэрмінова аддаць свае галасы за прадстаўніка Бярозаўскай выбарчай акругі №9 у парламенце сюды прыйшлі 17% выбаршчыкаў.
Варта адзначыць: каля дзесяці працэнтаў з 1150 выбаршчыкаў гэтага ўчастка — навучэнцы Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Для большасці з іх — гэта першы ўдзел у падобнай палітычнай падзеі краіны. Сярод упершыню галасаваўшых і трэцякурснікі Андрэй Мукшын і Іван Патапаў. Каб падкрэсліць значнасць набыцця электаральнага права, старшыня ўчастковай камісіі С.І.Міляшэвіч уручыла юнакам падарункі.
Таксама ў рамках сумеснай акцыі маладзёжнай і прафсаюзнай арганізацый навучальнай установы ўсе, хто галасуе тут упершыню, атрымаюць невялікія памятныя сувеніры. Гэтая нефармальная, але прыемная працэдура стала традыцыйнай на многіх выбарчых участках.