Суббота, 15 марта 2025

Выбар прафесіі — у 12 гадоў? З вучнямі СШ №1 імя ЧБВА сустрэўся курсант спецыялізаванага ліцэя МУС Уладзімір Кулеша

717

Незвычайная сустрэча адбылася падчас вясенніх канікулаў у СШ №1 імя ЧБВА. Школу наведаў курсант спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Кулеша. Сустрэчу са школьнікамі арганізаваў намеснік начальніка папраўчай установы адкрытага тыпу (ПУАТ) №7 Андрэй Куратнік. Курсант 1-га курса падзяліўся сваімі ўражаннямі наконт паступлення ў спецыялізаваную навучальную ўстанову, першым годзе вучобы і жыцці без бацькоўскай апекі.

Да слова, Валодзя родам з Пружан і яшчэ летась сам быў вучнем гэтай школы. Пасля выступлення кіраўніцтва спецкамендатуры, у якім расказвалі як паступіць у міліцэйскі спецліцэй у г.Мінску, хлопец і яго бацькі вырашылі паспрабаваць удачу. Ці цяжка гэта? Сапраўды, няпроста. Пра ўсе нюансы Валодзя расказаў падчас сустрэчы са сваімі равеснікамі.

— Па-першае, да 1 мая трэба звярнуцца ў ПУАТ №7, дзе вам дапамогуць (тэл.: 6-85-40 або +37529-521-25-63). Па-другое, і гэта абавязкова спатрэбіцца нямала дакументаў, пэўную частку якіх фарміруе менавіта спецкамендатура, — зазначае Валодзя. — З 20 чэрвеня пачынаецца ўступная кампанія, падчас якой акрамя экзаменаў, абітурыентаў чакаюць медыцынскі агляд і фізічныя выпрабаванні. Усе вынікі сумуюцца — і праводзіцца адбор. Летась выбіраўся кожны трэці кандыдат.

Па словах курсанта, лепш за ўсё трапіць на першы курс пасля заканчэння 6-га класа сярэдняй школы. Аднак, калі не атрымалася па якіх-небудзь прычынах, то можна спрабаваць пасля 7, 8 і нават 9-га класаў. Вось толькі давядзецца наганяць упушчанае. А ведаў, уменняў і навыкаў штогод у ліцэі даецца нямала, апроч агульных дысцыплін, вывучаюцца многія спецыяльныя, у тым ліку страявая, стралковая і нават юрыдычная. Увогуле кожны дзень настолькі насычаны, што свабоднага часу амаль што і няма, толькі пару гадзін перад адбоем. Ды і тыя нярэдка трацяцца на самападрыхтоўку і іншыя клопаты. Справа ў тым, што рэжым пражывання ў навучальнай ўстанове нагадвае вайсковую казарму. Курсант поўнасцю адказвае за свой знешні выгляд, паспяховасць, учынкі і нават фізічныя здольнасці. Любая неадпаведнасць устаноўленым стандартам — дрэнныя адзнакі, парушэнне ўнутраных правілаў, нават няўменне падцягнуцца на турніку — пагражае адлічэннем.

— З пачатку бягучага навучальнага года чацвёра на нашым курсе не справіліся і былі адлічаны, — расказвае Уладзімір Кулеша. — Таму трэба загадзя падумаць, ці варта паступаць у ліцэй.

Вось толькі на думку юнага пружанца, той, хто ўсё-такі асмеліцца, ніколі не пашкадуе. Школьныя настаўнікі пры сустрэчы са сваім былым вучнем ледзь пазналі яго. У апранутым у форму «з іголачкі» падцягнутым курсанце цяжка пазнаць таго Вову, які лётаў па школьных калідорах за аднакласнікамі. Сур’ёзны малады чалавек, якому па разважаннях і жыццёвых поглядах мінімум 18, а не 13 гадоў. Таму і Вовай яго ўжо ніхто не называў, толькі Валодзя. Выступленне хлопца цяперашнія школьнікі слухалі затаіўшы дыханне. Курсант ліцэя «у фарбах» расказваў пра вучобу, пра строгі рэжым са штодзённым пад’ёмам у 6.40 раніцы, раскладам заняткаў і дадатковай нагрузкай у выглядзе нарадаў, дзяжурстваў, патрулёў. А разам з гэтым і пра ўмовы пражывання ў ліцэі, вучэбнае аснашчэнне і магчымасці, якія даюцца пасля выпуску. Напрыклад, выдатныя ўмовы створаны ў інтэрнаце. У пакоях жывуць па 3 чалавекі, ёсць уся неабходная мэбля, бытавыя прыборы. Вучэбныя і жылыя карпусы аб’яднаны ў адзін будынак, у якім ёсць сталоўка, спартыўная зала, трэнажорныя пакоі і басейн. Для вучобы набываецца самая сучаснае аснашчэнне, ёсць нават электронны цір. Кожны тыдзень арганізуюцца культурна-забаўляльныя мерапрыемствы, экскурсіі. За паўгода разам са сваім курсам Валодзя пабываў у многіх спецыяльных часцях, пазнаёміўся са службай міліцыі асаблівага прызначэння і іншых спецпадраздзяленняў. Музеі, гістарычныя комплексы, славутасці Беларусі курсанты таксама наведваюць. А яшчэ нямала мерапрыемстваў ладзіцца ўнутры ліцэя. Курсант паказаў даволі высокія музычныя здольнасці. Спецыяльна пад яго зараз ствараецца ліцэйская група, у якой Уладзімір будзе барабаншчыкам.

Такія ж шырокія магчымасці атрымліваюць і выпускнікі навучальнай ўстановы. Можна выбіраць любую «сілавую» ВНУ — МНС, праваахоўных органаў, правасуддзя, арміі з гарантаванай далейшай службай. А з улікам той падрыхтоўкі, што даюць згаданыя ўстановы, у цывільным жыцці ёсць таксама вялікі попыт на такіх спецыялістаў.

— Самае галоўнае — свядома выбіраць гэты шлях і потым не ленавацца, — зазначае Уладзімір Кулеша. — Кожны добры ці дрэнны ўчынак адзначаецца ў асабістай справе курсанта, у так званым дзённіку асобы, па якім потым складаюцца характарыстыка і рэкамендацыя для далейшай вучобы.

Наш зямляк за выдатную вучобу і адказнае стаўленне да абавязкаў быў прадстаўлены да медаля «За службу Радзіме з дзяцінства».

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік