Пятница, 17 января 2025

Вясёлка на свяце пасёлка! Паглядзіце і пачытайце, як святкавалі ў Шарашэва

673

У другую жнівеньскую суботу паклікала на свята пасёлка сваіх жыхароў, ураджэнцаў і гасцей Шарашэва. Шматгадовая традыцыя зноў дазволіла шарашэўцам сабрацца разам, не толькі павесяліцца і адпачыць, але і ацаніць набыткі за год, з моманту мінулага дня пасёлка, крышачку зазірнуць у будучыню.

А гэтай «будучыні» нямала гаманіла на пляцоўцы каля Цэнтра культуры і адпачынку, дзе ўсталявалі атракцыёны, ішоў гандаль папкорнам, салодкай ватай і марожаным. Але малыя пакуль не ведалі пра сваё высокае прызначэнне, яны проста гойсалі на надзіманых горках і батутах, падстаўлялі шчокі пад пэндзлі мастака па аквагрыме або мірна спалі ў сваіх калясках.

Прысутных віншавала выконваючая абавязкі старшыні сельвыканкама Святлана Амяльянец. Яна зазначыла, што яшчэ адзін год у жыцці шарашэўцаў прайшоў паспяхова. Старажытны пасёлак квітнее і прыгажэе, дзякуючы адказнай працы жыхароў, іх уменню ствараць прыгажосць вакол сябе. З прывітальнымі словамі звярнуўся настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма протаіерэй Мікалай Пашкевіч.

На жаль, сёлета менш арганізацый прыняла ўдзел у афармленні сваіх выстаў. Вызначылася тут Шарашэўская сярэдняя школа. Педагогам і карты ў рукі: юныя ўдзельнікі свята — гэта сённяшнія і будучыя вучні, а многія дарослыя — іх бацькі. Дарэчы, як расказаў дырэктар школы Павел Пракаповіч, 1 верасня вучобу пачнуць 16 першакласнікаў. Для ўсіх іх былі падрыхтаваны падарункі. Традыцыйна на сцэне ўшаноўвалі сем‘і, дзе за мінулы год нарадзіліся дзеткі, і маладыя сем‘і, юбіляраў сумеснага жыцця і тых, хто адзначыў асабістыя круглыя даты. Асобна сваіх імяніннікаў — сённяшніх і былых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства — віншавала ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» у асобах дырэктара Антона Грышкевіча і старшыні прафсаюзнага камітэта Наталлі Мартынчук. Гучала шмат узнёслых і шчырых віншаванняў, у вачах стракацела ад букетаў кветак, падарункаў і караваяў.

Што тычыцца святочнай выпечкі, то да яе вырабу свае рукі і ўменні прыклалі актывісты пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын». Вялікія, сярэдніх памераў і зусім маленькія караваі перад пачаткам святкавання размясцілі на засцеленым сінім — у колеры грамадскага аб‘яднання — абрусам, каб усе маглі палюбавацца самай вялікай каштоўнасцю гэтых жнівеньскіх «дажыначных» дзён — свежавыпечаным хлебам. Як адзначыла старшыня «пярвічкі» Раіса Бульчук, членамі грамадскага аб‘яднання ў Шарашэве з‘яўляецца больш за паўсотні жанчын, актыўных і ініцыятыўных.

Пакуль на сцэне спявалі артысты Шарашэўскага ЦКіА, побач разгарнулі сваю тэхніку работнікі мясцовай пажарна-выратавальнай часці. І над плошчай не толькі праліўся рукатворны дожджык, але і з‘явілася сапраўдная вясёлка. І настрой прысутных, які і без таго быў прыўзнятым, расквеціўся ўсімі вясёлкавымі колерамі.

А сваёй порцыі апладысментаў ужо чакалі ўдзельніцы конкурсу «Жамчужына акіяна», якіх вывелі на сцэну Нептун з Русалкай. Крэатыўныя і экзатычныя ўборы маленькіх і вялікіх «жамчужынак», «рыбак» і іншых марскіх насельнікаў уразілі сваёй прыгажосцю, а «пірат», больш падобны на Бабу-Ягу, павесяліў і дзяцей, і дарослых. На жаль, гэта ўсё ж быў конкурс, таму гледачам давялося выбіраць паміж лепшымі і самымі лепшымі. Па выніках галасавання першае месца заняла Насця Дзюдзіна.

Свае канцэртныя нумары прывезлі шарашэўцам гурт «Шчырым сэрцам» аўтаклуба, спевакі з Навазасімавіцкага і Ліноўскага СДК, парадаваў стылем і грацыяй ліноўскі клуб танцавальнага фітнесу «Нічога лішняга». Іх зноў змянілі на сцэне мясцовыя выканаўцы. І завяршылася цудоўнае свята дыскатэкай.

Ірына Сядова. Фота аўтара