Четверг, 17 апреля 2025

Вясновы Дзень прызыўніка прайшоў у Пружанах

486

Днямі на Пружаншчыне прайшоў Дзень прызыўніка. Урачыстыя провады маладых людзей на службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь адбыліся ў гарадскім Палацы культуры.

Выконваючы абавязкі ваеннага камісара раёна маёр Сяргей Канановіч давёў да ведама будучых салдат загад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прызыве на вайсковую службу, а таксама пажадаў ім стаць сапраўднымі абаронцамі Айчыны. Афіцэр адзначыў, што бягучай вясной павесткі ўжо атрымала 65 прызыўнікоў, але іх колькасць павялічыцца, бо медыцынскія камісіі яшчэ працуюць. Юнакоў чакае служба ў розных відах войскаў і ў сілавых падраздзяленнях Міністэрства ўнутраных спраў.

Да яго пажаданняў далучыліся і іншыя запрошаныя на свята госці. Напрыклад, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч выказаў спадзяванні людзей сталага пакалення, што цяперашняя моладзь бездакорна пройдзе мужчынскую школу. Памочнік начальніка аддзела аховы Сяргей Ільяшэвіч быў перакананы ў тым, што ўсе вернуцца з добрымі ўспамінамі на ўсё жыццё. А яшчэ займеўшы нямала новых сяброў.

Для старшыні раённай арганізацыі ДТСААФ Валерыя Гарахавіцкага сёлетні прызыў — юбілейны. У 20-ы раз ён праводзіць пружанскіх юнакоў на службу. І дагэтуль яшчэ ні адзін не падышоў да яго са словамі крыўды на «дарма страчаны час». Наадварот, армейская школа дае нямала ведаў і ўменняў, якія потым спатрэбяцца ў цывільным жыцці. Што пацвердзіў і айцец Дыянісій Папоў, які ў свой час таксама быў «у салдатах». Ён заклікаў хлопцаў памятаць свае гістарычныя карані, духоўнасць і кіравацца міралюбнасцю.

Музычныя падарункі для будучых салдат і гасцей свята падрыхтавалі работнікі Палаца культуры. Дзяўчаты выканалі цудоўныя песні, якія ўзнялі настрой гледачоў. А яшчэ пакінулі трывалае пачуццё, што салдат абавязкова дачакаюцца са службы.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_283676214