Суббота, 26 апреля 2025

«Вясна Перамогі» Барыса Ланінскага: новая персанальная выстава напярэдадні Дня Перамогі адкрылася ў «Пружанскім палацыку»

582

Да Дня Перамогі ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» адкрылася персанальная выстава мастака Барыса Ланінскага.

Барыс Васільевіч нарадзіўся ў 1927 годзе ў г. Горкі на Магілёўшчыне, дзе і сустрэў Вялікую Айчынную вайну 14-гадовым юнаком. Горад у ваенны час быў акупіраваны немцамі. Хлопчык стаў відавочцам фашысцкіх рэпрэсій, устанаўлення «новага нямецкага парадку», знішчэння насельніцтва Горак. І ў такіх цяжкіх абставінах юны Барыс пачаў маляваць.

Ніякіх мастацкіх школ Барыс Васільевіч не заканчваў. Падбіраць і змешваць фарбы навучыўся сам. Многаму вучыўся, гледзячы на карціны вядомых мастакоў. Асабліва былі яму даспадобы творы Шышкіна, якога лічыў у нейкім родзе сваім настаўнікам. У арсенале яго работ ёсць карціны, натхнёныя творчасцю гэтага вядомага мастака. Многія сюжэты Барыс Васільевіч прыдумваў сам.

Нямала карцін Барыс Ланінскі намаляваў з натуры. Галоўным матывам у творчасці мастака з’яўляецца адлюстраванне прыгажосці навакольнай прыроды, яе дынамічнасці і ў той жа час гарманічнасці. Кожная карціна нясе сваё адценне агульнага замілавання роднай зямлёй. Мастак вельмі тонка адчуваў прыроду, захапляўся ёй усё сваё жыццё. Сярод яго работ сустракаюцца і краявіды Пружаншчыны, куды мастак пераехаў у 1960-я гады.

Барыс Васільевіч неаднаразова прымаў удзел у раённых і абласных конкурсах і выставах, аб чым сведчаць шматлікія дыпломы і граматы. Многія творы Барыса Ланінскага ўпрыгожваюць кватэры яго родных і блізкіх.

На выставе «Вясна Перамогі» дэманструецца 12 карцін мастака, на якіх адлюстравана вясна, а таксама асабістыя рэчы — фотаздымкі, дакументы і г.д.

Яшчэ з ваенных часоў для Барыса Васільевіча вясна — самая доўгачаканая пара года. Адраджэнне прыроды, свежыя павевы, багацце сонца, яркія колеры — усё гэта не можа не натхняць мастакоў. Асабліва тых, кто сустрэў вясну 45-га…

Персанальная выстава Барыса Ланінскага ў Пружанскім палацыку прадстаўлена ўпершыню. Спяшайцеся пабачыць!

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»