Вторник, 14 января 2025

Вяртаемся да надрукаванага: возера надзеі?

875

Восень пакрысе ўступае ў свае правы, а гэта значыць, што купальны сезон не толькі афіцыйна, але і фактычна можна лічыць закрытым. Тым не менш, увага да гарадскога возера не меншае: грамадскасць настойліва просіць звярнуць увагу на праблему, якая там сёлета ўсплыла разам з «жабурыннем». Бадай, стан гарадскога возера можна ўключыць у «топ-10» вострых пытанняў, якія гэтым летам уздымаліся чытачамі «Раённых будняў».

«Усё меншае пятачок пляжа…»

Самы першы сёлетні зварот на гэтую тэму прыйшоў у рэдакцыю пасля таго, як у газеце пад рубрыкай «Гісторыя з фатаграфіяй» выйшла нататка «Самалёт ля гарадскога возера». Жыхар Пружан Павел даслаў у рэдакцыю ліст, у якім выказаў сваю занепакоенасць станам любімага пружанцамі вадаёма.
«У заметцы гаварылася, што 9 мая 1971 года сажалка па вуліцы Пушкіна, больш вядомая сёння пружанцам як гарадское возера, была «новай», толькі нядаўна выкапанай меліяратарамі. Наколькі я памятаю, у канцы 1980-х гадоў вадаём знаходзіўся ўжо не ў самым лепшым стане. Таму ў 1991 годзе ваду спусцілі, яго пачысцілі — адным словам, далі новае жыццё. Купацца можна было практычна ў любой яго частцы, усюды быў зручны падыход да вады, цвёрдае пясчанае дно. Памятаю, што і рыбакі тады хваліліся ўловамі.
Але шмат азёрнай вады выцекла з таго часу. Цяпер ужо складана растлумачыць дзіцяці, чаму будынак каля возера называюць лодачнай станцыяй: ні лодак, ні катамаранаў тут ужо няма. Балюча назіраць за тым, як зарастае возера. Чарот, асака, ціна, водарасці. Усё часцей людзі зазначаюць: «У гэтай лужыне немагчыма купацца». Напэўна, кожны жыхар горада заўважыў, як штогод меншае пятачок пляжа каля так званага «жабніка», як зарастае возера па перыметры, як усё менш людзей прыходзіць сюды адпачыць. І гэта ў той час, калі побач разрастаецца новы мікрараён, які засяляецца сем’ямі з дзецьмі…
У 1991 годзе, праз дваццаць гадоў пасля стварэння гэтага аб’екта рэкрэацыі, яму далі новае жыццё. Нават увасобілі ідэю з пракладкай мастка да астраўка, якая прыйшлася гараджанам даспадобы (на жаль, масток неўзабаве патануў). З таго часу прайшло 29 гадоў. Мы бачым, што надышоў час ізноў наводзіць парадак на возеры…»

Генеральная ўборка каштуе дорага
Чытача цікавіла, чаму мясцовыя ўлады не ставяць гэтае пытанне на парадак дня? Варта сказаць, што яго меркаванне было не адзінкавым: падобныя разважанні сустракаліся і ў групах у сацыяльных сетках, месенджарах. Людзі настойваюць, што сёлета добраўпарадкаванага кутка на беразе недастаткова: генеральная ўборка патрэбна ўсяму возеру.
Нагадаем, што менш за месяц таму «раёнка» надрукавала каментарый да гэтых зваротаў, які даў начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама А.В.Бушук.
Адказ Аляксандра Вячаслававіча не быў абнадзейваючым для гараджан. Калі пераказаць сэнс яго ў некалькіх словах, то кіраўнік патлумачыў, што на правядзенне ачысткі возера патрэбны велізарныя сродкі, якія ў бліжэйшы час наўрад ці будуць выдаткоўвацца на гэтыя мэты.
За месяц, які мінуў з моманту публікацыі, пазіцыя раённых уладаў не змянілася. Тым больш, што пакуль Пружанскі раён застаецца датацыйным, яго кіраўніцтва не можа самастойна вырашаць, куды накіроўваць грошы (гэта было агучана падчас нядаўняй сустрэчы кіраўніцтва Пружанскага раёна, начальнікаў аддзелаў райвыканкама і кіраўнікоў службаў раёна з жыхарамі аграгарадка Белавусаўшчына). Але рэдакцыя па-ранейшаму атрымлівае запыты наконт асвятлення гэтай тэмы, таму мы вырашылі вярнуцца да яе яшчэ раз.

А што наконт экалогіі?
Увагу «дзяжурнага карэспандэнта» на экалагічную бяспеку пляжа на гарадскім возеры звяртаў жыхар Пружан Леанід Патапчук. Не, ён не спрачаецца з тым, што камунальнай службай зроблены выдатны пляж, на якім ёсць шмат чаго для актыўнага адпачынку на прыродзе.

Але з-за аўтамабільнай стаянкі і пляцоўкі для смецця, якія размешчаны побач, у экалагічнасці адпачынку на возеры ўсё ж сумняваецца: «Пасля дажджу ўвесь бруд з асфальту і металічных скрынь сцякае да возера, якраз у акваторыю, дзе купаюцца дзеці».
Пенсіянер нават прапанаваў вырашыць праблему — з дапамогай бардзюраў, якімі можна перанакіраваць сцёкі ў іншае месца, ці ўрэзкай у гарадскую ліўнёўку, якая, па яго словах, праходзіць побач з помнікам-самалётам.
Прапанова была накіравана на разгляданне ў Пружанскае КУВП «Камунальнік». Рэдакцыя атрымала адказ за подпісам дырэктара гэтага прадпрыемства С.В.Бабрука, дзе, у прыватнасці, гаварылася: «З мэтай паляпшэння экалагічнай абстаноўкі на тэрыторыі аўтастаянкі паблізу гарадскога вадасховішча ўстаноўлена забарона на заезд грузавых аўтамабіляў. Ліўнёвая каналізацыя паблізу помніка савецкім лётчыкам, на якую спасылаецца заяўнік, адсутнічае. Акрамя таго, паведамляем, што з мэтай маніторынгу нашай арганізацыяй і Пружанскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі вядзецца пастаянны лабараторны кантроль утрымання шкодных рэчываў у вадзе гарадскога вадасховішча (не менш за два разы на месяц). Паказчыкі проб вады, узятых у летні перыяд бягучага года, знаходзяцца ў межах нарматыўных значэнняў».

Пробы вады — у норме
Ці так гэта, мы папрасілі пацвердзіць Пружанскі РЦГіЭ. Там паведамляюць, што даследаванне вады рэгулярна праводзілася не толькі на гарадскім возеры, але і на астатніх дзевяці вадаёмах раёна, вызначаных сёлета ў якасці месцаў для купання.
— Напярэдадні купальнага сезона даследаванне па поўным пераліку мікрабіялагічных і санітарна-гігіенічных паказчыкаў праводзілася двойчы, — расказала памочнік урача-гігіеніста Г.Р.Хмялеўская. — У перыяд купальнага сезона — афіцыйна ён устаноўлены з пачатку чэрвеня па канец жніўня — адпаведныя наглядальныя мерапрыемствы праводзіліся кожныя два тыдні. Акрамя забору проб вады, рабілася і даследаванне зоны адпачынку: у прыватнасці, давалася адзнака непасрэдна тэрыторыі для адпачынку і стану акваторыі.
А вось з’яўленне расліннасці на паверхні возера спецыялістамі санітарна-гігіенічнай службы на працягу сезона ацэньвалася як парушэнне. Ганна Рышардаўна ўдакладняе:
— Пры выяўленні парушэнняў ва ўтрыманні зон адпачынку суб’ектам гаспадарання, які замацаваны за імі, накіроўваюцца інфармацыйныя лісты аб неабходнасці правядзення мерапрыемстваў для іх ухілення. Павінна зазначыць, што Пружанскае КУВП «Камунальнік» на гэтыя заўвагі рэагавала вельмі аператыўна — літаральна за адзін-два дні. Больш за тое, справаздача аб зробленай камунальнай службай рабоце фіксавалася на фота.
Спецыяліст РЦГіЭ прызнае: за сямнаццаць гадоў, што яна вядзе кантроль за камунальнай гігіенай, з такой сітуацыяй, як сёлета, яна не сутыкалася яшчэ ні разу. Работнікі чысцілі акваторыю дзіцячай зоны ад расліннасці і рабілі падсыпку дна, але літаральна праз тры-чатыры дні карціна станавілася ранейшай.
— Зазначу, што на якасць вады знешні выгляд паверхні вадаёма ніякім чынам не ўплывае: усе паказчыкі ў норме, — падкрэсліла суразмоўца.

Вінаваты змяненні клімату?
Шэраг службаў проста згаджаўся з журналістамі, што праблема існуе, але адмаўляліся ад каментарыяў і раілі звярнуцца па іх у прыродаахоўную службу: маўляў, змяненні, якія сёлета назіраюцца на гарадскім возеры, відавочна, носяць прыродны характар. Таму, нягледзячы на тое, што каля месяца таму раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адказвала, наколькі верагодна ў бліжэйшы час пачысціць гарадское возера, карэспандэнт папрасіла мясцовых эколагаў даць адзнаку сітуацыі.
— Пра прычыны, па якіх на гарадскім возеры сёлета назіраецца такая сітуацыя, мы можам толькі меркаваць: мы — не навукоўцы, якія маглі б дакладна вызначыць від расліннасці і ўстанавіць прычынна-выніковыя сувязі яе з’яўлення на воднай паверхні. Вельмі верагодна, што цвіценне возера і зарастанне водарасцямі звязана з кліматычнымі змяненнямі. Што да паніжэння ўзроўню вады ў возеры, яно выклікана змяненнем гідралагічнага рэжыму, і гэта праблема закранула водныя аб’екты не толькі Пружаншчыны, але і Беларусі ўвогуле, — гаворыць начальнік інспекцыі В.М.Дрозд. — Тое, што водны аб’ект, вызначаны як месца для купання, павінен быць не проста бяспечным, але і эстэтычна прывабным — бясспрэчна. Гэты абавязак у дачыненні да гарадскога возера ўскладзены на камунальную службу. Але ў сучасных рэаліях, на жаль, многае ўпіраецца ў фінансавую складаемую. Мы ўнеслі прапанову аб уключэнні ў пералік водных аб’ектаў, на якіх неабходна правядзенне работ па расчыстцы і акультурванні, і пружанскія. Калі на вышэйшым узроўні прапанову палічаць слушнай, ёсць шанец атрымаць фінансаванне на правядзенне работ па лініі Дзярж-праграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў на 2021-2025 гады». Але варта разумець, што на тэрыторыі раёна першачарговай задачай з’яўляецца акультурванне рэчак Муха і Вец: яны ўпадаюць у трансгранічныя рэкі. Дзякуючы пераразмеркаванню грошай, якое дапускаецца на рэгіянальным узроўні, са свайго боку мы будзем хадайнічаць аб правядзенні работ і на гарадскім возеры.

Пераўвасабленне вадаёма ў рамках гэтай Дзяржпраграмы магчыма ў выпадку, калі грашовыя сродкі на правядзенне работ на Пружаншчыне будуць выдзелены ў тым аб’ёме, на які мы рабілі запыт. Вольга Міхайлаўна запэўніла, што пытанне пастаўлена на кантроль экалагічнай службы.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.