Сёлета на працу ў Пружанскі раён прыйшло 214 маладых спецыялістаў. Сярод іх 66 чалавек з вышэйшай адукацыяй, 107 — з сярэдняй спецыяльнай і 41 — з прафесійна-тэхнічнай.
Але гэта проста лічбы. Цікава, хто за імі стаіць. Што гэта за людзі, якое ў іх мінулае і чаго яны чакаюць ад будучыні?
Паспрабуем даведацца! Мы зноў вяртаемся да нашай рубрыкі, прысвечанай маладым спецыялістам, над назвай «Першае працоўнае месца».
У гэтым годзе калектыў ААТ «Жураўлінае» прыйшлі 19 чалавек. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Зінаіда Усік звярнула нашу ўвагу на двух старанных маладых людзей. За нядоўгі час працы ў гаспадарцы яны паспелі зарэкамендаваць сябе з лепшага боку. Знаёмцеся: Андрэй Крэйдзіч і Уладзіслава Навічкова.
Андрэй Крэйдзіч: «Прафесія інжынера выхоўвае, дысцыплінуе»
Андрэй мясцовы, з вёскі Малыя Якавічы. Пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце вярнуўся на працу на малую радзіму па мэтавым накіраванні.
— У свой першы працоўны дзень я крыху хваляваўся, бо яшчэ не ведаў, якую пасаду атрымаю: мая адукацыя прадугледжвае варыянтнасць. Лічу, што мне пашанцавала: зараз я інжынер па гаруча-змазачных матэрыялах.
Пашанцавала юнаку і з калектывам: ён, па словах маладога спецыяліста, вельмі дружны.
— Калегі тлумачаць мне розныя нюансы маёй працы, ва ўсім дапамагаюць і, увогуле, ставяцца па-добраму. Задаволены я і зарплатай, якую атрымліваю тут. Шкада, што трэба будзе часова развітацца з «Жураўліным»: хутка пайду служыць у армію.
Дарэчы, у сям’і Крэйдзічаў з тэхнікай ладзіць не толькі Андрэй. Бацька і старэйшы брат працуюць у той жа гаспадарцы вадзіцелямі, цікавіцца машынамі і адзінаццацігадовы малодшы брат. Андрэй жартуе, што і малы ў свой час пойдзе працаваць у «Жураўлінае».
— Хто ж такі інжынер? — задаю пытанне маладому спецыялісту.
— Інжынер — гэта чалавек, які можа справіцца з любой пастаўленай задачай, знайсці выхад са складанай сітуацыі. Гэта прафесія, якая выхоўвае, дысцыплінуе, — кажа Андрэй.
Уладзіслава Навічкова: «Пружаны сустрэлі мяне па-сяброўску»
Ветэрынарны фельчар Уладзіслава Навічкова, у адрозненне ад свайго маладога калегі, прыехала ў «Жураўлінае» здалёк: дзяўчына родам з горада Рагачова Гомельскай вобласці.
— Пружаны меншыя за Рагачоў, ды, здаецца, я ўжо прывыкла да вашага горада. Прыгожы, кампактны, зручны, ён сустрэў мяне па-сяброўску.
Уладзіслава скончыла Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж. Дарэчы, з гэтай установы адукацыі сёлета ў «Жураўлінае» прыйшло яшчэ тры чалавекі.
— Спачатку я хацела знайсці працу бліжэй да дома, хаця б у сваёй вобласці, але мяне сагітавалі прыехаць на Пружаншчыну! — смяецца Улада. — А чаму б і не? Гаспадарка дастойная, на слыху ва ўсёй рэспубліцы.
Апынуўшыся тут, літаральна з першага дня дзяўчына зразумела, што будзе цяжка. Хаця працы яна не баіцца: ужо з 16 гадоў Улада пачала падзарабляць. Гэта загартавала дзяўчыну, навучыла прымаць дарослыя рашэнні. Аднак у «Жураўліным» яе напаткала сапраўднае выпрабаванне: дагэтуль яна не мела спраў з буйной жывёлай.
— Вялікая вага, рогі… Ці мала што можа здарыцца?! Пагадзіцеся, гэта даволі страшна, — прызнаецца малады спецыяліст. — Выручыў мяне калектыў: старэйшыя работнікі ўводзілі ў курс справы, ставіліся з разуменнем, шмат дапамагалі.
Хутка Уладзіслава зарыентавалася на месцы, і ўсё пайшло як па масле.
— Мне важна, каб жывёла, за якую я адказваю, была здаровай і давала якасную прадукцыю. Прасцей працаваць на папярэджанне хваробы, чым лячыць жывёлу. Таму важна своечасова выконваць прафілактычныя меры, — кажа малады ветэрынарны фельчар.
Увогуле, дзяўчына зазначае, што яе задавальняюць умовы, у якіх даводзіцца працаваць.
— Я забяспечана ўсім неабходным для прафесійнага росту. Дарэчы, гаспадарка прапаноўвала мне і жыллё, аднак з асабістых прычын я адмовілася ад яго. Зараз жа галоўнае для мяне — апраўдаць давер кіраўніцтва.
— Нашы маладыя спецыялісты вельмі самастойныя. Мы разумеем, што ім прыходзіцца даволі няпроста: маштабы работы ўсё ж такі сур’ёзныя. Улада, напрыклад, адказвае за 1400 галоў жывёлы, за Андрэем замацавана 130 адзінак тэхнікі (гэта толькі з датчыкамі). Радуе, што ўжо зараз відавочны патэнцыял гэтых маладых людзей. Калі яны выстаяць, з іх атрымаюцца сапраўдныя прафесіяналы, — падвяла вынік сустрэчы Зінаіда Міхайлаўна.
Юлія Янушка. Фота аўтара і з архіву рэдакцыі