
След. Вось што павінен пакінуць кожны з нас пасля сябе. Інакш дарма прыйшлі ў гэты свет, нічога карыснага не зрабілі, магчыма, не заслужылі ніводнага добрага слова. Другая справа, калі памяць аб табе жыве яшчэ многія гады нават пасля зыходу ў свет іншы, табой ганарацца, ставяць у прыклад, схіляюць галаву перад талентам і чалавечнасцю. І тут не важна, кім быў пры жыцці: доктарам, слесарам, вадзіцелем ці прадаўцом. Такім прыкладам адданасці справе, любові да роднай старонкі і жыццёвай стойкасці можа служыць Яўген Іванавіч Кудзінаў, які пакінуў нас у 2023 годзе і ў памяць аб якім у гэты аўторак была адкрыта мемарыяльная дошка.

Ураджэнец Магілёўскай вобласці воляй лёсу звязаў усё сваё сумленнае жыццё з Пружаншчынай. Тут пачынаў сваю працоўную дзейнасць у сістэме адукацыі. Але найбольшыя поспехі, высокія дасягненні і прызнанне набыў у сельскай гаспадарцы, калі ўзначальваў калгас «Рассвет» (цяпер ААТ «Агра-Калядзічы»). Трыццаць шэсць гадоў аддаў Яўген Кудзінаў працы на зямлі! За гэты час гаспадарка стала перадавой у Брэсцкай вобласці па ўсіх накірунках дзейнасці. Пастаянна працаваў над пытаннямі развіцця вытворчасці, павышэння эфектыўнасці выкарыстання зямельных угоддзяў. Выкарыстоўваў дасягненні навукі і перадавы вопыт. Усюды паспяваў старшыня, бачыў у кожным, у першую чаргу, не работніка, а чалавека, умеў падбіраць кваліфікаваныя кадры, не пакідаць без увагі ніводную праблему. Ён жыў сваёй справай, стараўся для ўсяго калектыву быць добрым, але строгім бацькам, які не дасць у крыўду і накіруе на правільны шлях. Яўген Іванавіч заўсёды прыслухоўваўся да меркавання суразмоўцы.
Ніколі таленавіты кіраўнік гаспадаркі не пакідаў па-за ўвагай і бытавыя пытанні сваіх людзей. Будаваліся дамы, было дзе правесці і вольны час, напрыклад, ва ўзведзеным кафэ «Рассвет», якое, дарэчы, за нядаўнім часам было рэканструявана пад аднайменнай назвай, а другі паверх стылізаваны так, як гэта было пры Яўгену Іванавічу. І тут адчуваецца вялікая павага да шырокай душы чалавека, які цалкам прысвяціў сябе служэнню людзям, каб ім добра жылося і смачна елася, каб былі ўпэўнены ў заўтрашнім дні, верылі ў свае сілы. «Я люблю людзей, а людзі паважаюць мяне», — гаварыў Яўген Кудзінаў. І гэта не проста гучныя словы, а пацверджаны факт, бо яго нават цяпер з цеплынёй успамінаюць усе, хто так ці інакш быў знаёмы з прафесіянальным, адказным, мэтанакіраваным і працалюбівым кіраўніком калгаса «Рассвет».
А яшчэ шматлікія ўзнагароды гавораць пра тое, што Яўген Іванавіч сапраўды быў Чалавекам з вялікай літары, які заўсёды трымаў сваё слова, быў разам з людзьмі, а не над імі, жыў на зямлі, любіў яе. Сярод многіх грамат, медалёў, ордэнаў адзначым званні «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР», «Герой Сацыялістычнай Працы». Акрамя таго, Яўген Кудзінаў у 2008 годзе стаў Ганаровым грамадзянінам Пружанскага раёна, а ў 2019 годзе занесены ў кнігу Пашаны Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза.
На такое важнае мерапрыемства для Пружаншчыны сабраліся людзі, якія свята шануюць памяць аб Яўгену Іванавічу, схіляюць галаву перад чалавекам, які назаўжды застанецца ў сэрцах многіх шчырым працаўніком, прыкладным сем’янінам, барацьбітом за лепшую будучыню сваіх суайчыннікаў. Гэта родныя і блізкія Яўгена Кудзінава, прадстаўнікі абласной і раённай улады, калегі, старшыні сельгаставарыстваў і проста неабыякавыя людзі, якім за гонар мець такога земляка, старацца хоць крышачку быць падобным на яго. Нават падчас прамоў у некаторых прысутных слёзы на вачах праступалі, што сведчыла аб сапраўдных пачуццях і непадробным смутку, што пакінуў гэты свет такі слаўны чалавек.
Старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч адзначыў, што адкрыццё памятнага знака — гэта знамянальны дзень для ўсяго раёна, бо мы проста абавязаны ўшанаваць памяць аб чалавеку-легендзе, які прысвяціў сябе стваральнай працы на зямлі. Сапраўдным сынам сваёй Айчыны назваў Яўгена Кудзінава першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Патрэбна берагчы яго вопыт, выкарыстоўваць у рабоце, раўняцца ва ўсім. Выканаўчы дырэктар Брэсцкага выканаўчага аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў шчыра падзякаваў раённай уладзе і кіраўніку
ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргею Субоце за падтрымку такой ідэі, як адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў памяць аб Яўгену Іванавічу, які для многіх быў настаўнікам, дарадцам і проста велікадушным і сапраўдным чалавекам. Мудрасці, прафесіяналізму, жыццёвай і дзелавой актыўнасці, адказнасці за даручаную справу, як у Яўгена Кудзінава, пажадаў усім прысутным Ганаровы грамадзянін Пружанскага раёна Аляксандр Юркевіч. Шчыра дзякавала і за сказаныя цёплыя словы ў адрас таты, і за ўвекавечанне памяці аб ім дачка Вольга. І яшчэ падкрэсліла: для таго, каб быць ва ўсім чалавекам, не трэба многага, проста любіце жыццё, людзей і сваю справу.
Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку памяці Героя Сацыялістычнай Працы Яўгена Кудзінава на адміністрацыйным будынку ААТ «Агра-Калядзічы» было прадастаўлена Ганаровым грамадзянам нашага раёна, яго вучням, а потым і калегам Пятру Білецкаму і Васілю Сароку.
Мінута маўчання. Калі кожны можна асэнсаваць сваё жыццё, узважыць учынкі, магчыма, зрабіць пераацэнку каштоўнасцям. Канечне, вялікая колькасць кветак ля памятнай дошкі, як знак гонару, што не пераводзяцца на зямлі беларускай працавітыя, сумленныя людзі, як Яўген Іванавіч Кудзінаў. Тым і славімся!
Вадзім Раўнейка
Фота Руслана Басака
