27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. Яго ўстанавілі 1 лістапада 2005 года, згодна з рэзалюцыяй, прынятай Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб‘яднаных Нацый. Так супала, што для Пружан гэтая дата напоўнена асабістым болем: роўна 80 гадоў таму, у 1943-м, у тры апошнія дні студзеня і першы – лютага фашыстамі было ліквідавана Пружанскае гета. А 18 лістапада 2005 года на яўрэйскіх могілках па вул. Горына-Каляды ўзняўся сціплы абеліск з чорнага мармуру з надпісамі на трох мовах – «У памяць ахвяр Пружан і наваколля – Бярозы, Малеча, Шарашэва, Сяльца, Лінова, якія загінулі ў катастрофе сусветнага яўрэйства».

Летам 2007 года да помніка дабавілася своеасаблівая «Сцяна плачу» з прозвішчамі і імёнамі людзей, якія загінулі ў гета або пазней былі спалены ў печах Асвенціма. Рубіны, Хайкіны, Завілеўскія, Авербухі, Брэсцкія, Гальперыны, Фрыдбергі, Эльманы, Дабрэйцэры, Раготнеры, Шарашэўскія… Але гэтыя некалькі памятных дошак – толькі кропля ў моры слёз па ахвярах Халакосту – ураджэнцах Пружан.
У рамках падрыхтоўкі другога выдання кнігі «Памяць» у раёне вядзецца даследчая работа. На цяперашні час вядомы 90 імёнаў загінулых пружанскіх яўрэяў. Напэўна, пра ўсе мы так ужо ніколі і не даведаемся, але за кожнай лічбай, якія таксама ёсць на мемарыяле, бачацца твары людзей: мужчын, жанчын, старых, дзяцей…
Вялікае перасяленне

Пружаны былі акупаваны фашыстамі 23 чэрвеня 1941 года, і літаральна адразу пачаліся асаблівыя рэпрэсіі ў стаўленні да яўрэйскага насельніцтва. Яўрэяў абавязалі здаць на карысць германскай арміі посуд, пасцельную бялізну і ложкі, а ў ліпені абшчына атрымала загад за суткі сабраць два кілаграмы золата, 10 кілаграмаў серабра, 500 тысяч рублёў, сто пар абутку і футры.
Да кантрыбуцый дабавіліся расстрэлы і дыскрымінацыйныя патрабаванні. Напрыклад, яўрэі не мелі права хадзіць па тратуарах, пражываць на вуліцах Пацэвіча і 3 Мая (цяперашнія Савецкая і Чырвонаармейская).
15 ліпеня было запатрабавана пад пагрозай расстрэлу ста заложнікаў стварыць юдэнрат (падобныя марыянетачныя органы самакіравання, адказныя за дакладнае выкананне загадаў гітлераўцаў, ствараліся ва ўсіх гета акупаваных немцамі краін). Старшынёй юдэнрата ў Пружанах стаў Іцхак Яновіч, яго намеснікам – Велвел (Зэеў) Шрайбман. Усяго ў склад юдэнрата ўвайшлі 24 чалавекі.
Забягаючы наперад, адзначу, што ў Кнізе памяці яўрэйскага народа ўсе яны адзначаны як мужныя людзі, якія многае зрабілі, каб палепшыць жыццё вязняў гета, забяспечыць іх харчаваннем, дровамі, вопраткай і медыцынскім абслугоўваннем, арганізаваць працу, пазбегнуць пагромаў і эпідэмій, прыняць у без таго перанаселеныя дамы перасяленцаў з іншых мясцін, паклапаціцца пра дзяцей-сірот… Фармальна ўсе гэтыя мерапрыемствы давалі няшчасным надзею на выжыванне, але фактычным абавязкам юдэнрата быў дакладны ўлік людзей і падрыхтоўка спісаў да дэпартацыі або знішчэння.
У некаторых крыніцах указваецца, што, не жадаючы выконваць абавязкі катаў, члены самакіравання памкнуліся здзейніць групавое самазабойства, але яно не ўвянчалася поспехам. Так ці не, у выніку амаль усе члены пружанскага юдэнрата загінулі ў крэматорыях Асвенціма, а Саул Сегал і былы рэдактар газеты «Пружанер Штайме» Аўраам Брэсцкі (Брэскін) – прайшлі праз пекла і выжылі.
Што тычыцца перасяленцаў, то ў жніўні 1941 года ў Пружаны прымусова прывезлі жанчын і дзяцей з Гайнаўкі і Нараўкі Малой (мужчын-яўрэяў знішчылі), з восені 1941 да вясны 1942 года ў створанае гета перасялілі па розных дадзеных ад 4,5 да 6 тысяч яўрэяў з Беластока (таксама ў асноўным удоў і дзяцей) і яшчэ каля дзвюх тысяч з навакольных вёсак, Шарашова, Блудзеня, Малеча, Белавежы, Бярозы, а таксама чамусьці Камянца, Слоніма, Івацэвічаў і інш. Яўрэйскае насельніцтва Пружан вырасла прыкладна да 18-20 тысяч чалавек.
Пружанскі «Judenschtadt»

Днём стварэння гета называецца 25 верасня 1941 года. Усе яўрэі павінны былі перасяліцца на вуліцы Кобрынскую да моста, Дамброўскага да моста (цяпер гэта вул. Р. Шырмы), Брэсцкую (цяпер вул. Леніна) да перасячэння з цотным бокам Шарашоўскай (вул. Тармасава) і прылеглыя да іх. Адпаведна жыхары гэтых вуліц – не яўрэі – перасяляліся ў іншыя месцы. Сям‘я маёй бабулі, напрыклад, з вуліцы Набярэжнай трапіла ў дом на ўязным кальцы, а пазней апынулася на няцотным баку Шарашоўскай.

За месяц вакол гета сіламі яго насельнікаў пабудавалі агароджанне, часткова гэта была суцэльная сцяна, часткова – калючы дрот. Каля варотаў з усіх бакоў стаялі вышкі, адна з іх – прыкладна на месцы сквера воінаў-інтэрнацыяналістаў, дзе на тыя часы былі сем дамоў. За дротам апынуўся і стары калодзеж з журавом, але больш новую водаразборную калонку побач у тэрыторыю гета ўключаць не сталі.
Так у Пружанах з‘явіўся «Judenschtadt» – яўрэйскі горад.
Насельнікі гета галадалі. Паёк на аднаго чалавека складаў усяго 200 грамаў хлеба і некалькі бульбін у дзень. Пружанцам не забаранялі перадаваць (ці прадаваць) у гета некаторыя прадукты, апроч мяса і масла. Людзі паміралі ад голаду і холаду, непасільнай працы. Плюс амаль штомесячныя так званыя «чысткі»: жанчын, дзяцей, старых вялікімі групамі выводзілі нібыта на працу, але назад яны не вярталіся. Мяркуецца, што гэтых няшчасных расстрэльвалі ва ўрочышчы Песчына і ў Мікіцкім лесе, паблізу в. Слабудка, але дакладных дадзеных, зразумела, няма. За зіму 1941-42 гадоў памерлі або загінулі 6000 чалавек. У той жа час кантрыбуцыі працягваліся. Нацысты канфіскавалі ваўняныя і футравыя рэчы і дадаткова запатрабавалі 1,25 млн марак.
Вясной 1942 года ў гета ўзнікла падполле. Адну з груп узначальвалі Арон Гольдштэйн, Іосіф Розен і Іцхак Шарашэўскі, другую – Іцхак Фрыдберг і Шмарыягу Эльман. Група яўрэяў, якая працавала на тэрыторыі былога савецкага ваеннага гарадка і аэрадрома, пачала збіраць зброю і ўстанавіла сувязь з партызанамі. У іх ліку быў і Лявон Майстар. З гета ў атрад імя Кірава са зброяй было перапраўлена больш за 20 маладых мужчын.
Лічыцца, што ўсяго з пружанскага гета змагло ўцячы каля тысячы чалавек. Шэраг з іх сапраўды апынуўся ў партызанскіх атрадах, некага прытулілі адважныя людзі, якія рызыкавалі жыццём дзеля выратавання іншых. Але пашанцавала далёка не ўсім.
«Дарога жыцця»

Я не ведаю імёны тых, хто здолеў уцячы з пружанскага гета. Але сёння мне хочацца ўзгадаць, як гэта рабілася. Вялікі будынак сінагогі па вуліцы Тармасава 7А ў Пружанах зараз пустуе, разбураецца. Паглядзіце, зусім побач каля яго знаходзіцца царква евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Так, сцяна да сцяны, вакно ў вакно, стаялі гэтыя два будынкі і 80 гадоў таму.
Ва ўтульных, нанова перабудаваных і з густам абстаўленых памяшканнях царквы зараз нішто не нагадвае часы акупацыі, напоўненыя страхам і болем.
– Старыя людзі ўзгадваюць, што пружанцы заўсёды жылі ў міры і сяброўстве з мясцовымі яўрэямі, – кажа пастар Валерый Ахрымук. – А нашы вернікі, напэўна, найбольш. Нават у часы ганенняў, калі баптыстам не дазвалялася хаваць сваіх нябожчыкаў на праваслаўных і каталіцкіх могілках, яўрэі саступілі частку сваёй зямлі. Так што на яўрэйскіх могілках каля малочнага камбіната былі і баптысцкія пахаванні. Праўда, нічога там ужо не засталося, тая частка пасля вайны адышла пад гарадскую забудову.
Будынак царквы таксама раней належаў яўрэю, Янкелю Мінцу, яго купілі ў 1924 годзе, хутка 100-годдзе адзначым. Нават купчая захавалася, дзе пазначана: «Сядзіба, якая мяжуецца з усходу з домам Зораха Перкеля, ад захаду з вулачкай Ягломскай, з поўдня з сінагогай «Бэйс Янкель» і з поўначы з вуліцай Шарашоўскай». Той будынак «з усходу», калі памятаеце, быў белы цагляны. Мы яго таксама некалькі гадоў таму выкупілі, але стан быў такі, што давялося знесці. За кошт гэтага пашырылі двор. Вузкі праход паміж будынкамі і стаў у гады Вялікай Айчыннай вайны так званай «дарогай жыцця».
Справа ў тым, што сярод нямецкіх салдат было шмат вернікаў-пратэстантаў і баптыстаў. Акупацыйныя ўлады дазволілі ім наведваць царкву на Тармасава. Для гэтага будынак нават вывелі з зоны гета: калючы дрот ахінаў яго. Гэтым і карысталіся людзі, якія шчыра жадалі хоць нечым дапамагчы вязням.
– Вельмі мала пакуль дадзеных, – прызнаецца Валерый Васільевіч. – На жаль, старыя многага не расказвалі, а зараз даводзіцца літаральна па крупінках збіраць інфармацыю. Ведаем, што вернікі займаліся перадачай у гета прадуктаў харчавання, а адтуль часам удавалася вывесці людзей. Іх хавалі на гарышчы, а потым або выводзілі праз праход паміж будынкамі, або пасля богаслужэння яўрэі змешваліся з вернікамі і выходзілі з імі на вуліцу. На гарышчы раней было даволі прасторнае памяшканне, гэта зараз мы ўбралі столь і паднялі сцены.
Імёнаў тых, хто дапамагаў, мала пакуль ведаем. Мяркуем, што сярод іх былі Георгій Еўтуховіч і яго сёстры, Барыс Валасевіч, Алеся Патапчук, Андрэй Павук, Надзея Пухоўская… Ды і не магло такога быць, каб сам пастар Іосіф Пухоўскі пра гэта не ведаў.
Бывалі выпадкі, калі спробы дапамагчы канчаліся няўдала. Аднойчы нехта данёс – і ў царкву ўварваўся фашысцкі патруль (патрульныя з сабакамі пастаянна праходзілі па вуліцы). Тых, хто хаваўся тут, расстралялі. Кажуць, што целы двух яўрэйскіх хлопцаў кінулі на калючы дрот, каб устрашыць іншых. У нашых вернікаў пасля гэтага таксама пачаліся цяжкія дні…
Зыход

Першы раз вязням гета паведамілі пра плануемую эвакуацыю ў лістападзе 1942 года. Дазволена было ўзяць з сабой неабходныя рэчы і крыху прадуктаў. Ужо вядома было пра знішчэнне яўрэяў у іншых населеных пунктах. Пачалася паніка, якая суправаджалася шэрагам самазабойстваў. Але дэпартацыю адклалі: на тыя часы і сярод фашысцкай вярхушкі існавалі спрэчкі наконт лёсу беларускіх яўрэяў. Не ў сэнсе, што іх варта прыраўняць да «вышэйшай расы». Асноўная частка тутэйшых рамеснікаў, майстроў мела яўрэйскія карані, і спрацоўваў нямецкі прагматызм – пакінуць тых, ад каго ёсць матэрыяльная аддача. Перамаглі прыхільнікі тэорыі агульнага знішчэння…
І вось 28 студзеня 1943 года немцы зноў абвясцілі пра адпраўку вязняў нібыта на працу ў Сілезію. Гета акружылі. Яшчэ напярэдадні па горадзе развесілі абвесткі пра тое, што павінны быць замкнуты ўсе хлявы, склепы, паддахавыя памяшканні, нават вулічныя прыбіральні, дзе мог схавацца чалавек. За ўкрыццё яўрэяў пакаранне смерцю пагражала не толькі гаспадару, але і ўсім членам сям‘і.
Нельга сказаць, што людзі пакорліва прынялі свой лёс. Па ўспамінах былога вязня Мотла Шапіры, быў прызначаны час прарыву гета: на Шарашоўскай вуліцы пачалася стральба, якая павінна была адцягнуць увагу канваіраў. Адначасова на супрацьлеглым баку вароты гета закідалі гранатамі. Людзі пачалі прарывацца праз шчыльны агонь у адказ, і групе прыкладна са ста чалавек удалося ўцячы і нават дабрацца да лесу. Трое сутак яны шукалі партызан, але ў выніку сувязныя адабралі ў атрад толькі васьмярых чалавек, астатніх хутка акружылі жандары, уся група загінула.
Прыкладна двум тысячам чалавек удалося схавацца ў тайніках, але ўсіх іх потым знайшлі і забілі.
На працягу чатырох дзён на пружанскіх вуліцах стаялі плач і лямант. Людзей выводзілі з варотаў гета і адпраўлялі на падводах на станцыю Аранчыцы, дзе грузілі ў эшалоны з накірункам на канцлагер Асвенцім.
Сумныя лічбы прыведзены на шыльдачках мемарыяльнага помніка ў Пружанах.
Першы цягнік з вязнямі пружанскага гета пакінуў чыгуначную станцыю Аранчыцы 29 студзеня 1943 года ў 00.45 гадзін. На рампу Біркенаў (так называлі чыгуначную платформу, дзе адбывалася «селекцыя», размеркаванне на здольных да працы і непрацаздольных, якія падлягалі знішчэнню ў газавых камерах) ён прыбыў 30.01. Тут былі 2612 яўрэяў, у тым ліку 518 дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў. 327 мужчын атрымалі нумары 97825-98151, 275 жанчын – нумары 32604, 32884-33157. 2010 чалавек накіраваліся ў газавыя камеры.
30 і 31 студзеня, 1 лютага з Аранчыц адправіліся аналагічныя цягнікі. Усяго за чатыры дні да рампы Біркенаў даехаў 9161 чалавек, у тым ліку 1855 дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў. У працоўны лагер былі зняволены 1183 мужчыны і 592 жанчыны. 7386 чалавек былі адразу забіты ў газавых камерах.
Па дадзеных на 1939 год, насельніцтва Пружан складала 9600 чалавек, каля 60% з іх – яўрэі. Згодна з яўрэйскай Кнігай памяці, Халакост перажылі і былі вызвалены з канцлагераў 300 пружанскіх яўрэяў. У Пружаны пасля вайны вярнулася 12…
Ірына Сядова