Среда, 19 февраля 2025

«Вялікая размова з Прэзідэнтам»: мы на правільным шляху і нас не паставяць на калені — Таццяна Кашкан

348

Вялікая размова з Прэзідэнтам асабіста ў мяне выклікала непадробную цікавасць. І хоць я — жанчына энергічная, але не змагла адарвацца ад экрана ўсе тыя доўгія 8 гадзін, на працягу якіх яна доўжылася.

Хаця і доўгімі гэтыя гадзіны назваць нельга: адбылася вельмі цікавая, надзённая, жывая размова. Кіраўнік краіны размаўляў не толькі са шматлікімі журналістамі, прадстаўнікамі ўраду, але і са сваім народам, наогул, — з усім светам.

Мая грамадзянская пазіцыя поўнасцю сугучна з пазіцыяй Прэзідэнта. Над усім сказаным на сустрэчы яшчэ трэба думаць. Але той непадробны боль Прэзідэнта за Беларусь, думаю, адчулі многія неабыякавыя людзі. Асабліва пра санкцыі, якія ўведзены і працягваюць уводзіцца ў адносінах нашай краіны. Хаця гэта прамы палітычны і эканамічны ціск на чалавека-працаўніка, на яго сям’ю, на хворых, якія маюць патрэбу ў лячэнні, на людзей сталага ўзросту. Вы, замежныя спадары, спыталі ў нас, у людзей працы, ці хочам мы тых перамен, якія вы імкнецеся нам навязаць, у тым ліку і праз санкцыі? І дзе тут клопат пра чалавека?

У прамове закрануты самыя розныя тэмы, у тым ліку і апошнія падзеі на беларуска-літоўскай мяжы. Вельмі хочацца сказаць у адрас тых, хто чыніць такі здзек над іншымі людзьмі: “І Бога не баяцца, і людзей не саромяцца”. Сітуацыя на мяжы Беларусі і Еўрасаюза становіцца трывожнай і, адназначна, не па нашай віне. Таму так блізка душы рыторыка Прэзідэнта – моцнага палітыка і рашучага чалавека, які не толькі ведае, уплывае на палітычныя працэсы. Таму яшчэ раз пераконваешся ў тым, што мы на правільным шляху і нас не паставяць на калені.

Таксама адклалася ў памяці гутарка не толькі аб агульным і глабальным, але і асабістым. Гэта я пра дэмарш бягунні, якая заявіла пра сябе на алімпіядзе зусім не спартыўнымі вынікамі, а скандалам. Скажу па-мацярынску: а яна пра маму сваю падумала, калі выкладвала ў інтэрнэт відэа аб сваёй спартыўнай нікчэмнасці? Краіна выдаткоўвала на дзяўчыну вялізныя сілы і сродкі, рыхтавала да перамогі і вось так “аддзячыць”? Найперш гэта трагедыя для яе і яе сям’і. А спорт краіны вытрымае. Ёсць у нас сапраўдныя спартсмены. Таму і скандал раздувалі дарма.

І яшчэ. Я заўсёды з павагай ставілася і буду ставіцца да журналістаў. Гэта эрудыты і майстры слова, якія ўмеюць нават пра звычайнае сказаць цікава і па-добраму. Дык дайце майстар-клас сваім замежным калегам, навучыце іх адчуваць аўдыторыю, бачыць рэальную карціну таго, што адбываецца. Маю на ўвазе амерыканскую журналістку, якая агучыла заранёў падрыхтаванае пытанне з падтэкстам з нагоды падзей, якія адбыліся ў нашай краіне год таму… Дык вось: калі яны не хочуць чуць Прэзідэнта, дык няхай пачуюць просты народ: спроба дзяржперавароту не збіла нас са шляху, каляровая рэвалюцыя ў Беларусі не адбылася. А мы сталі яшчэ больш загартаванымі, палюбілі нашу незалежную Беларусь яшчэ мацней!

Таццяна КАШКАН, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.