Среда, 15 января 2025

«Вялікая размова з Прэзідэнтам»: дзяржава гарантуе нам спакойнае жыццё — Юрый Карповіч

564

Юрый Карповіч, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Пружанскай ЦРБ:

Вялікую размову з Прэзідэнтам», якая трансліравалася па тэлебачанні, я праслухаў ад пачатку да канца. Якраз у той дзень даглядаў унучку: глядзеў за ёй, а слухаў Прэзідэнта. І скажу адразу: супакоіўся, і за будучыню гэтай малой грамадзянкі, і за далейшы лёс нашай краіны. Як бальзам на душу леглі словы А.Р.Лукашэнкі пра тое, што Беларусь ніколі не станавілася і не стане ні перад кім на калені. Мы ў стане самі вырашыць усе праблемы, у тым ліку і з нагоды санкцый.

Вядома, што пачынаючы з мінулага года Захад увёў супраць нашых грамадзян, прадпрыемстваў і банкаў пяць пакетаў санкцый з галоўнай мэтай — не даць магчымасці беларускай эканоміцы развівацца далей. Аднак гэта, як бачым, не працуе. Санкцыі не здолелі аказаць на нас істотны ўплыў. І найперш таму, што мы не адны. У нас ёсць такія магутныя саюзнікі, як Расія і Кітай. Па сцвярджэнні палітычных аналітыкаў, ва ўмовах каранавіруса і на фоне тэмпаў падзення сусветнай эканомікі, наша краіна працягвае паказваць станоўчыя тэмпы эканамічнага развіцця.

Як урач, я асабліва раздзяляю клопат Кіраўніка дзяржавы аб здароўі людзей і, у прыватнасці, пазіцыю ў барацьбе з каранавірусам. Пабачце, як пакутуюць грамадзяне тых жа заходніх краін ад абмежаванняў, уведзеных у сувязі з гэтым захворваннем. Яны замкнёны ў сваім жыллі, мала рухаюцца, адчуваюць недахоп у простых чалавечых зносінах. Як гэта адбіваецца на здароўі людзей, нам, медыкам, добра вядома. Толькі вось у нашай краіне такіх праблем няма, а там, дзе дзейнічаюць абмежаванні, сапраўдная бяда. Паднясі запалак – успыхне полымя абурэння і незадаволенасці. Думаю, кіраўніцтва тых краін распісалася ва ўласнай нікчэмнасці. За паўтара года так і не знайшло выйсця са складанай сітуацыі. Цяпер людзі пакутуюць там не толькі ад каранавіруса, але і ад мноства псіхічных захворванняў. У нас жа назіраецца размеранае паўсядзённае жыццё. Мы працуем, адпачываем, вандруем… І гэта ўсё нам гарантуе наша дзяржава.