Воскресенье, 13 октября 2024

Вялікае інтэрв’ю з начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргеем Глушко

431

Падводзіць вынікі — справа важная і неабходная. Адразу бачна, дзе спрацавалі на 100% працэнтаў, а дзе патрэбна, магчыма, унесці карэктывы, памяняць падыход да справы. Сельская гаспадарка і перапрацоўчая прамысловасць не з’яўляюцца выключэннем, бо для нашага раёна, як вядома, яны з’яўляюцца важнай крыніцай папаўнення бюджэту. У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу вашай увазе — інтэрв’ю з першым намеснікам старшыні райвыканкама — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргеем Глушко.

— Сяргей Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, як мы спрацавалі ў бягучым годзе?

— Гэты год парадаваў. Нам удалося выканаць увесь запланаваны аб’ём сельскагаспадарчых работ і атрымаць нядрэнны рэзультат. З задавальненнем можна адзначыць, што раслінаводчая галіна сельскай гаспадаркі спрацавала паспяхова, раён зноў паказаў годныя вынікі на жніве. Атрыманы лепшы рэзультат за мінулую пяцігодку па валавым зборы зерня, намалочана 158 тыс. тон пры ўраджайнасці 45,8 ц/га, па гэтых паказчыках раён заняў трэцяе месца ў вобласці.

Жніво-2022 у ААТ «Агра-Калядзічы».

Атрыманае зерне дазволіла забяспечыць галіну жывёлагадоўлі зернефуражом у поўнай меры ў большасці гаспадарак. Папоўнілі запасы фуражу і зернем кукурузы, аб’ём вытворчасці якога склаў 17,5 тыс. т пры ўраджайнасці 88 ц/га.

Нагадаю, што па выніках абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых сярод сельскагаспадарчых арганізацый вобласці дасягнулі лепшых вынікаў і занялі адпаведна другое і трэцяе месцы філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі» і ААТ «Велікасельскае Агра».

— Сяргей Аляксандравіч, наогул чым парадавала сёлетняе жніво?

— Удзел у жніве прынялі 130 камбайнавых экіпажаў і 155 вадзіцеляў. Па выніках уборкі 78 экіпажаў намалацілі больш за 1000 т збожжа, шэсць экіпажаў — больш за 2000 т. Пераможцамі па намалоце першых 1000 і 2000 т збожжа стаў экіпаж ААТ «Жураўлінае» ў складзе Аляксея Ашмянкі і Андрэя Шпарлы.

Вадзіцель з філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Васілій Півень атрымлівае падарунак ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Дзмітрыя Чайкоўскага.

Што тычыцца вадзіцеляў на адвозцы зерня, то 20 чалавек перавезлі больш за 2000 т, і адзін — звыш за 3000 т збожжа. Пераможцам па перавозцы першай 1000 т збожжа стаў вадзіцель філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі» Васілій Півень, а па перавозцы першых 2000 т — вадзіцель ААТ «Жураўлінае» Мікалай Аблавушка.

Пераможцам па апрацоўцы першай 1000 т збожжа на зернесушыльнай устаноўцы стала звяно ААТ «Велікасельскае Агра» ў складзе Міхаіла Халецкага, Аляксандра Крывецкага, Дзмітрыя Сямашкі і Мікіты Лапукі.

Падчас жніва ў ААТ «Ружаны-Агра».

Сярод сельгасарганізацый раёна з улікам работы трох папярэдніх гадоў бясспрэчнымі лідарамі сталі ААТ «Ружаны-Агра», якое атрымала 31,7 тыс. т з ураджайнасцю збожжавых і зернебабовых культур 49,5 ц/га і філіял РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы» — 7,1 тыс. т пры ўраджайнасці 45,8 ц/га.

У гэтым годзе намі атрыманы значны валавы збор алейнага насення рапсу (19,4 тыс. т пры ўраджайнасці 30,2 ц/га). Тут дасягнулі лепшых вынікаў калектывы ААТ «Велікасельскае Агра» — 43,7 ц/га, «Агра-Калядзічы» — 39,6 ц/га, «Мурава» — 39,2 ц/га.

— А як справы з вытворчасцю іншых сельгаскультур?

— Прафесіяналізм буракаводаў, граматнае прымяненне сучасных тэхналогій па вырошчванні гэтай культуры дазволілі атрымаць годны ўраджай караняплодаў, аб’ём вытворчасці цукровых буракоў склаў 77,5 тыс. т, або 105% да ўзроўню 2021 года, пры ўраджайнасці 657 ц/га. Сабрана 213 т агародніны, 11,9 тыс. т бульбы і 9,1 тыс. т пладова-ягаднай прадукцыі. Атрыманы валавы збор дазваляе ў поўнай меры забяспечыць патрэбы раёна ў пладова-агародніннай прадукцыі.

Уборка лёну на палетках ААТ «Пружанскі льнозавод».

ААТ «Пружанскі льнозавод» трывала ўтрымлівае пазіцыі лідара ў вобласці, у няпростых умовах бягучага года льнаводы дамагліся поспехаў, на тэрыторыі раёна нарыхтавана 10,2 тыс. т ільнотрасты, што складае 117% да ўзроўню 2021 года.

Апаратчык атрымання сухіх кармоў Аляксандр Райкевіч за загрузкай бункераў.

— Наколькі забяспечаны гаспадаркі кармамі?

— Сельгаставарыствы сёння маюць адпаведную кармавую базу. На зімова-стойлавы перыяд для жывёлагадоўлі нарыхтавана 217 тыс. т кармавых адзінак травяністых кармоў, што складае ў разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы 30,4 ц.к.адз. Нарыхтаваны аб’ём кармоў дазволіць забяспечыць стабільнае развіццё галіны жывёлагадоўлі. Сярод гаспадарак раёна з улікам работы трох папярэдніх гадоў лідарамі па вытворчасці травяністых кармоў сталі ААТ «Агра-Калядзічы», якое атрымала 21,6 тыс. т кармавых адзінак, або 37,2 ц на ўмоўную галаву жывёлы, «Ружаны-Агра» — 45,8 тыс. т кармавых адзінак, або 32,5 ц на ўмоўную галаву жывёлы, «Шані-аграпрадукт» — 17 тыс. т кармавых адзінак, або 30,7 ц на ўмоўную галаву жывёлы.

— Адпаведна будзе і малако?

— Па прадукцыйнасці дойнага статка мы займаем шостую пазіцыю ў вобласці. Магу ўпэўнена сказаць, што на сённяшні дзень у нас ёсць усё, каб гэту планку перасягнуць. Сярод гаспадарак раёна лідарамі па вытворчасці малака з’яўляюцца ААТ «Велікасельскае Агра», «Агра-Калядзічы», «Мурава», «Шані-аграпрадукт», «Жураўлінае», «Ружаны-Агра».

ААТ «Велікасельскае Агра» па выніках абласных спаборніцтваў сярод сельгаставарыстваў з прадукцыйнасцю дойнага статка звыш 7000 кг за 2021 год па вытворчасці і рэалізацыі малака заняло трэцяе месца. Малочнатаварны комплекс «Юндзілы» ААТ «Ружаны-Агра» заняў першае месца сярод комплексаў з прадукцыйнасцю дойнага статка да 7000 кг, а МТК «Варанілавічы» ААТ «Ружаны-Агра» — першае месца сярод комплексаў з прадукцыйнасцю дойнага статка ад 7001 да 8000 кг.

Галоўны заатэхнік ААТ «Агра-Калядзічы» Іосіф Захарка і начальнік комплексу «Руднікі» Кацярына Трыбух паказваюць, як на комплексе ўтрымліваюцца каровы.

Дзякуючы паляпшэнню тэхналагічнай дысцыпліны, на высокім узроўні застаецца якасць рэалізаванай прадукцыі. Па выніках 2021 года ў цэлым па раёне рэалізавана гатункам «экстра» 93,5% малака. Па стане на 1 лістапада 2022 года з нарастаючым вынікам сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна забяспечылі рэалізацыю прадукцыі гатункам «экстра» ў аб’ёме 94,3%, вышэйшым — 5,2%, першым — 0,5%.

Значныя поспехі ў бягучым годзе па якасці рэалізаванага малака адзначаны ў філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі». Дзесяць з трынаццаці гаспадарак больш за 90% малака рэалізуюць гатункам «экстра». У малочнай жывёлагадоўлі на працягу апошніх гадоў дасягнуты адны з самых высокіх паказчыкаў эфектыўнасці ў аграпрамысловым комплексе. Рэнтабельнасць продажу малака за 9 месяцаў бягучага года склала 48,2 % супраць 45,5 % за адпаведны перыяд мінулага.

— Сяргей Аляксандравіч, некалькі слоў пра вытворчасць мяса.

— Па выніках абласных спаборніцтваў за 2021 год раён заняў трэцяе месца па вытворчасці мяса буйной рагатай жывёлы, ААТ «Ружаны-Агра» таксама заняло трэцяе месца сярод сельскагаспадарчых арганізацый вобласці.

Работнікі мясанарыхтоўчага цэху «Далкі» ААТ «Ружаны-Агра».

Самых годных паказчыкаў па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы дасягнулі ААТ «Ружаны-Агра», філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі», ААТ «Велікасельскае Агра», «Агра-Калядзічы», «Жураўлінае». Дасягненне ўсіх гэтых паказчыкаў забяспечана за кошт прынятых мер па рацыянальным расходаванні кармоў, арганізацыі вытворчасці прадукцыі ў адпаведнасці з тэхналагічнымі рэгламентамі.

— Як Вы ацэніце працу прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці?

Начальнік сыраробнага цэху ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Святлана Казак, інжынер-тэхнолаг Таццяна Наумчык, галоўны тэхнолаг Таццяна Шопік і вядучы інжынер па якасці Наталля Феранец.

— Прадукцыя ААТ «Пружанскі малочны камбінат» добра вядома спажыўцам і высока ацэнена прафесіяналамі. Прадпрыемства — лаўрэат «Прэміі ўрада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці» — самага значнага і аўтарытэтнага праекта ў конкурсным руху за якасць у Рэспубліцы Беларусь. Залатымі медалямі конкурсу «Лепшы прадукт-2022» адзначаны чатыры віды цвёрдых сыроў, сярэбранымі — два віды плаўленых сыроў. За высокую якасць выпускаемай прадукцыі малочны камбінат адзначаны ганаровым прызам і кубкам «Лепшае прадпрыемства-2022».

Сыры ААТ «Пружанскі малочны камбінат».

Прадукцыя малочнага камбіната паспяхова пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Грузію і Азербайджан. Асвоены новыя, перспектыўныя рынкі для паставак сухіх малочных прадуктаў — Кітай, Манголія, В’етнам, Сірыя. За 10 месяцаў прадпрыемствам пастаўлена на экспарт тавараў на 64,1 млн. долараў ЗША, што на 48,5 % больш, чым у студзені-кастрычніку 2021 года.

Дырэктар ільнозавода Мікалай Жогал цікавіцца ў механізатара Сяргея Барана тэмпам цераблення.

ААТ «Пружанскі льнозавод» поўнасцю забяспечвае сябе сыравінай. Прадпрыемствам у поўным аб’ёме выконваецца дзяржзаказ. На 828 тыс. долараў ЗША пастаўлена прадукцыі на экспарт.

Прадукцыя пад брэндам «7 чудес» вядома ў Пружанах і не толькі.

ААТ «Пружанскі кансервавы завод» робіцца стаўка на выпуск якаснай прадукцыі, смак якой знаёмы з дзяцінства. Сыравінная зона завода ўключае грамадскі сектар сельскагаспадарчай вытворчасці вобласці, а таксама прысядзібныя ўчасткі насельніцтва. Прадукцыя з мясцовых відаў сыравіны і дзікарослых грыбоў і ягад карыстаецца попытам.

На палетках Пружаншчыны.

— Чаго б Вы, Сяргей Аляксандравіч, пажадалі работнікам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, ветэранам галіны напярэдадні свята?

— Выказваю шчырую ўдзячнасць за высокі прафесіяналізм, самааддачу, добрасумленную працу і адданасць справе. Няхай намаганні радуюць высокімі рэзультатамі, засухі і ліўні мінаюць угоддзі, а ўраджай перавышае самыя смелыя чаканні. Здароўя, шчасця і дабрабыту працаўнікам і іх сем’ям! Дзякуй за нялёгкую, патрэбную ўсім нам працу!

Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота з архіву рэдакцыі