Магчымасць сустрэцца з паважаным чалавекам адкрытай душы і добрага сэрца з’явілася дзякуючы юбілейнай даце з дня яго нараджэння. На мінулым тыдні 80 гадоў адзначыў былы галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ Іван Мікалаевіч Пачынчык.
Гледзячы на Івана Мікалаевіча, казаць «былы» неяк язык не паварочваецца. З парай Пачынчыкаў я пазнаёмілася прама ў двары іх дома. Мяне сустрэў стройны, падцягнуты, з мяккай прыемнай усмешкай чалавек і разам з жонкай Марыяй Іванаўнай ласкава запрасіў у хату. Займальнае падарожжа па старонках жыцця выдатных людзей пачалося з размовы пра тое, як усё пачыналася.

— У маёй сям’і медыкаў ніколі не было, бацькі — простыя сяляне, усё жыццё працавалі на зямлі. Скончыў школу ў Шклоўскім раёне з адзнакай, але ў тыя часы выбар быў невялікі, а ўрачы — на вагу золата, і мне вельмі хацелася атрымаць сур’ёзную прафесію. Спачатку думаў пайсці ў ваеннае вучылішча, стаць лётчыкам, але трэба было мець выдатнае здароўе, не прайшоў медкамісію і падаў дакументы ў Гродзенскі медыцынскі інстытут на факультэт «Лячэбная справа». З першага курса адразу забралі ў армію, таму вучобу працягнуў толькі праз тры гады, ў 1966, — успамінае Іван Мікалаевіч.
Ён з тых людзей, якія мэтанакіравана шукаюць сур’ёзны занятак, як кажуць, чыста мужчынскую прафесію, таму ў канцы вучобы абраў менавіта хірургію. Інтэрнатуру праходзіў у Брэсцкай абласной бальніцы, і тады ўжо стала зразумела: выбар зрабіў правільны. Адточваць асновы майстэрства пасля практыкі маладога спецыяліста накіравалі ў Жабінкаўскую ЦРБ, дзе ён адпрацаваў пяць гадоў, і там жа сустрэў сваю будучую жонку, Марыю Іванаўну. Вось як яна ўспамінае гэты выпадак.

— Пасля заканчэння Мінскага медінстытута мяне гэтак жа размеркавалі ў Жабінкаўскі раён, урачом-тэрапеўтам. Я не вельмі хацела тут заставацца, але мне жартам сказалі, што сюды прыехалі тры маладыя ўрачы: хірург, тэрапеўт і неўролаг. Мы адразу пазнаёміліся, і, як аказалася, гэта быў лёс. Яшчэ падумала: толькі сур’ёзны малады чалавек можа выбраць такі накірунак — і не памылілася, — з усмешкай распавядае Марыя Іванаўна.
У гэтым годзе яны адзначылі залатое вяселле і працягваюць ісці па жыцці побач, падзяляючы на дваіх і радасць, і паўсядзённыя клопаты. Гэта добры прыклад для сына Андрэя, які, дарэчы, таксама пайшоў па слядах бацькоў і стаў урачом-траўматолагам. І жонку сабе абраў таксама з медыкаў. Алена Дзмітрыеўна выдатны ўрач-гінеколаг, таму і выбар іх дачкі, Кацярыны Пачынчык, таксама быў наканаваны. Яна, як і маці, вырашыла падтрымаць дынастыю і стаць жаночым доктарам. Толькі малодшы ўнук Івана Мікалаевіча, Максім, вырашыў стаць інжынерам-тэхнолагам і абраў тэхнічную ВНУ. Цяпер ён студэнт 3 курса БНТУ. Гэта дастойны працяг заслужанага роду.

Дык у чым жа сакрэт сямейнага шчасця і заслужанага ўзросту Пачынчыкаў? — спытаеце вы. Усё вельмі проста: як бы не кідаў лёс нашых герояў па гарадах і весях, яны заўсёды побач і заўсёды разам, з абсалютнай павагай адзін да аднаго, з любоўю і ўзаемаразуменнем. Яны ніколі не спыняліся на дасягнутым і з удзячнасцю прымалі павароты лёсу. Было ў іх жыцці і расставанне, як кажа Іван Мікалаевіч, Тэгеранскі перыяд, калі прыйшлося пакінуць радзіму на доўгія чатыры гады, але спачатку зноў была вучоба.
Рашэнне працягваць навучанне было ўзаемным. Два гады муж і жонка асвойвалі французскую мову ў сталічнай спецардынатуры для далейшай працы за мяжой. У часы Савецкага Саюза было вельмі прэстыжна працаваць за мяжой, вывучаць мясцовыя тэхналогіі, дзяліцца вопытам.
— У 1980 годзе мне прапанавалі пасаду галоўнага ўрача ў Ляхавіцкай бальніцы і адначасова выклікалі ў Міністэрства аховы здароўя СССР з прапановай паехаць на працу ў адну з трох краін: Манголія, Нігерыя, Іран. Выбралі апошнюю. Спачатку я паехаў адзін, і толькі праз два гады жонка прыляцела да мяне. Працавалі разам у пасольстве, лячылі нашых грамадзян і мясцовых жыхароў. Сын на 4 гады застаўся ў роднай цёткі, а калі мы вярнуліся, яму было ўжо 11. Гэта была добрая праверка на трываласць для ўсіх членаў сям’і, — зараз ужо з гонарам кажа Іван Мікалаевіч.
Наш паважаны юбіляр можа гадзінамі расказваць аб сям’і, медыцыне, прафесіі… З такім вялізным вопытам яму ёсць чым падзяліцца, і ёсць што ўспомніць. Нягледзячы на тое, што Іван Мікалаевіч 25 гадоў узначальваў Пружанскую ЦРБ, ён заўсёды заставаўся верны любімай хірургіі. У гэты час пачалі ўкараняць новыя тэхналогіі, аперыраваць з дапамогай электронна-аптычнага пераўтваральніка, таксама адкрыўся эндаскапічны кабінет, аддзяленне ультрагукавой дыягностыкі. Для раённай бальніцы гэта быў цэлы прарыў, што значна паскорыла і палепшыла якасць абслугоўвання пацыентаў на месцы. Гэта таксама заслуга Івана Мікалаевіча і калег-аднадумцаў.
З вялізнай пяшчотай і любоўю гаворыць пра свайго мужа Марыя Іванаўна, для якой ён заўсёды быў і застаецца цудоўным мужам, сябрам і калегай. Іх сямейны тандэм мае цудоўны працяг у дзецях і ўнуках, а значыць, справа сям’і Пачынчыкаў будзе жыць. А мы, у сваю чаргу, жадаем юбіляру велізарнага здароўя, міру і дабрабыту, каб кожны новы дзень прыносіў толькі радасць і шчасце, а ў доме панавалі дабро і спакой.
Ірына Велясевіч.
Фота аўтара і з архіва рэдакцыі
