Зразумела, цяпер садавіны і агародніны ў кожнага ў дастатку. Можна нават у краму не хадзіць, калі ёсць свой сад і агарод. Тут табе і яблыкі крамяныя, і сакавітыя памідоры і агуркі, прыгожыя баклажаны. Хочаш паласавацца ягадамі? Калі ласка, клубніцы, суніцы, парэчкі, агрэст. Але, па-першае, не ў кожнага ёсць зямельны ўчастак, па-другое — добра з’есці свежую моркву ці цыбуліну і ў зімовыя месяцы, зарадзіць сябе вітамінамі.
Дык вось, у Пружанскім райспажыўтаварыстве запэўнілі, што садавіной і агароднінай жыхары і госці раёна будуць забяспечаны круглы год. Возьмем, напрыклад, філіял «Колас». Для сваіх гандлёвых аб’ектаў арганізацыя на дадзены момант закупляе бульбу, капусту, часнок, баклажаны і іншую прадукцыю з агарода ў насельніцтва. Сялянска-фермерскія гаспадаркі раёна таксама не супраць падзяліцца сваім ураджаем. Пакуль ідзе закупка невялікімі партыямі, бо цяпер у кожнага і так на стале ўсяго ў дастатку. А ўжо падчас правядзення восеньскіх кірмашоў будзе назапашана вітамінаў да будучага ўраджаю. Вядзецца прыёмка ад людзей тых жа чарніц, буякоў. Пастаянна можна бачыць у магазінах мёд, самы што ні на ёсць натуральны. Склады не пустуюць, і для хвалявання падстаў няма.

Не забудзем і пра яблыкі. Кожны год садаводы стараюцца на іх зарабіць сабе капейку. У чым ніколі не адмаўляе райспажыўтаварыства. Год сёлетні не выключэнне. Як паведаміў вядучы таваразнаўца па нарыхтоўках Іван Барысевіч, прыблізна з 15 жніўня пачнецца прыём ападу яблыкаў ад насельніцтва. Як будзе праводзіцца? Здаём самі садавіну ў гандлёвыя аб’екты райспажыўтаварыста і атрымліваем грошы. Калі ж магазіна ў населеным пункце няма, тэлефануем у той жа філіял «Колас». Назбіраецца патрэбная колькасць садавіны, тады і прыедзе тэхніка, усё ўзважаць і абавязкова на месцы разлічацца.
Дарэчы, паважаныя пружанцы, майце на ўвазе, што па два кошыкі яблыкаў да вас ніхто ехаць не будзе, гэта эканамічна невыгадна. Што да таварнай садавіны, то яе будуць прымаць пазней і адным з асноўных пастаўшчыкоў яе будзе ўжо не першы год наша доследная станцыя. Цана на закупку яблыкаў пакуль не ўстаноўлена, у «раёнцы» пазней будзе надрукавана аб’ява аб прыёме (сачыце за газетай), дзе райспажыўтаварыствам і прапішацца кошт. Ніхто і нішто не забыты, як і кожны год.
Таму, калі ёсць лішняя садавіна і агародніна, Пружанскае райспажыўтаварыства заўсёды гатова яе забраць і рэалізаваць у сваіх магазінах. І вам будзе выгадна, і пакупнікам добра.
P.S. Па ўсіх пытаннях здачы вітаміннай прадукцыі можна звяртацца да вядучага таваразнаўцы філіяла «Колас» Ірыны Талакнянік па тэлефоне: 8-029-529-11-22 (МТС).
Вадзім Раўнейка
Фота Руслана Басака
