Четверг, 5 декабря 2024

Вы паклапаціліся пра дзіцячае крэсла ў аўтамабілі? Сёння завяршаецца рэспубліканская акцыя ДАІ «Беражыце дзяцей!». Карэспандэнты разам з дзяржаўтаінспектарамі адправіліся ў рэйд

529

Дзеці — адна з самых неабароненых катэгорый удзельнікаў дарожнага руху. З-за адсутнасці жыццёвага вопыту малыя не могуць правільна зрэагаваць на крытычную сітуацыю. Нярэдка ў дарожна-транспартных здарэннях яны атрымліваюць найбольш цяжкія траўмы. Здараецца і так, што аварыя для іх заканчваецца трагічна.

У бягучым годзе на дарогах рэспублікі загінула дзевяць дзяцей, 86 атрымалі траўмы. У нашым раёне было паранена трое непаўналетніх. Варта адзначыць, што за мінулы перыяд летніх канікулаў на Брэстчыне адбылося 12 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, у якіх адзін малы загінуў, а 14 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Пераважная большасць з параненых (9 непаўналетніх) былі пасажырамі, якіх перавозілі з парушэннем устаноўленых правілаў.

Нягледзячы на тое, што даўно дзейнічае правіла перавозкі дзяцей у спецыяльных прыстасаваннях, сустракаюцца бацькі, якія грэбуюць бяспекай. Каб у чарговы раз нагадаць пра адказнасць, якая прадугледжана за падобныя парушэнні, з 11 па 18 жніўня Дзяржаўтаінспекцыя праводзіла рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Беражыце дзяцей!». У асноўным ладзіліся праверкі на дарогах, але інспектары спрабавалі дастукацца да разумення дарослых праз лістоўкі і… падарункі іх дзецям: флікеры, закладкі для кніг і наборы для азнаямлення са знакамі ПДД. У гэтым мы пераканаліся падчас аднаго з рэйдаў.

— Больш за шэсць гадоў мінула з таго часу, калі ўступілі ў дзеянне змяненні ў п.178 Правілаў дарожнага руху адносна неабходнасці выкарыстання спецыяльных дзіцячых сядзенняў пры перавозцы малых пасажыраў,— расказвае старшы дзяржаўтаінспектар С.М.Мышкевіч.— Спачатку толькі нямногія ўсведамлялі прычыны такіх новаўвядзенняў, астатнія крытычна ставіліся да патрабаванняў інспектараў. Але аказалася, што ёсць канкрэтныя прыклады, калі ў аварыях бустэры абаранялі дзяцей, і, наадварот, калі з-за іх адсутнасці сутыкненні заканчваліся сумна. І сітуацыя змянілася. Цяпер толькі зрэдку можна сустрэць нядбайнага тату ці маці, якія вязуць сына або дачку без абарончага прыстасавання.

Але, на жаль, такія вадзіцелі ўсё-такі сустракаюцца, пра што сведчыць статыстыка: з пачатку бягучага года да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне п.178 прыцягнута 173 вадзіцелі.

— Аднойчы спыніў аўтамабіль, вадзіцель якога перавозіў двух сваіх дзетак без спецыяльных сядзенняў. Бацька прасіў абмежавацца папярэджаннем: маўляў, я вось толькі ад дома ад’ехаў, трэба як мага хутчэй давезці малых у спартшколу, а бустэры забыўся на дачы. І абяцаў, што падобнага парушэння больш не дапусціць. Аднак з дапамогай сучаснай тэхнікі (супрацоўнікам ДАІ выдадзены спецыяльныя электронныя планшэты) у рэжыме «анлайн» паглядзеў па базе дадзеных, што грамадзянін літаральна некалькі месяцаў таму папярэджваўся за падобнае правапарушэнне. У выніку быў выпісаны штраф. Нагадаю, што максімальнае пакаранне прадугледжвае спагнанне да чатырох базавых велічынь (паўторна — да 8 БВ).

Падчас нашага «дзяжурства» на вуліцах горада падобныя парушальнікі не трапіліся. Усе, хто перавозіў малых пасажыраў, абавязкова выкарыстоўвалі дзіцячыя крэслы або бустэры. Галоўнае, што бацькі пагаджаліся з карысцю такіх прыстасаванняў. Напрыклад, мама Вольга, якая вязла двух малых з дзіцячага садка, абгрунтавала перавагі тым, што падчас кіравання ёй не трэба адцягваць увагу і прымушаць гарэз смірна сядзець, а не скакаць па салоне.

— Я поўнасцю канцэнтруюся толькі на сітуацыі на дарозе, не гляджу, што робіцца на заднім сядзенні,— зазначыла жанчына.

Падобныя словы мы чулі і ад іншых кіроўцаў. Тата Аляксей, калі вязе сваю дачку на заднім сядзенні, не клапоціцца, пра тое, што давядзецца рэзка затармазіць: «Рамяні добра трымаюць малую нават пры такіх рыўках», — кажа ён.

Таксама старшы дзяржаўтаінспектар у рамках акцыі «Бяспечнае лета» ўручаў бацькам лістоўкі з інфармацыяй аб адказнасці дарослых за паводзіны малых на вуліцы, а таксама за знаходжанне непаўналетніх у цёмны час сутак без суправаджэння старэйшых.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.