Суббота, 12 октября 2024

Вуліца без «зебры»

341

— Менавіта так у размовах мы называем вуліцу Паркавую ў г. Пружаны. Там зроблены тратуар уздоўж праезнай часткі, але ён — на супрацьлеглым баку ад гарадскога парку. І няма ні аднаго пешаходнага пераходу, каб не перабягаць дарогу перад машынамі, а трапіць у парк, захоўваючы Правілы дарожнага руху .
Са званка ў рэдакцыю.

Чытач поўнасцю мае рацыю. У свой час на вуліцы Паркавай была абмежавана хуткасць руху транспарту з дапамогай штучных няроўнасцей. Адразу некалькі «ляжачых паліцэйскіх» перашкаджаюць вадзіцелям «ціснуць на газ», што істотна знізіла аварыйную рызыку на гэтым участку. Аднак пра «зебры» чамусьці забыліся. З паркавай зоны абсталяваны цераз агароджу два выхады, у тым ліку і той, што вядзе да дзіцячай пляцоўкі, аднак пешаходы, мінаючы плот, адразу трапляюць на праезную частку.

Мы запрасілі пракаменціраваць сітуацыю начальніка аддзялення ДАІ Сяргея Мышкевіча.


— Некалі мы атрымлівалі зварот наконт дазволу рухацца па праезнай частцы гэтай вуліцы на веласіпедзе з прапановай абсталяваць там адпаведную дарожку. Але заяўнікі атрымалі адмову з-за тэхнічных складанасцей. Справа ў тым, што шырыня дарогі ў гэтым месцы складае ўсяго 2,8 метра, што не дазваляе адводзіць метр для веласіпеднай паласы. Таму на двухколавым транспарце там трэба рухацца толькі па тратуары. А вось наконт «зебры», на маю думку, чытач мае рацыю, таму што тратуар сапраўды зроблены на адваротным баку і патрапіць у парк бяспечна немагчыма. Каб тратуар быў уздоўж паркавай агароджы, то можна было пераходзіць праезную частку на пачатку вуліцы і па тратуары дайсці да ўваходу.

Начальнік дарожнай інспекцыі раёна дапускае магчымасць зрабіць пешаходны пераход на гэтай вуліцы ў зоне аднаго з двух уваходаў у парк. Зараз вывучаецца тэхнічная магчымасць для таго, каб на бліжэйшым пасяджэнні камісіі па бяспецы дарожнага руху райвыканкама дасканала разгледзець сітуацыю з канкрэтным абмеркаваннем магчымых варыянтаў рашэння. Камісіяй таксама будзе разгледжана пытанне з яшчэ двума несанкцыянаванымі ўваходамі ў парк — у раёне аўтадрома. Гэта тэрыторыя павінна быць закрыта з забаронай доступу. У прыватнасці, трэба аднавіць выламаны пралёт агароджы, а таксама адрамантаваць уязныя вароты.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік