
Семінар-нарада на тэму «Арганізацыя работы па ўзнаўленні статка і захаванасці пагалоўя буйной рагатай жывёлы» прайшоў на мінулым тыдні на базе ААТ «Мурава».
Наш раён у асноўным сельскагаспадарчага накірунку. Кожнае з трынаццаці сельгаставарыстваў мае свае фермы і комплексы, дзе ўтрымліваюцца дойныя каровы, маладняк і цяляты. Ім патрэбны належны догляд, рацыянальнае кармленне, прафілактыка розных хвароб, своечасовае лячэнне… Канечне, не на апошнім месцы і настрой, з якім работнікі будуць ісці на працу, і жаданне рухацца толькі наперад, не баяцца новага, не грэбаваць напрацоўкамі сваіх калег.
У канчатковым выніку ўсё вышэйпералічанае прывядзе да прадукцыйнасці дойнага статка, захаванасці маладняку і паўплывае на фінансавую стабільнасць гаспадаркі.
Пра гэта і многае іншае гаварылася падчас мерапрыемства на тэрыторыі МТК «Мурава», якое адкрыў першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Глушко. Сяргей Аляксандравіч папрасіў прысутных галоўных заатэхнікаў і ветэрынарных урачоў сельгаставарыстваў прыняць самы жывы ўдзел у семінары, задаваць пытанні, калі трэба, адстойваць сваю думку. Бо праблемы ёсць і іх трэба выкараняць, само па сабе нічога не зробіцца: ні прыплод не павялічыцца, ні карова сябе не палечыць.
Намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Уроніч пажадаў усім плённай працы і пазнаёміў з тымі пытаннямі, якія будуць разглядацца.

Нарада праходзіла ў форме экскурсіі па комплексе, падчас якой дэманстраваліся разнастайныя віды кармоў і дабавак, медыцынскія прэпараты для папярэджання хвароб і лячэння БРЖ. А своеасаблівым гідам для калег стаў намеснік дырэктара ААТ «Мурава» па жывёлагадоўлі Уладзімір Асіпчук. Па словах спецыяліста, гаспадарка налічвае 1567 галоў дойнага статка. Дадзены комплекс замкнутага тыпу, сёлета тут дамагліся сярэдняга дзённага надою ад каровы ў 21,5 літра. Гэтага немагчыма было б дасягнуць без збалансаванага рацыёну, у якім прысутнічаюць мел, сода, кукуруза, збожжавыя культуры, сілас. Пад кантролем знаходзіцца і вага кароў: не павінна быць у іх атлусцення, бо тады чакаць вялікага малака не трэба. Вялікая ўвага надаецца і такому працэсу, як цяленне каровы і пасляродавы догляд, адпойванне цялят малодзівам адпаведнай тэмпературы.
Адным словам, у гаспадарцы галіна жывёлагадоўлі пад пільнай увагай кіраўніцтва, на рэзультат працуюць і работнікі фермаў і комплексаў.
Многа слушных парад на семінары даваў Сяргей Глушко. Праблем не трэба баяцца, адзначыў ён, іх аператыўна выкараняем. Калі нешта пайшло не так — значыць, няправільны шлях выбралі, мяняем тактыку. Не пакідаем па-за ўвагай дзяленне кароў па прадукцыйнасці, адсюль выцякае і іх адпаведнае кармленне. А адзін з накірункаў да павышэння надояў — камфорт, любая жывая істота любіць ласку, цёплае слова.
Калі вярнуцца да кармоў, то павінна захоўвацца іх правільная закладка ў траншэі. Для гэтага наладжваецца цесная сувязь з аграна-мічнай службай. Калі хочам дамагчыся якасці — самі кантралюем закладку раніцай і вечарам.
Толькі сумеснымі намаганнямі можна выйсці на станоўчы вынік, а не пры любой магчымасці перакідваць пралікі на плечы другога. Калечацца каровы? Дык звярніце ўвагу на нарэзку падлогі, не закрывайце вочы на абрэзванне капытоў. Цяжка ўсё кантраляваць, тады як выйсце — згуртаваць вакол сябе ўсіх жывёлаводаў і працаваць без грубых хібаў.
Начальнік аддзела па незаразных хваробах Пружанскай раённай ветстанцыі Наталля Гуйда давяла да ведама прысутных, як павінна быць арганізавана работа ў сухастойны перыяд. Расказала і пра прафілактыку і лячэнне шэрагу захворванняў у адпаведнасці з комплекснымі пратаколамі. Быў таксама разгледжаны алгарытм дзеянняў ад запуску кароў да ацёлу.
Штучнае асемяненне кароў і цялушак на сучасных малочна-таварных комплексах — тэма выступлення дырэктара племянной станцыі па Пружанскім раёне Мікалая Цэвана. Спыніўся Мікалай Міхайлавіч і на дыягностыцы даследаванняў ранняй цельнасці БРЖ па малацэ, паточнасці асемянення цялушак.
Карыснай інфармацыі было дадзена вельмі многа. Хацелася б, каб кожны спецыяліст на сваім месцы яе выкарыстаў, стаў прыкладам для астатніх у дасягненні высокіх паказчыкаў як ва ўзнаўленні статка і захаванасці пагалоўя БРЖ, так і ў якасці і надоях малака. Галоўнае сказаць сабе: я магу дасягнуць многага!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік