У сераду, 2 лістапада, вучні СШ № 1 імя ЧБВА наведалі фотадакументальную выставу «Пра генацыд беларускага народа», падрыхтаваную настаўнікам гісторыі Святланай Хамчук.

Наша краіна шмат увагі надае захаванню памяці пра вайну. Гэта робіцца дзеля захавання аб’ектыўнага погляду на мінуўшчыну, умацавання спрадвечных арыенціраў нашай нацыі на мір, добрасуседскія зносіны, чэснасць. А падобныя мерапрыемствы дапамагаюць малодшаму пакаленню не забываць пра сапраўдную гісторыю нашага народа.
Сустрэча пачалася з расказу настаўніцы пра Закон «Аб генацыдзе беларускага народа». Святлана Аляксееўна апісала структуру дакумента і звярнула ўвагу вучняў на адказнасць, якая чакае чалавека ў выніку адмаўлення ім фактаў генацыду. Далей быў змястоўны аповед пра рэжым, які ўсталявалі фашысты на акупаваных тэрыторыях.
Асаблівую ўвагу вучняў прыцягнула гісторыя малой радзімы ў кантэксце вайны. Яны доўга разглядалі карту Пружанскага раёна з пазначанымі на ёй спаленымі вёскамі…
А Святлана Аляксееўна працягвала: «Калі казаць пра жыхароў Пружаншчыны, было забіта 20 тыс. чалавек, каля 5 тыс. пагнаныя за мяжу на прымусовыя работы. Вайна знішчыла 7 тыс. жылых дамоў, але што такое матэрыяльныя даброты, калі адбіраліся жыцці!»

Пастаянным напамінам пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны служаць 57 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяраў фашызму на тэрыторыі раёна. Парадавала, што дзеці з лёгкасцю пазнавалі надрукаваныя на лістах помнікі і правільна іх называлі. Нічога не будзе забыта!
Трэба адзначыць, што ў перыяд дзейнасці аздараўленчых лагераў падобныя мерапрыемствы праводзіліся ва ўсіх школах раёна.
Юлія Янушка. Фота аўтара
З карысцю быў арганізаваны восеньскі адпачынак у прышкольным лагеры ў Параслянскай школе.
Дзеці не толькі прайшлі курс вітамінізацыі і аздараўлення, але і даведаліся пра каштоўную гісторыю свайго народа. У прыватнасці, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Юрый Дронь правёў экскурсію па экспазіцыі школьнага музея «Генацыд беларускага народа», у якой выстаўлены дакументальныя звесткі, а таксама фотафакты зверстваў акупантаў на Пружаншчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Алег Сідарэнка