У апошні вясенні дзень, 31 мая, у школах адгучалі званкі, якія абвясцілі, што насталі канікулы, можна добра адпачыць, набрацца сіл, а таксама добрых ведаў. Пра гэта гаварылі падчас урачыстай лінейкі ў Шаняўской сярэдняй школе імя Міколы Засіма.
На прыгожым школьным двары сабраліся вучні, іх бацькі, педагогі. Стала добрай традыцыяй пры адкрыцці падобных мерапрыемстваў раўняцца на Дзяржаўны сцяг і разам выконваць Дзяржаўны гімн. Прыемна было чуць, як зліліся ў адзін хор галасы і дарослых, і дзяцей.
Павіншаваў ўсіх прысутных з заканчэннем навучальнага года і пачаткам канікулаў ганаровы госць — старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Мікалай Пятровіч пажадаў, каб усе правялі іх добра, з карысцю, без адмоўных прыгод.
Нядаўна сваё 70-годдзе адзначыла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Шаняўской школы Святлана Якімавец. За плячыма Святланы Аляксандраўны 44 гады педагагічнага стажу, працавала яна таксама дырэктарам школы, а 10 гадоў — старшынёй сельвыканкама. За вялікае працоўнае жыццё неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі рознай вартасці, Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Заслужаным настаўнікам СССР, мае званне «Чалавек года» Брэстчыны за 2009 год.
Вельмі цёпла пра гэтага цудоўнага педагога і неардынарную асобу адзываліся і Мікалай Кудравец, і дырэктар школы Алена Ярмашэвіч. Мікалай Пятровіч уручыў юбілярцы Ганаровую грамату Пружанскага раённага Савета дэпутатаў і букет кветак (на здымку).
І гэта былі далёка не адзіныя ўзнагароды таго дня. Дырэктар школы ўручала граматы лепшым вучням, якія праявілі сябе як у вучобе, так і ў спорце, працы і іншым.
Грашовыя прэміі ад ААТ «Шані-аграпрадукт» уручыла спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Крысціна Асіпчук. Яна адзначыла, што гаспадарка вельмі зацікаўлена, каб да іх прыходзілі маладыя спецыялісты. Прыярытэт, зразумела, — сваім ураджэнцам.
Апошні ў гэтым годзе званок прагучаў і ў іншых школах раёна. Шчаслівага і бяспечнага лета ўсім нашым школьнікам, гімназістам!
Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара
Фотаальбомы з апошняга званка ў Шаняўской СШ: https://vk.com/album-23306785_293434243 і https://ok.ru/budni/album/962084497288
Фотаальбомы з апошняга званка ў Слабудской СШ: https://vk.com/album-23306785_293434218 і https://ok.ru/budni/album/962084328840