Экалагічную акцыю па пасадцы дрэў правялі ў мінулую суботу настаўнікі, выпускнікі і актывісты пярвічкі ГА «БРСМ» Пружанскай СШ №5. Мерапрыемства прайшло ў рамках рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» і было прымеркавана да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчынай вайны.
Удзельнікі акцыі пасадзілі каля помніка лётчыкам славутага 33-га знішчальнага авіяпалка, што па вул. Пушкіна, трыццаць саджанцаў дубоў, клёнаў і бяроз. Пасадачны матэрыял прадаставіла ДЛГУ «Пружанскі лясгас».
— У мінулым годзе мы пасадзілі ялінкі каля брацкай магілы на ваенных могілках у Слабудцы. А сёлета – тут. Хай гэтыя дрэўцы стануць данінай павагі подзвігу нашых ветэранаў, а мы ніколі не пачуем выбухі бомб, толькі спевы птушак… Кожная такая акцыя – гэта выдатная магчымасць пакінуць пасля сябе прыгожы «зялёны след» у ландшафце нашага раёна, — адзначылі выпускнікі СШ № 5.
Да акцыі далучыліся таксама вучні іншых школ раёна, у прыватнасці, дзевяцікласнікі і настаўнікі Пружанскай СШ №4, якія пасадзілі каля помніка і свае дрэўцы.
Алена Зялевіч. Фота аўтара.
Завяршылася штогадовая традыцыйная добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу», якая сёлета праходзіла з 3 па 10 красавіка і была прысвечана Году народнага адзінства.
За час правядзення акцыі ў раёне было высаджана больш за 155 тысяч дрэў. Як зазначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Ірына Раманюк, былі задзейнічаны тэрыторыі ўсіх лясніцтваў Пружаншчыны — усяго каля 33 гектараў лясных плошчаў. І гэта без уліку новых пасадак, якія з’явіліся ў гарадскіх межах і паблізу ад іх: жадаючым прыняць удзел у «Тыдні» выдаваўся пасадачны матэрыял для закладкі алей, азелянення помнікаў і месцаў баявой славы.
Але далучыцца да акцыі можна было не толькі праз пасадку лесу: многія прыбіралі смецце, наводзілі парадак каля пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны, размешчаных на тэрыторыі лясных масіваў. Акрамя таго, з мэтай папулярызацыі дзейнасці лесаводаў у рамках «Тыдня лесу-2021» прайшлі экскурсіі і тэматычныя сустрэчы. Мокраўскія школьнікі, напрыклад, пабывалі ў мясцовым лясніцтве, дзе наведалі музей лясгаса, паглядзелі працэс пасадкі лясных культур, а для вучняў Кляпацкай школы была арганізавана аглядная экскурсія на дрэваапрацоўчы цэх і пелетны завод, дзе ім паказалі працэс апрацоўкі драўніны.
У выніку сёлета на Пружаншчыне да акцыі далучылася каля тысячы чалавек. Адметна, што гэта не толькі работнікі лясной гаспадаркі раёна, але і добраахвотнікі. Сярод іх вучнёўская моладзь, актывісты РГА «Белая Русь», члены БРСМ, ветэранскія аб’яднанні, работнікі сельвыканкамаў і многіх іншых арганізацый горада і раёна.
Пружанскі лясгас вельмі ўдзячны ўсім, хто неабыякавы да нашага зялёнага багацця і на працягу гэтага тыдня дапамагаў лесаводам яго прымнажаць.
Марына Вакульская.